Имя его отца носит шумилинская школа

Актуалии Общество

Яму 73, а Адэса – горад няблізкі…
Не першы раз прыязджае на Шуміліншчыну сын лётчыка А. І. Дубасарскага Уладзімір Анатольевіч. Прыязджае па вельмі важкай нагодзе: яго бацька загінуў на шумілінскай зямлі падчас вызваленчых баёў 6 лютага 1944 года. Прыязджаў з сям’ёй у тыя далёкія 60-ыя гады, калі побліз вёскі Крупчына, побач з Шумілінам, былі знойдзены астанкі лётчыка і рэшткі ягонай баявой машыны.
З тых 60-х візіты ў Шуміліна Уладзімір Анатольевіч не спыняе. Праўда, як прызнаўся  ён сам у час вераснёўска-кастрычніцкага прыезду,  тады, калі і здароўе было, і часу вольнага ставала, чамусьці прыязджаў радзей. Зараз раз на два гады, а то і штогод. Што ні кажыце, а  яму неўзабаве будзе 73 гады, а Адэса – горад няблізкі…
На гэты раз прыехаў У. А. Дубасарскі на чатыры дні. “Гэта добра, – прызнаўся з лёгкім адэскім гумарком шаноўны госць. – Надыхаюся брацкім беларускім паветрам уволю”.
Адразу ж кіраўніцтва Шумілінскай сярэдняй школы № 2,  якая носіць з нядаўняга часу імя А. І. Дубасарскага,  падключыла госця да ваенна-патрыятычнай работы. Уладзімір Анатольевіч ветліва згадзіўся выступіць перад вучнямі школы ў сценах бібліятэкі мікрараёна СШ № 2, у школе перад вучнямі і настаўнікамі, завітаў з гурткоўцамі, якія асвойваюць журналісцкія азы з выкладчыкам П. І. Гусаковым, у рэдакцыю раённай газеты “Герой працы”, дзе мы і запісалі інтэрв’ю з У. А. Дубасарскім.
У сённяшнім нумары газеты чытачы пазнаёмяцца з нататкамі, напісанымі нашымі  няштатнымі карэспандэнтамі: намеснікам дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы раёна Маргарытай Скуратавай і вучаніцай 11 класа СШ № 2 Вікторыяй Озеравай. А ў бліжэйшых нумарах газета мяркуе змясціць успаміны адэскага госця, які распавёў шмат новага з жыцця бацькі, расказаў пра ягоныя захапленні, пра тое, як збіраў па драбінцы ўспаміны матулі, сяброў і блізкіх. Успаміны ўсіх кранулі, глыбока ўразілі. Расказ У. А. Дубасарскага, запісаны на дыктафон, можна з часам вывесці на цвёрды дыск з тым, каб голас сына лётчыка-героя А. І. Дубасарскага доўгія гады гучаў  ў  школьным музеі СШ № 2.
“Не вярнуўся з бою”
У бібліятэцы “Дабееўскі Мох” на сустрэчу з сынам лётчыка А. І. Дубасарскага, які загінуў  бліз вёскі Крупчына, сабраліся вучні СШ № 2. Шаноўны адэскі госць расказаў пра свайго бацьку, пра сваё ваеннае і пасляваеннае дзяцінства, пра службу ў арміі.
Дзеці задавалі госцю шмат пытанняў, нярэдка – наіўных, затое шчырых. Затым перад У. А. Дубасарскім яны выступілі з чытаннем вершаў на ваенную тэматыку.
Да сустрэчы была падрыхтавана выстава “Не вярнуўся з бою” – пра лётчыка-героя А. І. Дубасарскага, складзеная  з газетных артыкулаў розных гадоў.
Адна з вуліц мікрараёна носіць імя Дубасарскага  даўно. Аднак толькі з наданнем імені героя мясцовай школе, з “прыходам” да дзяцей, да ўсіх нас жывога, а не нейкага міфічнага героя вайны  можна гаварыць пра тое, што ў памяці шумілінцаў імя яго застанецца навечна.
Маргарыта СКУРАТАВА.
Сустрэча ў рэдакцыі
Вось ужо паўгода наша школа носіць імя  А. І. Дубасарскага, які гераічна загінуў, вызваляючы Шуміліншчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучні школы не раз сустракаліся з сынам легендарнага героя. Сёлетні прыезд Уладзіміра Анатольевіча Дубасарскага быў разлічаны на чатыры дні. Таму пасля сустрэч у нашай школе члены гуртка “Юныя журналісты”, які вядзе ў школе П. І. Гусакоў, разам з У. А. Дубасарскім накіраваліся ў рэдакцыю раённай газеты “Герой працы”.
У кабінеце намесніка галоўнага рэдактара  У. А. Дубасарскі расказаў пра свайго бацьку. Расказ нам вельмі спадабаўся і наогул наш госць аказаўся вельмі цікавым апавядальнікам.
У канцы сустрэчы намеснік галоўнага рэдактара газеты, пісьменнік М. А. Мароз падарыў шаноўнаму госцю сваю кнігу “Папялішча – не тлен”, прысвечаную Обальскаму падполлю ў гады вайны, падзякаваў яму за змястоўны  і павучальны  расказ.
Вікторыя ОЗЕРАВА.
Падрыхтаваў у друк Мікалай ШОСТАК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *