Шумілінская поліўка на беразе Дзвіны

Край шумілінскі Культура

Якая смачная была наша фірменная поліўка на беразе Дзвіны!

З шумілінцаў больш за ўсіх на “Славянскім базары ў Віцебску” фестывалілі гандлёвыя работнікі – з 3 па 15 ліпеня. І ёсць меркаванне, што зараз жыхарам і гасцям Віцебска не хапае шумілінскіх прысмакаў. Бо нягледзячы на тое, што горад быў перапоўнены шашлыкамі, выпечкай і рознымі напоямі, каля шумілінскага прылаўка заўсёды была чарга. А ўвесь сакрэт у палявой кухні. Гэта мы ў Шуміліне прывыклі да яе, а ў фестывальным горадзе яна адразу аказалася ў цэнтры ўвагі, да яе выстройваліся чэргі. Ды і як не паесці гарачай духмянай поліўкі з мясам і грыбамі ўсяго за 10 тысяч рублёў, ці салдацкай грэцкай кашы з мясам за 5 тысяч!

Як расказала рэдакцыі в. а. намесніка старшыні праўлення Шумілінскага райспажыўтаварыства Вераніка Гоманава, на “Славянскім базары” нагандлявалі 130 мільёнаў рублёў. Гэта нядрэнна, лічыць Вераніка Іванаўна, хаця ў мінулым годзе было болей амаль што ў два разы. Але тут, па ўсім відаць, вінаваты крызіс, а не работнікі райспажыўтаварыства, якія вельмі стараліся. У дзень адкрыцця фестывалю, напрыклад, нашы кулінары прапанавалі запечанага труса, бараніну, яблыкі печаныя, блінчыкі з тварагом, дранікі, клёцкі “з душамі” і іншыя любімыя стравы беларусаў. Стол угінаўся! І ніхто з фестывалю не пайшоў галодны. Мае знаёмыя расказваюць: “Нагуляліся на фестывалі, ідзём па набярэжнай Дзвіны, есці захацелася, і раптам бачым – шумілінская палявая кухня. Прыйшлося пастаяць у чарзе, затое якая смачная была наша фірменная поліўка на беразе Дзвіны!”

Аліна ПЯТРОВА.

Надрукавана ў №56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *