К Дню работников культуры

Актуалии Культура

Прафесія, якая жыць і не тужыць дапамагае
У гэтыя выхадныя сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, чыё прызванне — прапагандаваць нацыянальную культуру, берагчы і памнажаць творчыя здабыткі, ладзіць і дарыць святы, радаваць у шэрыя будні песнямі і сваім талентам… Сапраўды, 13 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з некаторымі работнікамі галіны культуры Шуміліншчыны – з тымі, хто адданы абранай прафесіі, працуе плённа і цікава. А чатырох з іх   яднае яшчэ адзін момант: сёлета яны адзначаюць асабіс-тыя ўрачыстыя даты – юбілеі (Л. А. Гусакова была юбілярам летась). Паколькі ўсе нашы героі жанчыны, не будзем гаварыць, якія. Бо жанчыне роўна столькі, на колькі яна сябе адчувае.

Якраз у кастрычніку споўніцца 23 гады, як Язвінскі СДК займеў дырэктара ў асобе Валянціны Арнольдаўны Пашкевіч – творчага, няўрымслівага, апантанага. Кіраўнік мясцовага клуба, ведаюць вяскоўцы, таленавітая ва ўсім: спявае, танцуе, выдатны іграе ролі. У апошні час спрабуе сябе ў жартоўным размоўным жанры. Ёй гэта вельмі падабаецца. І многія ў раёне ацанілі ўжо акцёрскі талент Валянціны Пашкевіч.
Не трэба расказваць, наколькі зараз складана арганізаваць вяскоўцаў на мастацкую самадзейнасць, а ў Валянціны Арнольдаўны памочнікаў дастаткова. Вельмі ўдзячна дырэктар клуба сваім землякам (“Асабліва дзяўчатам з вакальнай групы” – гаворыць яна) за падтрымку, разуменне і дапамогу. Гэта ўсё, прызнаецца Валянціна Пашкевіч, надае сілы і жадання рухацца ўперад.

Вопыт, веды, строгасць і дальнабачнасць. Канкрэтнасць, дакладнасць і скрупулёзнасць у рабоце. Гэта – пра галоўнага эканаміста аддзела культуры Лілію Антонаўну Гусакову, якая вось ужо 26 год адказвае за фінансы і эканамічныя паказчыкі ў раённай галіне культуры. Пры любой магчымасці не цураецца лішні раз павучыцца, у яе часта просяць парады не толькі эканамісты з раёна, а і з вобласці. Ніколі не адмаўляе.
Л. А. Гусакова ўмее знаходзіць кантакт і падыход да кожнага творчага работніка.  Заўсёды за тое, каб падтрымаць матэрыяльна плённую работу культработнікаў, каб ва ўсім быў стымул. Гэта толькі на карысць, лічыць эканаміст, асабліва ў творчасці.
Лілія Антонаўна з’яўляецца членам народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” і пастаянным удзель-нікам гуртка лячэбнай гімнастыкі.

Сёлета ў Ніны Рыгораўны Віднікевіч да асабістага юбілею далучыўся і прафесійны – два дзясяткі гадоў, як яна з’яўляецца загадчыцай Мішневіцкага сельскага клуба. Справы ладзяцца, у клуб людзі, як старэйшага пакалення, так і моладзь, ідуць з ахвотай. Невыпадкова план па платных паслугах Мішневіцкі СК рэгулярна выконвае і перавыконвае.
Ідэй і энергіі ў Ніны Рыгораўны хапае, ёсць добрая падтрымка ў асобе загадчыцы бібліятэкі Людмілы Тарасавай, з якой часта ладзяць сумесныя мерапрыемствы. З асаблівай стараннасцю Ніна Рыгораўна рыхтуе народныя абрадавыя святы. Атрымліваецца душэўна і змястоўна.
Некалькі год таму, з прыходам аграгарадка, вясковы клуб атрымаў новую прапіску, і цяпер гэта сапраўдны культурны цэнтр, дзе цёпла і ўтульна, дзе цікава і карысна можна правесці вольны час, дзе ёсць месца ўсім і сумаваць некалі.
Валянціна Іванаўна Рудзякова, дырэктар Суравенскага сельскага клуба, у культуру трапіла, можна сказаць, выпадкова. Так распарадзіўся лёс. Па адукацыі бухгалтар, Валянціна Іванаўна больш за два дзясяткі гадоў адпрацавала ў бухгалтэрыі мясцовай гаспадаркі. Пасля таго, як гаспадарку далучылі да “Мішневіч”, бухгалтар застаўся без работы. Тады і рашыла паспрабаваць сябе на пасадзе дырэктара. Было не так страшна, бо дагэтуль Валянціна пастаянна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, спявала ў вакальнай групе. Так што ў новы прафесійны фармат упісалася арганічна.
Адзінаццаць год прайшло з таго часу. В. І. Рудзякова ніколькі не шкадуе аб перамене месца работы. Моладзь, з якой даводзіцца працаваць, зараджае энергіяй, удзель-нікі мастацкай самадзейнасці старэйшага пакалення дадаюць аптымізму. А гэта вялікая сіла ў рабоце культработніка.
Самае любімае свята ў дырэктара СК – Новы год. Да яго рыхтуецца з асаблівым натхненнем, большпрадумана і дэталёва. Хочацца, каб як мага больш людзей хоць на імгненне акунуліся ў казку.

За ўмовы работы работнікаў культуры адказвае Ніна Іванаўна Саміла. Яна – начальнік гаспадарчай групы, у яе падначаленні 8 чалавек. Радуе жанчыну, што за апошні час (а Н. І. Саміла ў культуры працуе ажно з 1978 года і перажыла розныя часы) зроблена і робіцца нямала рамонту ва ўстановах культуры, што начальства падтрымлівае ідэі кіраўніка гаспадарчай групы і знаходзіць сродкі на капітальны ці касметычны рамонт.
Каб працаваць на такой пасадзе, патрэбны арганізатарскія здольнасці, строгасць, моцны характар, дысцыпліна, уменне настроіць брыгаду на плённую работу. Усё гэта ў Ніны Іванаўны Саміла ёсць, як, дарэчы, і жаданне працаваць вынікова, рабіць умовы работы калег больш годнымі і камфортнымі.
З работнікамі культуры
гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *