Криминал. Происшествия

Происшествия

ЛЭП
З  паветранай лініі электраперадач трансфарматарнай падстанцыі ля в. Мерзлякі знялі правады, кошт якіх ацэнены на 4,4 мільёна рублёў. У гэты ж дзень з сілавога трансфарматара падстанцыі злілі 160 літраў масла. Агульны ўрон, нанесены Шумілінскаму раёну электрасетак, складае 8,9 мільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца, узбуджана крымінальная справа.
Міна
На палетках ля вёскі Пусташы работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм знайшлі мінамётную міну часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёры, што прыехалі з Віцебска, міну абясшкодзілі і знішчылі.
“Патайное” месца
У каторы раз супрацоўнікі міліцыі ўпэўніваюцца ў бяспечнасці жыхароў раёна, якія хаваюць ключ ад уваходных дзвярэй дома ў “патайное” месца. Вось і жыхарка а.-г. Башні мела звычку класці ключ у гумавыя боты, што стаялі на пляцоўцы ў пад’ездзе шматпавярховага дома. Гэтым ключом і пакарыстаўся злодзей – увайшоў у кватэру і ўкраў з серванта 3,7 мільёна рублёў. Па гарачых слядах злачынца знойдзены. Ім аказаўся жыхар Башнёў, які вучыцца ў адным з віцебскіх ПТВ. Хлопец затрыманы. Частка ўкрадзеных грошай канфіскавана і вернута гаспадыні.
Пагроза забойствам
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка в. Каравайніца з просьбай прыцягнуць да адказнасці  свайго сына. Справа ў тым, што жанчына баялася за сваё жыццё, бо сын замахваўся на яе сякерай… Узбуджана крымінальная справа па арт.186 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пагроза забойствам”.
Пажар ва Убоіне
З вёскі Убоіна патэлефанавалі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і паведамілі, што ў вёсцы гарыць дачны дом. Гаспадар у гэты час знаходзіўся па месцы жыхарства – у Наваполацку. Калі выратавальнікі прыехалі на месца здарэння, дом і хляўчук побач з ім былі поўнасцю ў агні, яны практычна знішчаны. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём  неўстаноўленай асобы. Матэрыялы для далейшага разгляду перададзены ў РАУС.
Пры развароце
На аўтадарозе Быкі-Казьяны-Обаль адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхарка г. Полацка, якая была за рулём  аўтамабіля “Форд”,  пры развароце наехала на легкавушку, якая стаяла на абочыне. Аўтамабілі пашкоджаны. Складзены адміністрацыйны пратакол. Як паказаў алкатэстар, палачанка была цвярозая. Жанчыне пагражае штраф да 0,5 базавай велічыні.
Парушэнні ПДД
У гэтым годзе супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі  выявілі 3400 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. 1400 вадзіцеляў парушылі хуткасны рэжым. 60  вадзіцеляў селі за руль у стане алкагольнага ап’янення, усе яны пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады і атрымалі штраф да 3,5 мільёна рублёў. Паўторна на працягу года за руль нецвярозымі селі 4 вадзіцелі, супраць іх узбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *