К 90-летию образования Шумилинского района. Местечко Сиротино

Актуалии Край шумілінскі

«Тут i соль, i дзёгаць тута, i ад молi ёсць атрута…»
(Працяг. Пачатак у № 81)
Цэнтральная вуліца Сіроціна напаўняецца стукам і перазвонам. І з Зарэчнай вуліцы даносіцца пастукванне – гэта прымаліся за працу яўрэі: бляхары і  чырванадрэўшчыкі, краўцы і швачкі. Прачыналася і вуліца Гаравая, сталяры і цесляры, бондары і ганчары пачыналі свой рабочы дзень.  Дасвеццем выходзілі, каб пачаць касавіцу з першымі промнямі сонца, касцы…
І ўсюды, на кожнай вуліцы, у кожным двары звінелі даёнкі. І гэты бясконцы звон і кавальскіх кувалдаў, і сталёвых кос, і даёнак на падворках быў блаславенным звонам жыцця, родным і дарагім кожнаму сэрцу.
Прыходзіла нядзеля, і жыццё ў мястэчку мянялася. Адыходзіла будзённасць. Народ адзяваў святочныя ўборы, твары ў людзей свяціліся радасцю.  Адны ішлі ў царкву, другія – на рынкавую плошчу, дзе збіраўся кірмаш.
Сіроцінскія кірмашы  былі асабліва шматлюднымі, бо збіралі яны люд з усіх навакольных вёсак і  вёсачак. Многія, хто жыў далей,  выязджалі яшчэ нацямочку, каб не спазніцца. На кірмашы кожны гандляваў, як умеў. Хто сядзеў у лаўках, хто ў палатках, а хто прама на падводах. Узыходзіла сонца, і брукаванка на плошчы пералівалася матавым святлом. Усюды крычалі: “Людзі простыя і знаўцы, падыходзь к чырвонай лаўцы, тут і соль, і дзёгаць тута, і ад молі ёсць атрута”.
У гісторыі захаваліся  звесткі пра некаторых майстроў, якія прывозілі свой тавар на кірмаш у Сіроціна.  Бліз возера Белае, што на дзве вярсты ад Слабады, жыў вядомы ў акрузе ганчар. А ў вёсцы Казаногава жыў Іван – майстар па вырабе дуг для конскай вупражы.
Прыходзілі-прыязджалі на кірмаш не толькі за таварам, а і проста сустрэць сяброў,  няхай нават пасядзець у карчме. І калі сонца ўзнімалася высока, кірмаш пачынаў спяваць, весяліцца, людзі кідаліся ў скокі.  Часта бываў на кірмашы велікан з Жарабычаў Фёдар Махноў (яго рост – 2 м 85 см). Аднак былі ў Сіроціне і свае волаты.  На адным са здымкаў за рулём аўтамабіля сядзіць, вяртаючыся з кірмашу, Іван Рыгоравіч Савельеў. Аднойчы ён вёз на кані дубы, конь не пацягнуў цяжкі воз, і тады сілач упрогся сам, сказаўшы ў апраўданне: “Я тут ледзьве цягну, а дзе ж таму каню справіцца”.
“Мястэчка Сіроціна ляжала тады на 6 галоўных вуліцах, – успамінае Ефрасіння Панкратаўна Кавалеўская. – Была тут і рынкавая плошча. На вуліцы Мішневіцкай стаяла пякарня, дзе выпякалі подавы хлеб. Ніз (под) печы ўсцілалі аерам, таму хлеб быў вельмі смачны, з водарам травы. Выпякалі пернікі, баранкі. Гэтым рамяством займаліся яўрэі, і кожны з іх выпякаў прадукцыю толькі аднаго віду, яна прадавалася злёту ў лаўках”.
На вуліцы Цэнтральнай месціўся будынак сельсавета. У мястэчку быў свой радзільны дом, дзе працаваў урач па прозвішчы Раздзер. Загадчыцай бальніцы была Насохіна.
Была ў Сіроціне свая пажарная каманда, на чале якой стаяў Аляксандр Кавалеўскі. Каманда вазіла ваду ў бочках. Сам Кавалеўскі добра іграў на скрыпцы.
Да вайны ў вёсцы месцілася сярэдняя школа, а дырэктарам быў Дубаў. Школа размяшчалася  ў трох хатах. Напрыклад, вучні пачатковых класаў вучыліся ў хаце Філата Пятровіча Цімафеева. У мястэчку працавалі дзве аптэкі, загадчыцай у адной з іх была Равека Маісееўна Пустынская.  Усе ведалі гэтую прыветлівую і добрую жанчыну. На прыём да ўрача хадзілі рэдка, часцей звярталіся да аптэкараў. Так і лячы-ліся. Стаяла ў вёсцы малочнатаварная ферма (загадчыцай працавала Фаіна Лапавухава), была шавецкая майстэрня (загадваў ёй Панкрат Маркіянавіч Каротчанка), у якой шылі хромавыя боты пад заказ. Яўрэі займаліся нарыхтоўкамі, збіралі ўтыльсыравіну. На ўсю акругу славіліся сіроцінскія бондары. Асабліва Акім Дземчанка. Жыў ён у двухпавярховым асабняку, які вылучаўся сваёй самавітасцю. Выдатнай краўчыхай была Матрона Аляксандраўна Барсукова. У Масарскага быў льнозавод. У мястэчку працавала сяльпо, якім загадваў Сяргей Каротчанка. Жыў тут і свой  шкляр – Бэрачка Лупіла, яўрэй Аба наладзіў кушнерскую арцель (па вырабе шкур).
У 1939 годзе пачалі зносіць хаты  з хутароў у цэнтр. Так забудоўваўся новы пасёлак. Зараз гэта жылыя дамы па вуліцы Герасіменкі (героя вайны, які загінуў, вызваляючы Сіроціна ад фашыстаў, пахаваны ў в. Тропіна, на брацкіх могілках).
Антон ПАРАСКЕВІН.
Падрыхтаваў у друк Мікалай ШОСТАК.
(Заканчэнне будзе).
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *