Народный клуб национальной кухни Шумилинского Дома ремёсел стал лауреатом праздника в Миорах

Актуалии Культура

“Разынка” стала лаўрэатам абласнога свята нацыянальных культур у Міёрах
З перамогай вярнуліся са свята нацыянальных культур у Міёрах майстры народнага клуба аматараў нацыянальнай беларускай кухні “Разынка” Шумілінскага дома рамёстваў. Званне лаўрэатаў яшчэ раз пацвярджае, што самыя лепшыя стравы гатуюцца на Шуміліншчыне і частаваць гасцей смачнымі стравамі ўмеюць лепш за ўсіх шумілінцы.
Нагадаем: 21 верасня ў Міёрах прайшло абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні “Нас з’яднала зямля Беларусі”. Сёлета яно ўжо ў сёмы раз сабрала прадстаўнікоў шматлікіх нацыянальнасцей: рускіх, украінцаў, яўрэяў, латышоў, палякаў, татараў, армян, балгараў, азербайджанцаў, якія па-сяброўску жывуць побач з беларусамі на зямлі Прыдзвіння.
Для правядзення свята было абрана вельмі прыгожае месца — паўвыспа на возеры Міёрскім.
Як паведаміла рэдакцыі газеты кіраўнік народнага клуба беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” Валянціна Навіцкая, сваімі адмысловымі стравамі ўдзельнікаў свята частавалі каля двух дзясяткаў кухняў. Апроч нацыянальнай беларускай тут былі прадстаўлены руская стараверская, татарская, азербайджанская, узбекская, цыганская, яўрэйская і іншыя нацыянальныя кухні. Вядома, перамагчы на такім прадстаўнічым форуме – асаблівы гонар.
Нашы майстры скарылі шаноўнае журы на чале з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча Міхаілам Дрынеўскім не толькі самай вялікай выставай нацыянальных шумілінскіх страў “Кола святаў беларусаў”, але і арыгінальнасцю прэзентацыі, музычным суправаджэннем.
Пад кожнае каляндарнае свята – ад Нараджэння Хрыстова да Багача – была прыгатавана страва, якую ўдзельнікі “Разынкі” дапаўнялі ўдалымі прыпеўкамі. Разам з Валянцінай Навіцкай прэзентацыю ладзілі метадыст клуба Марына Прохарава, члены клуба Лілія Барадзёнак, Анатоль Міхееў, Вера Кавалёнак і Кацярына Кляцкова. Дарэчы, усе стравы былі пададзены на гліняным посудзе, зробленым шумілінскімі майстрамі-ганчарамі, згодна з рэгіянальным стылем і формамі.
Ганарова і тое, што наша “Разынка” будзе абараняць гонар Віцебшчыны на Х Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродне.
Што тут дадаць? Віншуем! Ганарымся! Жадаем новых творчых здабыткаў і перамог!
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Кацярыны КЛЯЦКОВАЙ.



1 комментарий по теме “Народный клуб национальной кухни Шумилинского Дома ремёсел стал лауреатом праздника в Миорах

  1. Заўжды здзіўляюся апантанасці і душэўнай шчодрасці гэтых людзей. Якія малайцы. Можна толькі пазайздросціць. А раз ў іх заўжды ўсё атрымліваецца, значыць, яны робяць любімую справу шчыра, бескарысна і прафесійна. Далейшых вам поспехаў на ніве адраджэння беларускай культуры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *