Шуміліна святкуе Дзень Незалежнасці

Актуалии

Шуміліна святкуе Дзень Незалежнасці

3 ліпеня Шуміліншчына адзначыла галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Будаваць будучае, памятаць пра мінулае


Галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – заўсёды адзначаецца шырока і радасна. І мы заўсёды памятаем, што гэта і дзень вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы памятаем пра бяспрыкладны подзвіг ваеннага пакалення, якое неверагоднай самаахвярнасцю адстаяла свабоду і суверэнітэт нашай краіны.
На мітынгу, які прайшоў на брацкіх могілках у шумілінскім парку, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава сказала пра бязмежную ўдзячнасць савецкім салдатам, якія загінулі дзеля жыцця будучых пакаленняў. Больш за 10 тысяч іх загінула, вызваляючы наш раён. Розных нацыянальнасцяў, з усіх куткоў вялікай савецкай краіны, яны засталіся ляжаць у шумілінскай зямлі, і наш святы абавязак – вечна памятаць пра іх подзвіг. Мы ўдзячныя ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія прайшлі праз полымя вайны, адраджалі краіну, наладжвалі мірнае жыццё.
Найлепшым помнікам героям вайны будзе квітнеючая краіна, якая развіваецца і мацнее. Наша праца павінна быць накіравана на развіццё раёна. Штогод будуюцца новыя жылыя дамы, вядзецца мадэрнізацыя і рэканструкцыя вытворчых і сацыяльных аб’ектаў, адзначыла Ірына Мікалаеўна. Вось і сёлета ў раёне адкрылася пасля рамонту неўралагічнае аддзяленне цэнтральнай бальніцы і яе рамонт працягваецца, завяршаецца ўзвядзенне шматкватэрнага жылога дома ў Шуміліне, дзе новыя кватэры атрымаюць мнагадзетныя сем’і, уводзіцца станцыя абезжалезвання вады ў Обалі, завяршылася першая чарга капрамонту Обальскай сярэдняй школы, абноўлены гарадскі стадыён, вядзецца рамонт раённага цэнтра культуры і іншых аб’ектаў. Гэтыя прыклады паказваюць, што Шумілінскі раён развіваецца, паляпшаюцца ўмовы жыцця людзей. Прыемна, што ў развіццё раёна уносіць свой уклад кожны жыхар раёна. Ірына Мікалаеўна павіншавала ўсіх са святам, пажадала здароўя, шчасця і дабрабыту.
Як прадстаўнік сучасных беларускіх вайскоўцаў выступіў намеснік ваеннага камісара АРВК Ігар Аляксееў. Ад імя моладзі раёна слова трымалі выпускнікі-медалісты Шумілінскай СШ №1 Леў Фёдараў і Вольга Багданава.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да брацкіх могілак.

Канцэрт як падарунак ад расійскіх сяброў


З кожным днём мацнее сяброўства паміж Шумілінскім раёнам і Велікалуцкім раёнам Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пацвярджэннем гэтаму стаў і канцэрт-падарунак жыхарам раёна на галоўнае свята краіны. Лаўрэат Усерасійскіх конкурсаў заслужаны аматарскі калектыў “Вясёлка” прыехаў на Шуміліншчыну з вядомымі і любімымі песнямі, у тым ліку з рэпертуару беларускіх спевакоў. Апладысментамі сустракалі гледачы і яркія харэаграфічныя кампазіцыі.

На здымку: калектыў “Вясёлка” з Вялікіх Лук Пскоўскай вобласці разам з шумілінскімі артыстамі выконвае песню “Дзве сястры – Беларусь і Расія”.

Святочны вернісаж


Да Дня Незалежнасці Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей прымеркаваў адкрыццё выставачнай залы ў былым будынку падатковай інспекцыі. У гэты дзень там ладзілася выстава пейзажных фотаздымкаў Васіля Мясаедава – ураджэнца Шумілінскага раёна, фатографа-аматара, члена Расійскага Геаграфічнага таварыства, удзельніка і пераможцы шматлікіх прэстыжных выстаў і конкурсаў Расіі і краін СНД. На выставе былі прадстаўлены пейзажныя фотаработы, зробленыя мастаком у 2017-2018 гадах. Фотавыстава стала творчым падарункам нашага земляка сваёй малой радзіме.
На вернісажы таксама былі падведзены вынікі фотаконкурсу “Шчаслівыя разам”, праведзенага пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў. Трэцяе месца ў конкурсе падзялілі паміж сабой Інэта Пацалуйка і Вольга Барадзіна, другой стала Ірына Цвяткова, лепшымі журы прызнала сямейныя фотаздымкі Святланы Архіпавай.

Сіняя бульба добра ішла пад гучныя спевы


Як заўжды, задорным і яркім быў удзел у свяце членаў раённай рганізацыі БелТІ на чале з кіраўніком Любоўю Нагібавай. Яны прывыклі частаваць каларыйна і вельмі смачна, як і павінна быць у свята. Тут табе і клёцкі, і дранікі, і бульба “пад сцягамі”, і яна ж у збаночку – карацей, усе варыяцыі на тэму галоўнага беларускага прадукту, прапанаваныя гаспадынямі на “Бульбяным хіт-парадзе”, і пералічыць складана. Была нават сіняя бульба, якая, кажуць, надзвычай багатая на вітаміны. А калі ўсё гэта прыпраўлена яшчэ і гучнымі спевамі, то вельмі хочацца, каб хіт-парад гэты не заканчваўся. Тым больш, што на багатым стале і апроч бульбы было чым пачаставацца.

“Юны горад” –
праект з такой назвай быў прадстаўлены ў двары Шумілінскай СШ №1.


Сапраўдную творчую справаздачу трымалі выхаванцы і вучні ўстаноў адукацыі. Вершы, песні, танцы – вясёлка талентаў самых юных жыхароў раёна была вельмі яскравай, ярка дэманстравала, што Шуміліна – сапраўды юны горад, які будзе жыць і квітнець. Гледачы горача віталі юных выканаўцаў шчодрымі апладысментамі.
А потым эстафету падхапілі выкладчыкі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, прапанаваўшы юным шумілінцам самыя розныя конкурсы, спаборніцтвы, гульні, якія не толькі забаўлялі, але і вучылі, развівалі, выхоўвалі.

“Шумны базар”
разгарнуўся з самага ранку 3 ліпеня ў парку ля цэнтральнай раённай бібліятэкі Шуміліна і практычна распачаў свята горада “Родная зямля”.


Сюды з усіх куткоў раёна з’ехаўся на тэатралізаваны кірмаш “народ” – сябе паказаць,  іншых паглядзець, адзін тавар прадаць, другі купіць. Сапраўды, чаго тут толькі не было! Такога хараства, такіх прысмакаў і ўсялякага дабра можна пабачыць толькі ў такія святочныя дні!
Трэба сказаць, што ўдалося сельсаветам і іх памочнікам-сябрам здзівіць людзей, парадаваць падрыхтаванай тэатралізацыяй. Практычна цалкам каляндарны абрадавы год паказалі гасцям галоўныя героі кірмашу: Лаўжанскі сельсавет пачаў з “Каляднага гасцінца”, Дабейскі прадоўжыў “Масленічным тыднем”, “Велікоднай скарбонкай” частаваў Каўлякоўскі, у “Траецкую Слабаду” запрасіў Мікалаеўскі, на “Пятроўскі Двор” – Светласельскі, на “Шчодрую восень” – Сіроцінскі сельсаветы. Шумным “Цыганскім кірмашом”, дакладней, барахолкай, пацешыў Обальскі сельскі Савет, адвесці душу ў шчодрай старажытнай “Карчме” запрасіў Мішневіцкі. Выставай “Карагод святаў” дапоўніў “Шумны базар” Дом рамёстваў.
Свята ўдалося!

У святочнай праграме – актыўны адпачынак


Багата спартыўных спаборніцтваў прайшло на Дзень Незалежнасці. Кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў спартыўных стартах, тым больш, што арганізатары прапанавалі віды спорту на любы густ.
Самыя дужыя ўдзельнічалі ў “Сілавым экстрыме”. У гіравым спорце перамог Іван Маскалькоў з РАНС,  далей за ўсіх штурхануў бервяно выратавальнік Дзмітрый Бяззубенка, з шынай хутчэй за ўсіх справіўся Андрэй Бяззубенка з ПМК-70.
Найбольшай папулярнасцю сярод гледачоў карысталіся спаборніцтвы па жыме лежачы, у якіх бралі ўдзел чэмпіён Беларусі сярод ветэранаў  кіраўнік ПМК-70 Аляксей Крыўко і чэмпіён Беларусі сярод моладзі майстар ПМК-70 Арцём Рысаўцаў. Шумілінскія асілкі паказалі яркую і бескампрамісную барацьбу. Арцём Рысаўцаў з вынікам у 185 кг заняў другое месца. Перамог жа Аляксей Крыўко, які выжаў 190 кг.
Па выніках усіх спаборніцтваў перамагла ў “Сілавым экстрыме” каманда ПМК-70.
Сем каманд змагаліся за перамогу ў спаборніцтвах па футболе, якія прайшлі ў фармаце 6х6.  Перамаглі мікіціхінскія футбалісты.
Спаборніцтвы па паркавым валейболе з-за капрызаў надвор’я прайшлі ў спартыўнай школе. Але ад гэта вастрыня барацьбы не згубілася і ўсе матчы прайшлі ў напружанай барацьбе. Перамогу святкавала каманда “Моладзь”.
Упершыню ў райцэнтры ладзіліся спаборніцтвы па гарадошным спорце. На старт выйшлі дзесяць чалавек. Прызавая тройка наступная: першае месца – Алег Асташонак, другое – Аляксандр Снараў, трэцяе – Сяргей Каржуеў.
Святочны рэпартаж падрыхтавалі Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Алена КАРПУШЭНКА, Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №51 ад 06.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *