В районной организации Белорусского союза офицеров прошло отчётно-выборное собрание

Общество

Былых афіцэраў не бывае
Справаздачна-выбарны сход члены раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” пачалі на будаўнічай пляцоўцы Свята-Мікалаеўскай царквы ў Шуміліне. Кожны афіцэр набыў імянную цэглу, якую будаўнікі адразу ж выклалі ў арку галоўнага ўваходу ў храм.
Раённая арганізацыя БСА налічвае ўсяго каля дваццаці членаў, але яна вызначаецца актыўнай дзейнасцю ў грамадскім жыцці раёна.  Афіцэры пастаянна ўдзельнічаюць ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных ваенна-гістарычным падзеям. Яны заўжды адгукаюцца на запрашэнні школ раёна і дзеляцца з юнымі шумілінцамі сваім жыццёвым вопытам, расказваюць пра баявыя падзеі, сведкамі і непасрэднымі ўдзельнікамі якіх яны былі. Члены Беларускага саюза афіцэраў з’яўляюцца ініцыятарамі многіх пачынанняў на шумілінскай зямлі, звязаных з ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі, захаваннем памяці пра абаронцаў Бацькаўшчыны. Яны прымаюць самы актыўны ўдзел у Днях прызыўніка. Менавіта пра гэта гаварыў у сваім справаздачным дакладзе старшыня раённай арганізацыі БСА палкоўнік В. І. Жандараў.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які браў удзел у сходзе, у сваім выступленні звярнуў увагу прысутных на неабходнасць актывізацыі дзейнасці арганізацыі ў святкаванні 70-й гадавіны вызвалення Беларусі. Ужо 16 лістапада гэтую дату мы пачнём адзначаць у сувязі з вызваленнем вёскі Мішневічы. Ён падкрэсліў вялікую ролю афіцэраў у выхаванні моладзі, увекавечванні памяці вайскоўцаў і пошукавай рабоце.
Абмеркаванне справаздачнага дакладу насіла дзелавы і канструктыўны характар. Гучалі канкрэтныя прапановы па паляпшэнні работы арганізацыі, выказваліся слушныя заўвагі, ідэі па актывізацыі дзейнасці раённай арганізацыі БСА. Так, палкоўнік Р. К. Юхневічус выказаў занепакоенасць тым, што святочныя мерапрыемствы на сяле падчас Дня Перамогі цяпер усё часцей ператвараюцца ў чыста школьныя, на мітынгу адсутнічаюць кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў, вяскоўцы. Капітан 2 рангу А. Л. Бычкоў прапанаваў больш актыўна працаваць са сродкамі масавай інфармацыі, каб праз газету, мясцовае радыё расказваць пра цікавыя старонкі службы афіцэраў, якія былі ўдзельнікамі важных падзей.
Г. К. Шынкевіч прапанаваў развіваць больш цеснае супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі арганізацыямі, якія  дзейнічаюць у раёне і аб’ядноўваюць былых вайскоўцаў – ваенных маракоў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, міліцыянераў і іншых.
Выказваліся прапановы пра змяненне фармату правядзення Дзён прызыўніка. Каб надаць ім больш жывасці, прапанавалі акрамя прызыўнікоў запрашаць старшакласнікаў, а таксама афіцэраў і салдат, якія служаць у арміі цяпер, каб яны расказалі будучым салдатам пра армейскую службу.
Адбылася на сходзе і цырымонія ўзнагароджання:  за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, патрыятычным выхаванні моладзі граматы атрымалі маёр С. У. Смірноў, падпалкоўнік В. А. Канашэнка, маёр У. Г. Шаршун. А старэйшыя па ўзросце члены арганізацыі – палкоўнік Р. К. Юхневічус і маёр М. Ф. Аляксеенка – атрымалі падарункі з нагоды Дня пажылога чалавека.
Адбыліся выбары актыву арганізацыі. Старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларусі саюз афіцэраў” зноў абраны В. І. Жандараў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *