На фестивале национальных культур в Гродно Витебскую область представляла и Шумилинская районная организация ОО «Белорусское общество инвалидов»

Актуалии Общество

Шумілінцы годна прадставілі Віцебскую вобласць
Больш за тысячу ўдзельнікаў 33-х нацыянальнасцей сабраў IХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праходзіў на пачатку чэрвеня ў Гродне. Выдатна, што права прадстаўляць Віцебскую вобласць на гэтым прыгожым шматнацыянальным свяце было дадзена Шумілінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”.
Абласное праўленне таварыства аказала такі гонар шумілінцам як лепшай раённай арганізацыі па вядзенню культурна-масавай работы з інвалідамі. І нашы землякі гэты гонар апраўдалі.
Дзевяць чалавек на чале са сваім няўрымслівым і няўтомным кіраўніком Л. М. Нагібавай сталі ўдзельнікамі выставы-кірмашу народных майстроў “Запрашаем на падворкі”, свята нацыянальных кухняў Беларусі “Прапануем прысмакі на розныя смакі”. Шумілінскія сувеніры з саломкі і лазы, пірагі і караваі, прыгатаваныя членамі раённай арганізацыі таварыства інвалідаў, разышліся адразу, паехалі ў іншыя раёны Беларусі, у Польшчу, Літву, Расію.
А нашы самадзейныя артысты В. І. Барысевіч і А. Ц. Матус прама на вуліцы далі канцэрт па заяўках. Гукі баяна і звонкая песня вабілі прахожых. Ад жадаючых заказаць песню не было адбою.
І нават тое, што фестываль шчодра суправаджаўся праліўнымі дажджамі, не стала перашкодай для добрага настрою і самых прыемных уражанняў.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №45 ад 08.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *