Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Лес
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася кіраўніцтва ААТ “Віцебскдрэў”: у лясным масіве непадалёк ад Далуева з дзялянкі ўкралі 30 метраў кубічных дзелавой драўніны, што належыць прадпрыемству. Урон складае больш за тры мільёны рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Недысцыплінаванасць
Жыхар Мікіціхі, які ў мінулым годзе быў асуджаны за крадзеж да трох гадоў абмежавання волі  без накіравання ў выканаўчую ўстанову адкрытага тыпу,  сістэматычна ўхіляўся ад адбывання пакарання, не з’яўляўся па ўстаноўленых днях у крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Капуста
Пацярпеў жыхар Обалі: з яго гаспадарчай пабудовы збілі навясны замок і ўкралі бензапілу. Злодзеі прыхапілі з сабой і каля дваццаці кілаграмаў капусты. Крадзеж раскрыты, яго здзейсніў непрацуючы і раней судзімы жыхар Обалі. Бензапіла знойдзена і будзе вернута гаспадару. Месца знаходжання злодзея высвятляецца.
Заробкі
Ураджэнец Мікіціхі яшчэ ў мінулым годзе паехаў на заробкі ў Архангельск. Але ніякіх звестак не падаваў. Самастойна родныя не змаглі высветліць яго месцазнаходжанне, вось і звярнуліся ў міліцыю. Па факту без вестак прапаўшага ўзбуджана крымінальная справа.
Аліменты
Жыхар Шуміліна павінен быў выплачваць аліменты на выхаванне дзесяцігадовага сына ў памеры 25% ад усіх відаў заробку. Але мужчына ігнараваў рашэнне суда, дапусціў запазычанасць па аліментах больш за тры месяцы. Узбуджана крымінальная справа.
Лазня
Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выехалі на тэрміновы выклік – гарэла лазня. Жыхары райцэнтра, што ўбачылі пажар, своечасова набралі 101, лазню ўдалося выратаваць. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў мантажу электраправодкі.
Дэкада
Згодна з распараджэннем  абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях у нашым раёне з 20 па 29 кастрычніка праводзіцца дэкада па праверцы жылога сектара на захаванне правілаў пажарнай бяспекі. У мерапрыемстве задзейнічаны не толькі выратавальнікі, але і супрацоўнікі РАУС, работнікі аддзела адукацыі, тэрытарыяльнага Цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца недобранадзейным сем’ям, адзінока пражываючым і састарэлым людзям, правяраецца спраўнасць пячнога ацяплення і электраправодкі.
Опубликовано в №82 от 22.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *