Концерт, посвящённый Дню матери, прошёл в Шумилино

Актуалии Общество

Любоў Мікалаеўна Сабалеўская разам з меншымі дзецьмі.

“Мама, мілая мама!”
У панядзелак, 14 кастрычніка, у Шумілінскім ГДК адбылася тэатралізаваная канцэртная праграма “Мама, мілая мама!”, прысвечаная Дню маці.
Поўная зала людзей сведчыла аб тым, што гэта свята помняць і шануюць на нашай шумілінскай зямлі. Ды як жа пра яго забыцца, калі ў кожнага з нас ёсць (ці калісьці была) мама. І няважна, колькі чалавеку гадоў, яму заўсёды хочацца адчуваць матчыну любоў, цеплыню, мець параду, блаславенне, падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мікалаевіч павіншаваў жанчын з Днём маці і з Пакровам прасвятой Багародзіцы. Напэўна, не дарэмна гэтыя два святы адзначаюцца ў адзін дзень. Прасвятая Багародзіца з нябёсаў абараняе мацярок і іхніх дзяцей. Дарэчы, на шумілінскай зямлі пражывае шэсць жанчын, удастоеных шаноўнай узнагароды – ордэна Маці.
Кожны год з нагоды Дня маці ў нашым раёне ўручаюць жанчынам прэмію імя Героя Сацыялістычнай працы С. Т. Пальвінскай. Сёлета гэтай узнагароды ўдастоена загадчыца Язвінскай бібліятэкі Любоў Мікалаеўна Сабалеўская, маці пецярых дзяцей, двое з якіх – прыёмныя.
Яшчэ адна мнагадзетная маці  – Наталля Анатольеўна Балботкіна,  цялятніца ААТ “АграБаравінка” – была запрошана на ўрачыстасці да старшыні аблвыканкама А. М. Косінца. Маці траіх дзяцей стала лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай- Марчанкі.
Маці… Яе сардэчнасць, дабрыня, разуменне  заўсёды дапамагаюць чалавеку па жыцці. Няма любові, мацнейшай за мацярынскую – вось асноўны матыў першай часткі канцэртнай праграмы, што падрыхтавалі работнікі культуры і самадзейныя артысты.
***
На свяце былі падведзены вынікі раённага конкурсу “Мая зямля – мой родны дом”. Для ўручэння дыпломаў і падарункаў на сцэну паднялася старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Ірына Мікалаеўна павіншавала ўсіх жанчын са святам, падзякавала за творчае гарэнне, шчырасць і дабрыню.
Дыпломы і падарункі за ўзорны парадак і эстэтычнае ўтрыманне асабістага падворку,  за творчасць і любоў да роднай зямлі ў намінацыі “Самы лепшы сельскі падворак” уручаны Святлане і Уладзіміру Карнілавым з Амбросавіч, Ірыне і Мікалаю Лазукам з Ляжнёў, Святлане і Віктару Радкевічам з Крывога Сяла, Юліі і Анатолю Аўчыннікавым з Полькавіч, Ірыне Гоманавай і Аляксею Жыгунову з Мікіціхі, Ларысе і Ігару Барысевічам з Мікалаёва, Святлане і Мікалаю Духовічам з  Мікіціхі, Вользе і Уладзіміру Осіпавым з Обалі (дарэчы, гэта сям’я выхоўвае дваіх сваіх і дваіх прыёмных дзяцей).
За ўзорны парадак і эстэтычнае ўтрыманне асабістага падворку ў намінацыі “Самы лепшы маладзёжны падворак” дыпломы і падарункі атрымалі  Наталля і Аляксандр Баранавы з Добрына, Наталля і Міхаіл Мануйка з Пабеды, Алена і Мікалай Новікавы з Мікіціхі, Людміла і Анатоль Кавалеўскія з Добрына, Святлана і Андрэй Кахаевы з Мікіціхі.  Думаецца, што на наступны год спіс маладых сем’яў для ўзнагарод будзе намнога большы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 82 ад 18.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *