Судебный репортаж. «Взять под стражу в зале суда»

Общество

“Узяць пад варту ў зале суда”. Калі гуманізм не ідзе на карысць
Кожны, хто робіць дабро, спадзяецца ў адказ атрымаць тое ж. Вось і суддзя, як дзяржаўны чалавек, выносячы гуманны прысуд, спадзяецца, што падсудны адчувае сігнал, пададзены да яго: “Ведаем тваю сітуацыю, улічваем абставіны, спадзяемся, што больш такое не паўторыцца”. А калі сігнал застаецца не атрыманым ці калі няма наогул жадання нешта разумець, што тады?
Днямі ў адным з аграгарадкоў раёна адбылося выязное пасяджэнне суда Шумілінскага раёна, на якім разглядалася справа грамадзянкі І. Ёй ставілася ў віну “ўхіленне ад выканання пакарання” (арт. 415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). А пачыналася ўсё даволі даўно, паўтара дзесяцігоддзя таму. Тады, яшчэ пятнаццацігадовай школьніцай І. разам з сяроўкай збілі чалавека і адабралі ў яго грошы. Крымінальны кодэкс кваліфікуе ўчынак як “рабаўніцтва”. Але суд улічыў тое, што дзяўчаты яшчэ непаўналетнія, бацькі грошы пацярпеламу вярнулі. Прысуд быў гуманны: “Два гады з адтэрміноўкай выканання”.
Здаецца, урок атрыманы. Урок цяжкі, бо следства, суд, чаканне прысуду – нялёгкія маральныя выпрабаванні. Паўтараць такія іспыты нікому не пажадаеш.
Але ўрок на карысць не пайшоў. Да паўторнага злачынства ішла маладая жанчына ўпарта і мэтанакіравана: працаваць жадання не было (у свае 30 гадоў “напрацавала” каля 1 года), а тут яшчэ і “сяброўка” з‘явілася – гарэлка. “Пасябравалі” яны моцна – “алкагольны” стаж у маладой жанчыны, па яе словах, 10 гадоў. І. не працавала, піла, гуляла, перабівалася выпадковымі заробкамі, ды і маці  (дарэчы, пенсіянерка і інвалід) побач жыла. А нападпітку “тармазы” адключаліся поўнасцю, магла дазволіць лаянку, магла ўчыніць бойку.
І вось у лютым бягучага года піла разам з суседкай. Бачыла, дзе тая хавае грошы і запатрабавала пазычыць. Тая не дала. А што маладой ды моцнай перамагчы старую ды хворую. Сцягнула суседку за валасы з канапы, выцягнула ў яе 400 тысяч рублёў і 40 долараў. Зноў рабаўніцтва…
Міліцыя, краты, следства. І зноў суд праявіў гуманнасць: улічылі, што пілі разам, што грошы вярнула, што пацярпелая заяву забрала. Далі адзін год абмежавання свабоды. Трэба было змяніць лад жыцця: уладкавацца на працу, не піць, вечарам і ноччу быць дома, не з’язджаць з вёскі без паведамлення ў міліцыю. Але працавала ўсяго два месяцы – звольнілі за п’янку і прагулы. Пра тое, каб устрымацца ад гарэлкі, нават і думкі не было – піла як звычайна, гуляла дзе хацела. Правяралі, але некалькі разоў яе не было дома. Не раз учыняла скандалы з маці, той прыходзілася выклікаць міліцыю. Не аднойчы І. выносілі пакаранні: дысцыплінарная ізаляцыя на суткі, трое, дзесяць, арышт на 5 сутак. Падчас апошняй праверкі дома міліцыя застала п’яную І., якая скандаліла з маці. Папрасілі праехаць у міліцыю, а тая брыдкасловілася, супраціўлялася.
Фінал зразумелы: за парушэнне ўстаноўленых абмежаванняў, а значыць за ўхіленне ад выканання пакарання, асуджана на 1,5 года зняволення ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. “Узяць пад варту ў зале суда,” – як фінальная кропка прагучалі словы прысуду. Ёсць у прысудзе і словы пра прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці.
Так завяршыўся чарговы этап жыцця маладой жанчыны, якая не пажадала зразумець праяўленай да яе гуманнасці, не пажадала стаць на шлях нармальнага жыцця. Не пажадала жыць на волі. Цяпер прыйдзецца жыць за кратамі.
Сяргей ПАЎЛАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *