На заседании райисполкома рассмотрели вопросы энергосбережения в ЖКХ и выплаты взносов в Фонд соцзащиты

Актуалии Президент

Як зберагчы энергарэсурсы і пенсіі?
27 верасня ў вялікай зале Дома Саветаў пад старшынствам кіраўніка раёна У. П. Кураннога прайшло пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім апроч кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, службаў і ведамстваў раёна прысутнічалі таксама намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама па сацыяльных пытаннях У. У. Цярэнцьеў і намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва І. І. Яроменка.
У ходзе работы былі прааналізаваны такія важныя пытанні, як выкананне мерапрыемстваў па энергазберажэнні і эфектыўным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў у раёне і стан разлікаў па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Пытанні эканоміі энергарэсурсаў найперш адсылаюць да дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра тое, што не ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі імі выкананы, гаварыў у сваім дакладзе начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёў. Камунальнай службе пакуль не ўдалося выканаць заданне па пракладцы гібкіх поліэтыленавых і папярэдне ізаляваных труб (сёлета план, як ніколі, вялікі – 6,4 км, зроблена –2,1). Выканана 50% ад задання па абсталяванні лесвічных пляцовак спецыяльнымі эканамічнымі свяцільнікамі. Усяго ж па праграме энергазберажэння за 8 месяцаў атрымана эканоміі – 137, 9 тоны ўмоўнага паліва (15,8%). Прадпрыемства павялічыла выкарыстанне мясцовых відаў паліва, давёўшы яго амаль да 52%.  Аднак заданне (57%) не выканана.
На кацельні аграгарадка Слабада ўстаноўлены эфектыўныя катлы з механізаванай загрузкай, якія будуць працаваць на шчапе (прагучала, што да 10 кастрычніка катлы запрацуюць на поўную магутнасць). За год можна будзе эканоміць 451 тону ўмоўнага паліва. Ідуць работы па пераводу на пакватэрнае газавае ацяпленне дома па вуліцы Маладзёжнай, што дазволіць скараціць страты цяпла на 350 гігакалорый. Каб павялічыць эфектыўнасць спальвання дроў, капітальна адрамантаваны “шчапавыя” катлы на цэнтральнай кацельні, устаноўлены новыя катлы на кацельных Мішневіцкай і Мішкаўскай школ. Працягваецца ізаляцыя цеплатрас. Львіную долю страт зменшыць перакладка трасы ў Обалі. Спецыялісты ЖКГ праверылі і адрэгулявалі ўсе цеплалічыльнікі, каб кантраляваць страты цяпла на дамах. На 112%  удалося выканаць план па ўцяпленні дамоў тэрмафутрам (так зараз уцяпляецца дом ля аптэкі). Купілі спецыяльную ўстаноўку па рамонту дахаў, на якую ёсць вялікія спадзяванні. Да 15 снежня ўсе кацельні будуць забяспечаны дрывамі, запэўніў І. К. Штуро. А што тычыцца шчапы, дык наша ЖКГ  ужо даўно займаецца яе вытворчасцю самастойна – нідзе не закупляе, маючы для гэтага і неабходную тэхніку, і ўзаемаразуменне з лясгасам.  Зроблена шмат іншага па мадэрнізацыі і аднаўленні абсталявання ЖКГ, што дазволіць у далейшым эканоміць.
Але старты цеплаэнергіі па раёне складаюць 19,6%, у той час, як па вобласці – 16%. Кіраўнік раёна патрабаваў ад дырэктара ЖКГ І. К. Штуро канкрэтных прапаноў па скарачэнні гэтага разрыву. Тым больш, што ЖКГ, як ніколі, зацікаўлена ў гэтым, бо з лістапада ўсе звышнарматыўныя страты будуць аплачваць вінаватыя, а значыць, само прадпрыемства.
***
Забяспечанасць раёна ўласнымі сродкамі на выплату пенсій і дапамог складае на сёння 37,3%, бо не ўсе плацельшчыкі выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў тэрмін. Пра гэта гаварыла начальнік раённага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Т. П. Праснякова. Пратэрмінаваная запазычанасць па раёне на 1 верасня склала 15,6 мільярда рублёў. З іх 15 мільярдаў доўгу – за сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі – 96,3% ад агульнай запазычанасці. Паступленне цякучых плацяжоў за гэты год даўжнікамі раёна забяспечана на 26,3%: паступіла 2,6 мільярда ад неабходных 10. Калі б даўжнікі выплачвалі хаця б цякучыя плацяжы, то ім была б прадастаўлена адтэрміноўка-растэрміноўка па даўгах.
Таццяна Пятроўна расказала, што для паляпшэння карціны раённы ад-дзел Фонду вымушаны спаганяць узносы ў бясспрэчным парадку ці звяртацца ў гаспадарчы суд. Так за гэты год прад’яўлены 1239 плацежных патрабаванняў на разліковыя рахункі даўжнікоў і іх дэбітораў, па якіх у бюджэт Фонду паступіла 2,7 мільярда рублёў. З дапамогай гаспадарчага суда спагнаны 1 мільярд 900 мільёнаў. Але, каб пазбегнуць плацяжоў, даўжнікі ідуць на хітрасці і адкрываюць новыя рахункі. Толькі за гэты год сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна былі адкрыты 83 дадатковыя разліковыя рахункі. Усё гэта парушае правы работнікаў на пенсію і дапамогі: гады, калі прадпрыемства не рабіла выплаты ў Фонд, не залічваюцца ў стаж работы.
У ходзе абмеркавання даклада больш за ўсё прэтэнзій у кіраўніцтва раёна было да кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Прасочваецца яўная ўзаемасувязь паміж нявыплатамі ў Фонд і нізкай эфектыўнасцю работы галіны наогул. Уладзімір Пятровіч бачыць неабходнасць сустрэч спецыялістаў Фонду з работнікамі прадпрыемстваў, для таго, каб тлумачыць ім гэтую сітуацыю.
З 2006 года цягнуцца даўгі за УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Ірына Іванаўна Яроменка для таго, каб канкрэтызаваць сітуацыю, расказала, што за гэты год на пенсію з прадпрыемства пайшлі чатыры чалавекі, якім ужо неданалічана пенсія. Прычым, нават калі прадпрыемства сёння ж возьмецца плаціць па даўгах і поўнасцю разлічыцца – пераразлік гэтым людзям ніхто ўжо не зробіць. У. А. Арлоў у панядзелак жа паабяцаў разлічыцца з Фондам хаця б за гэтых работнікаў. Неяк імкнуліся патлумачыць сітуацыю і дырэктар ААТ “Лаўжанскае” В. М. Долгі, і дырэктар ААТ “АграБаравінка” Ю. А. Савіцкі, і дырэктар ПМК-70 А. Ю. Крыўко. Як правіла, прычынай нявыплат яны называюць дэбіторскую запазычанасць прадпрыемстваў. Да прыкладу, на сёння сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна вінаваты райаграсэрвісу больш за мільярд рублёў. Лаўжанскае ў даўжніках перад АграБаравінкай, ЖКГ – перад ПМК-70 – і так бясконца. Нейкае замкнёнае кола.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты рашэнні райвыканкама.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *