Молодежные экипажи Шумилинского района на жатве не отстают от опытных

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство Экономика

За штурвалам камбайнаў – моладзь
На жніўных палетках раёна рупяцца некалькі маладзёжных экіпажаў. І, трэба адзначыць, камбайнеры стараюцца, даюць фору нават вопытным механізатарам.
Напрыклад, пашанцавала КУСГП “Ульскі”: у гэтым годзе сюды пасля заканчэння Гарадоцкага каледжа прыйшлі працаваць Вадзім Барысевіч і Сяргей Бандарэнка. Вадзім родам з Мікалаева, а Сяргей з суседняй вёскі Кардон. Але хлопцы  сябруюць. Вось і вырашылі працаваць разам на адным камбайне. Тым больш, што для Вадзіма  гэта работа не ў навінку – тры сезоны адпрацаваў на камбайне з бацькам. Так што таму-сяму навучыўся.
Ужо той факт, што хлопцы выйшлі на працу раней на месяц (трэба было прыступаць з 1 жніўня),  сведчыць аб тым, што рабяты  працалюбівыя. “Працуем дружна, робім усё разам, пры неабходнасці падмяняем адзін аднаго, – расказалі хлопцы. – Умовы працы нас задавальняюць. Можам і самі адрамантаваць вузлы камбайна, бо вучыліся на тэхнікаў-механікаў”.
Другі год запар  працуюць разам на камбайне на палетках  ААТ “АграБаравінка” Дзмітрый Талдыкін  і Уладзіслаў Шыман, намалочваюць за дзень да 50 тон зерня.  Дзмітрый механізатарам у гаспадарцы амаль чатыры гады. А вось Уладзіслаў – навічок. Ён закончыў другі курс Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Будучаму інжынеру-механіку даспадобы  работа на камбайне. Кажа, што набіраецца вопыту. Ды і летні заробак – немалаважная падтрымка для студэнта.
Ёсць маладыя камбайнеры і ў некаторых іншых гаспадарках раёна. Напрыклад, прозвішча Мікалая Жыгунова з ААТ “Прыазёрны мір” занесена на раённую Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце “Герой працы”.  Мікалай, хутчэй за ўсё, у гэтым годзе будзе тысячнікам. Добра працуе на жніве Віталь Антонаў з КУСГП “Сіроцінскі” і Алег Барысевіч з ААТ “Лаўжанскае”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *