На вечере встречи выпускники Обольской СШ поделились своими воспоминаниями о школе

Образование Общество

“Авіяпалёт у дзяцінства”

Дзяцінства – чароўная краіна, з якой хочуць вырвацца дзеці, і ў якую так імкнуцца вярнуцца дарослыя.
“Авіяпалёт у дзяцінства” – менавіта пад такой назвай у мінулую суботу прайшоў вечар сустрэчы з выпускнікамі ў Обальскай СШ імя З. М. Партновай. І сапраўды, школьнікам і настаўнікам удалося стварыць атмасферу інтрыгуючага падарожжа па юбілейных выпусках. Дзякуючы цікавай праграме, вечар атрымаўся па-сапраўднаму цёплым і вясёлым.

Сваімі ўспамінамі пра школьнае жыццё падзяліліся выпускнікі розных гадоў.


Таццяна Станіславаўна Карнеева, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту  і турызму:
“Я з самымі цёплымі пачуццямі ўспамінаю пра школу. Можна сказаць, што я пра яе ніколі і не забывала. Па-першае, таму што мая прафесія звязана са школай, я непасрэдна супрацоўнічаю з тымі настаўнікамі, якія і мяне вучылі. У нас быў вельмі дружны клас, у гэтым годзе мы святкуем 30 гадоў выпуску. Наогул, школа адыграла вызначальную ролю ў выбары маёй прафесіі, бо дзякуючы нашым выдатным педагогам ужо з сёмага класа я дакладна ведала, што буду настаўнікам рускай мовы і літаратуры. І за 26 гадоў працы ў адукацыі ні разу не пашкадавала аб тым, што вырашыла звязаць сваё жыццё з педагогікай”.
Валянціна Пятроўна Талайка, урач-тэрапеўт Обальскай участковай бальніцы:
“Я скончыла школу ў 1978. Пра гады вучобы ў мяне засталіся самыя светлыя, радасныя ўспаміны. Кожны раз, гартаючы школьны альбом, адчуваю сябе зноў юнай, бестурботнай дзяўчынкай. На жаль, мы рэдка бачымся з аднакласнікамі, але такія выдатныя вечары даюць магчымасць зноў сустрэцца і ўспомніць наша дзяцінства”.
Наталля Уладзіміраўна Грачухіна, настаўнік рускай і беларускай моў Обальскай СШ :
“Кожны раз вечар сустрэчы з выпускнікамі навявае ўспаміны пра нашы школьныя гады, гэтыя ўспаміны крыху сумныя, але ў той жа час і радасныя. Я таксама вучылася ў гэтай школе  і з першага класа марыла быць настаўнікам. Раз і назаўсёды вырашыла і да гэтага часу не было ні хвіліны, каб я пашкадавала аб сваім выбары. На працягу многіх гадоў  працую выкладчыкам рускай і беларускай моў у роднай школе. Многія мае выпускнікі знайшлі сябе ў розных прафесіях, некаторыя з іх сталі настаўнікамі”.
Анатоль Фёдаравіч Катырло, юрыст (на пенсіі):
“У мінулым годзе споўнілася 60 гадоў нашага выпуску. Шмат часу прайшло з таго моманту, як я сядзеў за школьнай партай. Памятаю сваіх выкладчыкаў, а сёння на вечары я сустрэўся са сваёй настаўніцай – Таццянай Аляксандраўнай. Наогул, школа адыграла велізарную ролю і ў маім асабістым жыцці, таму што маёй жонкай стала мая аднакласніца. Сёння я ўпершыню за доўгі час пабываў на вечары сустрэчы і быў рады магчымасці ўспомніць свае даўно мінулыя школьныя гады.
Анастасія БУЧКІНА, студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *