Археологи нашли в Кордоне новые артефакты

Актуалии Край шумілінскі

А ў Кардоне зноў капалі

Навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працягваюць распрацоўку археалагічнага комплексу Кардон у Шумілінскім раёне. У ліпені там прайшоў чарговы сезон раскопак, які дазволіў вучоным зрабіць некаторыя папярэднія вывады, ці пацвердзіў мінулыя гіпотэзы.

Сяргей Дзярновіч дэманструе знойдзены бранзалет.

Навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Сяргей Дзярновіч, які сёлета ўзначальвае экспедыцыю, заўважыў, што Кардон яшчэ доўгія гады не страціць увагі да сябе з боку навуковай грамадскасці. Была б толькі магчымасць весці раскопкі. Сёлета, напрыклад, яна ёсць толькі дзякуючы студэнтам і валанцёрам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія прыехалі на раскопкі разам з выкладчыкам Віктарам Чараўко. Экспедыцыя атрымалася не такая шматлікая, як у мінулыя гады, але маладыя людзі па-сапраўднаму захапіліся справай, адчулі азарт даследчыка і рамантыку жыцця пад адкрытым небам.

Тут быў зародак горада

У гэтым годзе працягвалася даследаванне селішча-1 у аграгарадку Кардон – самага перспектыўнага, па словах Сяргея Дзярновіча, на бліжэйшы час. Адназначныя вывады пра характар помніка пакуль рабіць рана, але шматлікія цікавыя знаходкі падштурхоўваюць навукоўцаў да даволі смелых высноў.

Арабскі дырхем і бронзавы злітак, знойдзеныя падчас раскопак.

Наогул, селішча – гэта людское пасяленне, якое звычайна асацыюецца з вясковым насельніцтвам, з заняткам сельскай гаспадаркай. У Кардоне ж даследчыкі канстатуюць зусім іншы характар: “Гэта так званыя протагарадскія пасяленні – яшчэ не горад у прывычным разуменні, са сваёй структурай, органамі ўлады і г. д., але там ужо ёсць буйныя майстэрні, вядзецца апрацоўка металаў, наладжана паступленне матэрыялаў. Усе купецкія караваны замыкаюцца вось на такіх кропках.  Менавіта з пасяленняў такога кшталту ў будучым сфарміруюцца такія буйныя гарады, як Полацк і Віцебск”, – тлумачыць Сяргей Дзярновіч. Выходзіць, з аднаго боку, гэтаму месцу не пашчасціла, бо яно засталося безыменным для летапісаў, але пашчасціла археолагам – мець магчымасць даследаваць тыя слаі, якія ў вялікіх гарадах, як правіла, знішчаны.
Даследчыкі канстатуюць, што гэта быў не проста развіты гандлёвы аб’ект, дзе адбываўся абмен, тут ёсць тэхналагічная аснова, якая дазваляла рабіць тыя ці іншыя вырабы, зыходзячы з густаў мясцовага насельніцтва. “Вось гэты бранзалет, – дэманструе навуковец упрыгожанне, – магчыма, прыйшоў не як упрыгожанне, а як матэрыял для перапрацоўкі. Дарэчы, яшчэ адным пацвярджэннем развітой вытворчасці на тэрыторыі пасялення з’яўляецца знойдзены сёлета бронзавы злітак. Так паступала бронза для таго, каб у далейшым вырабляць з яе ўпрыгожанні. Летась такіх знаходак не было”.

Прыход славян у Падзвінне

Даволі сур’ёзным адкрыццём для Падзвіння з’яўляецца зафіксаваны рух славянскага элементу на гэтыя тэрыторыі. І калі раней гэты факт падаваўся выключна гіпатэтычна, на аснове нейкіх рэканструкцый, то цяпер даследчыкі пачалі атрымліваць доказную базу пад свае меркаванні. “Маркіруецца прыход славян, больш дакладна ўдалося зафіксаваць паступленне славянскіх рэчаў, дэталяў славянскага касцюма. Таксама выяўлены слой, звязаны з насельніцтвам так званай культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганаў. Зафіксаваны элементы, звязаныя са старажытнарускай культурай (10-11 стст.). І гэта ўжо не асобныя рэчы, мы бачым іх стратыфікавана – у кожным асобным слоі, – расказвае навуковец. – Са славянскім паступленнем звязаны, напрыклад, вось такія накладкі (паказвае). Яны могуць быць не толькі круглымі, але і ў форме трохвугольніка ці трапецыі”.
Пацвярджэнне з’яўлення славян ёсць і ў знойдзеных керамічных вырабах.
Абапіраючыся на характар знаходак, археолагі канстатуюць яруснасць засялення гэтай мясцовасці, робяць вывады, што на месцы Кардона некалі існаваў шматнацыянальны, шматкультурны комплекс.
Галоўныя вывады, да якіх сёлета прыйшлі навукоўцы, звязаны з  протагарадской структурай селішча-1 у Кардоне і са славянскім рассяленнем на гэтыя землі.

Добра капаецца, калі тылы прыкрыты

Студэнты і валанцёры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прыехалі на раскопкі разам з выкладчыкам Віктарам Чараўко (чацвёрты злева).

Археолагі адзначылі, што ў Шумілінскім раёне былі створаны самыя камфортныя ўмовы для работы. “Добра працаваць і займацца толькі раскопкамі, калі пытанні арганізацыі быту, забеспячэння і нават бяспекі прыкрытыя”, – удзячнасць у адрас Шумілінскага райвыканкама і КУСГП “Ульскі” выказаў Сяргей Дзярновіч.
У наступным годзе даследаванне археалагічнага комплексу Кардон абавязкова будзе працягнута.
Даследаванні Кардона – гэтага ўнікальнага археалагічнага аб’екта, які сёння называюць сапраўднай сенсацыяй у навуцы, – вядуцца ўжо трэці год. Комплекс Кардон, які ўключае гарадзішча, два селішчы і курган, адсылае сучаснікаў да эпохі вікінгаў і з’яўляецца на сённяшні дзень самым інфармацыйным гістарычным помнікам не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Усходняй Еўропы. Знойдзеныя ў ходзе раскопак артэфакты дазваляюць рабіць упэўненую заяву пра тое, што гэта мясцовасць з’яўляецца раннім пунктам шляху “з вараг у грэкі”.
Дарэчы, археалагічны комплекс Кардон трапіў у топ-10 адкрыццяў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных даследаванняў за 2016 год.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №58 ад 31.08.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *