Репортаж з ярмарки

Новости Общество

Хто не паспеў на першы,  прыйшоў на другі
Восеньская мазаіка кірмашу была надзвычай стракатай: зеляніна капусты, чырвань яблыкаў, аранжавы колер морквы, залацістасць зерня. У гаспадарак раёна асартымент быў той жа, як і на мінулым кірмашы, які адбыўся два тыдні таму. Чэргаў за бульбай і зернем не было, напэўна, людзі ўжо запасліся. Невялікі натоўп стаяў толькі ля грузавой машыны, што прыехала з “Ульскага” – тут ячмень прадавалі па тры тысячы рублёў за вядро, гэта вельмі танна.
Бойка ішоў гандаль з машыны райспажыўтаварыства. “Прывезлі дзве тоны капусты, – расказала прадавец. – Бачыце, ужо мала засталося, зараз яшчэ падвязуць”.
Гандлёвыя рады запоўнілі і новыя прадаўцы: трыкатаж прывезлі з “Чараўніцы”, шкарпэткі з прадпрыемства “Ада Ост”, з фабрыкі “Элкона” прапаноўвалі мужчынскі і жаночы абутак, прывезлі сваю прадукцыю з “Віцебсктэкстыльгандлю”.
Калі на папярэднім кірмашы саджанцы пладовых дрэў прадавалі толькі з гадавальніка, то цяпер прывезлі іх і садаводы-аматары з Віцебска. Прыватнікі з вёсак раёна гандлявалі мёдам. Гаспадар з аграгарадка Кардон прывёз прадаваць парасят. А народныя майстры з Віцебска і Мінска прадавалі валёнкі. Вялікія і малыя, шэрыя і каляровыя.
Адзін за адным шумілінцы падыходзілі да машын прадпрыемства “Мяска-Віт”, Віцебскага халадзільнага камбіната і ААТ “Смак”– запасаліся мяснымі вырабамі і макаронай. Многія чакалі машыны з Пастаўскага рыбгасу, але карпаў і карасёў так і не прывезлі.
Камунгас гандляваў дошкамі, агароджай і вагонкай. Прывезлі яшчэ і альхова-бярозавыя дровы – 6,4 куб. м каштавалі 430 тысяч рублёў. Дарагавата. Такая была думка і ў пакупнікоў, якія моўчкі адыходзілі. А вось гной (КамАЗ вагою 12 тон – 200 тысяч рублёў), які прывезлі з ААТ “Лаўжанскае”, раскупілі.
А наогул людзі задаволены, што сёлета ў Шуміліне прайшло два кірмашы: хто не паспеў на першы, прыйшоў на другі.
Самыя актыўныя прадпрыемствы былі ўзнагароджаны на кірмашы прызамі. Іх атрымалі райспажыўтаварыства, Віцебскі халадзільны камбінат, КУСГП “Сіроцінскі”, прыватнае прадпрыемства “Карынагандаль”, аддзел культуры райвыканкама, пладова-ягадны гадавальнік п. Самахвалавічы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Опубликовано в №82 от 22.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *