Старейшина в деревне – тот же хозяин в доме

Общество

А. М. Корсакова, старейшина д. Приозёрная

Старэйшына – той жа гаспадар у доме
Калі на тэрыторыі сельсавета больш за тры дзесяткі вёсак, іх і за дзень не аб’едзеш. Вось тут на дапамогу старшыні сельвыканкама  і прыходзяць старэйшыны – іх 23 чалавекі на тэрыторыі Дабейскага сельсавета.
“Старэйшына ў вёсцы – той жа гаспадар у доме, – гаворыць старшыня Дабейскага сельвыканкама Ірына Іванаўна Шалахава. – У рабоце мне вельмі дапамагаюць. Пастаянна знаходзімся на сувязі, многія пытанні вырашаем адразу, у рабочым парадку”. Добра, калі на паса-дзе старэйшыны чалавек ініцыятыўны. Менавіта такім аддаюць перавагу вяскоўцы. Як, напрыклад, Уладзіміру Пятровічу Нікіценку з Гародна. Ён не толькі вырашае пытанні па прывозцы дроў і асвятленні вуліц, але і сам бярэцца за сякеру ці пілу. Так было і летась, калі сельсавет закупіў агароджу для могілак. Уладзімір Пятровіч сабраў талаку з вяскоўцаў – ставіць агароджу выйшлі ўсе, ніхто не адмовіўся.
Вельмі актыўная старэйшына ў в. Горкі Лідзія Баніфатаўна Лаўрыновіч, нераўнадушная да праблем вяскоўцаў, часта тэлефануе ў сельвыканкам наконт рамонту дарог ці расчысткі іх ад снегу. Не саромецца турбаваць сельвыканкам і Віктар Аляксандравіч Косцераў з Сосніна. Дзякуючы яму ў вёсцы парадак: на пакінутых агародах не расце пустазелле, прыдарожныя канавы не апанаваў лазняк.
Старэйшына са стажам і ў вёсцы Куціна – Соф’я Паўлаўна Талсташова. Яна клапоціцца аб прыватных падворках сяльчан, хварэе за тое, каб здавалі яны ўсё больш малака дзяржаве. З энтузіязмам узялася шукаць наследнікаў пустуючых дамоў. І яны знаходзяцца – прыязджаюць і наво-дзяць парадак ці прадаюць дамы дачнікам.
Вельмі дапамагае вяскоўцам Уладзімір Іванавіч Скірман з Лялюг. І не толькі як старэйшына, а і як шчыры руплівы чалавек: ніколі не адмовіць, абарэ агарод вяскоўцу, на ўласным кані звозіць землякоў у лес па ягады і грыбы.
Як вядома, большасць старэйшын – людзі з  вялікім жыццёвым вопытам. А вось у Прыазёрным старэйшынай ў мінулым годзе выбралі Алесю Міхайлаўну Корсакаву. У свае крыху больш як трыццаць  гадоў яна заваявала аўтарытэт землякоў добрымі справамі. Алесю больш хвалююць пытанні навядзення парадку на вуліцы вёскі. Напрыклад, летась па яе ініцыятыве адрамантавалі дзіцячую пляцоўку па вуліцы Маладзёжнай, ля шматпавярховых дамоў разбілі новыя клумбы.
“Быць старэйшынай – вялікая адказнасць, – упэўнена Алеся Корсакава.  – Гэта пасада абавязвае быць лепшай, паказваць прыклад у працы, намерах і ўчынках. Думаю, большасць маіх добрых спраў яшчэ наперадзе. У бліжэйшы час думаем з землякамі заняцца навядзеннем парадку на вуліцах. Вельмі ж хочацца, каб у роднай вёсцы было прыгожа і ўтульна”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 19.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *