Председатель Шумилинского райисполкома провёл «прямую линию» и приём граждан

Актуалии Президент

Дзе Богу памаліцца і што рабіць з кошкамі?
На бягучым тыдні старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны правёў “прамую лінію” і асабісты прыём грамадзян.
Першай да кіраўніка раёна дазванілася даярка з Мішневіч, з хваляваннем яна паведаміла, што даяркам “урэзалі” зарплату, і кіраўніцтва гаспадаркі не тлумачыць прычыны такой нярадаснай для жывёлаводаў з’явы.
“А колькі вы доіце малака?” – запытаўся Уладзімір Пятровіч.
Жанчына ўздыхнула: “Мала”.
“Ваша зарплата робіцца на фермах і на палях, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Будзе ў вас выручка 200-300 мільёнаў, атрымлівайце іх на здароўе за вылікам падаткаў, выплат у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, электраэнергіі. А калі няма прадукцыі, адкуль узяць зарплату?”
У. П. Куранны абавязаў кіраўніка КУСГП “Мішневічы” М. Г. Цікавенку правесці вытворчы сход, растлумачыць людзям, з чаго складваецца зарплата, якія меры будуць прыняць для павышэння прадукцыйнасці вытворчасці і даходаў работнікаў.
Ухвальным жаданнем займець уласную карову падзялілася з кіраўніком раёна сям’я Бібкіных з Обалі. І муж, і жонка працуюць у “Шумілінскім райаграсэрвісе”, але дырэктар прадпрыемства адмовіў ім, не выдзеліў карову, вось і шукаюць “праўду” ў вышэйшых інстанцыях.
Дойны статак кароў і без таго скараціўся ў параўнанні з мінулым годам, таму райвыканкам супраць таго, каб гаспадаркі прадавалі кароў. З другога боку, нельга і людзей не падтрымаць, калі яны не згубілі жадання мець жыўнасць на ўласным падворку. Таму знайшлі кансэнсус: прапанавалі гаспадарам цялушку. Дырэктар “Шумілінскага райаграсэрвісу” У. А. Арлоў хоць сёння гатовы падабраць прыдатную цялушку.
Доўга гутарыў старшыня райвыканкама з жыхаркамі аграгарадка Крывое Сяло М. І. Пушкаровай і А. П. Русаковай, якія прыйшлі на прыём. Жанчыны павялі гаворку пра патрэбы душы, пра неадольнае жаданне чалавека мець стасункі з іншымі людзьмі, сустракацца, разам у малітве звяртацца да Бога. Ды толькі дзе? Няма ў Крывым Сяле такога месца.  Дык можа б будынак былой школы аддалі?
Школьны будынак прызнаны аварыйным, заявілі намеснікі старшыні райвыканкама В. В. Доктараў і А. П. Быкаў.
Але У. П. Куранны канчатковую кропку ў гэтым пытанні не паставіў. Перш чым гэта зрабіць, ён даручыў сваім намеснікам яшчэ раз выехаць у Крывое Сяло, абследаваць аб’ект. Акрамя гэтага старшыня райвыканкама даў распараджэнне правесці ў лістападзе падворны абход населеных пунктаў Крывасельскага сельсавета.
А вось члены жыллёва-будаўнічага кааператыву “Вясёлка” (іх чатырохпавярхоўка размешчана па вуліцы 70 год БССР, д 14) хацелі б мець прасторную паркоўку для машын каля свайго дома, бо ў свой час гэта не было зроблена, і зараз многія вымушаны паркаваць свае аўто на праезнай частцы.
Старшыня райвыканкама гэтую праблему ведае, яна актуальная не толькі для ЖБК “Вясёлка”. Але ўся справа ў кошце пытання. На гэты год усе запланаваныя на дарожныя работы фінансы асвоены, паведаміў ён, зроблена нямала, і яшчэ больш трэба зрабіць. У наступным годзе галоўная задача – ліўневая каналізацыя, яна запатрабуе вельмі сур’ёзных выдаткаў, але без яе далейшае развіццё райцэнтра немагчыма, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Не першы раз звяртаецца да старшыні райвыканкама У. Ф. Буракоў з вёскі Цаўі. На гэты раз ён выказаў незадаволенасць, што вечарам позна ўключаецца вулічнае асвятленне, што каровы не апрацаваны ад аваднёў, што сена яму прывезлі позна і няякаснае. Былі і іншыя пытанні: адна жанчына патрабавала замяніць вокны ў доме, другая скардзілася на суседа, які падтапляе яе ўчастак, трэцяя рытарычна пыталася: “Што рабіць з кошкамі?”…
Вядома, многія пытанні дастаткова было б абмежаваць увагай адпаведных службаў і ўстаноў, але людзі маюць права пагаварыць пра свае праблемы з кіраўніком раёна, чым многія і скарысталіся.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *