Да 90-годдзя з дня ўтварэння Шумілінскага раёна. Мястэчка Сіроціна

Актуалии Край шумілінскі

Пра легенду і буйное мястэчка
Гаворку павядзём пра Сіроціна, мястэчка, якое некалі бурна развівалася і якое дало назву нашаму раёну (раён да 1961 года  існаваў як Сіроцінскі). Вядома ж, пачнём з этымалогіі назвы – чаму Сіроціна? Існуе на гэты конт адна прыгожая легенда. На месцы цяперашняга Сіроціна некалі стагнаў дрымучы бор. У бары на тым месцы, дзе стаяла царква, з’явілася дзіўная дзяўчынка, падзвіжніца і з дарам прадказальніцы. Чутка пра гэту дзяўчынку імгненна абляцела наваколле. Прыходзілі паглядзець на дзівоснае дзіця прыроды і прасталюдзіны, і памешчыкі, магнаты. Той-сёй, найбольш, вядома, з людзей без чыноў і багацця, асядалі тут, побач з гэтай сірацінкай. Такім чынам, сярод бору паступова вырастала вёсачка, межы якой  шырыліся, а людзі радніліся, абзаводзіліся сем’ямі.
Што стала з дзяўчынкай, падзвіжніцай і роданачальніцай вёскі Сіроціна,  цяжка сказаць. Можа, яна, выканаўшы свой святы абавязак, пайшла, каб не вярнуцца, а можа, што іншае. На тым месцы, дзе з’явілася гэтая дзіўная дзяўчынка-сіротка, уладальнік мястэчка Міхаіл Грабніцкі ўзвёў царкву.
Вось такая легенда. Колькі ў ёй праўды, а колькі людскога вымыслу – ніхто не ведае. Адно вядома: Сіроціна – мястэчка з глыбокай гісторыяй. Праўда, на карце Вялікага Княства Літоўскага канца 16 стагоддзя Сіроціна не адзначана. Указаны толькі такія буйныя населеныя пункты, як Чэрніца і Мосар, якія таксама, як і Сіроціна, былі размешчаны ўздоўж старой дарогі Віцебск-Полацк. Што сталася з Чэрніцай, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё,  войскі Івана Грознага спалілі яе, калі ішлі ў 1563 годзе штурмам браць Полацк. Рака ж з аднайменнай назвай і зараз існуе, праўда, яна ў эпоху меліярацыі збяднела на ваду і зараз губляецца сярод лугоў, балот ды астравоў шэрай вольхі. А некалі ж яна паіла-карміла ажно 670 чалавек, якія сяліліся на ўзбярэжжы ракі. Шкада, што той “залаты” час мінуў.
А з Мосара вёска “вырасла” ў новую назву – Мосарава. Вёска – у трох вёрстах ад Сіроціна. Яна была часткай Сіроцінскай воласці. З гістарычнай энцыклапедыі “Геаграфія царства Польскага” вядома, што ў 1741 годзе ў Мосары пражывала 266 чалавек, тут было 451 дзесяціна памешчыцкіх угоддзяў. Указана таксама, што вёска была ўласнасцю Ф. Грабніцкага, а да ўладанняў памешчыка належала і мястэчка Сіроціна, у якой ёсць і царква фонду Грабніцкіх. Такім чынам, Сіроціна ў 1741 годзе ўжо існавала  і належала Грабніцкім.
А вось царкоўны дакумент святара Іана Гнядоўскага, датаваны 24 мая 1899 года. У ім сказана: “З царкоўнага летапісу, складзенага на падставе гістарычных дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве Полацкай Духоўнай Кансісторыі, сведчыць, што ў 1699 годзе мястэчка Сіроціна, што ўжо існавала, належала памешчыку Міхаілу Грабніцкаму…”
Такім чынам, першае згадванне пра мястэчка Сіроціна адносіцца да 1699 года, і было мястэчка ва ўладанні (як і в. Мосар, в. Обаль, многія вёскі і мястэчкі на Полаччыне) магнацкага роду Грабніцкіх.
У сярэдзіне 19 стагоддзя м. Сіроціна купляе буйнейшы зямельны магнат Рэут, а ў 1870 годзе яго набывае барон Розэн,  і ажно да 1917 года сіроцінскія землі належалі гэтаму сямейству. Трэба сказаць, што ў першай палове 19 стагоддзя мястэчка развівалася маруднымі тэмпамі. Па рэвізіі 1847 года тут не пражывала і 500 чалавек. У другой палове стагоддзя вёскі і вёсачкі, якія былі побач з мястэчкам Сіроціна, “з’ехалі” ў Сіроціна, утварыўшы такім чынам буйную вёску, у якой пераважна жылі купцы і рамеснікі яўрэйскага паходжання. Па перапісе 1897 года ў Сіроціне жыло 1998 чалавек, а ў 1905-м, паводле даных вучонага-краязнаўцы А. П. Сапунова, – ужо 2150 чалавек.  Па саслоўю – адзін быў з ліку дваран і чыноўнікаў, 13 асоб духоўнага звання, мяшчан 2020 чалавек, 112 душ сялян.
У мястэчку на той час стаялі 4 мураваныя пабудовы, 848 – з дрэва, з іх жылых 276, нежылых 576. Былі тры брукаванкі. У мястэчку стаяла царква, размяшчаліся мяшчанскае ўпраўленне, тры яўрэйскія малітоўныя  школы, двухкласная царкоўнапрыходская школа. Шэсць разоў у год у Сіроціне праводзіліся кірмашы.
Антон ПАРАСКЕВІН.
Падрыхтаваў у друк Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *