Пра што пісала “Герой працы” ў 1988 годзе

Актуалии Общество

Перабудова: як мы яе бачым
Куды пойдуць “былыя”?

Правільна, што нарэшце бяруцца за рэарганізацыю і скарачэнне апаратаў. Даўно пара. А то вельмі многа ў нас “улад” – не зразумееш нават, да каго ісці, калі пытанне якое ўзнікне: і ў райкоме, і ў выканкоме – аднолькавыя аддзелы.
Толькі хай рэарганізацыя гэтая будзе публічнай, літаральна па кожнаму скарочанаму – інфармацыю ў газеце. Мы хочам ведаць, куды перайдуць працаваць “былыя” – зоймуцца канкрэтнымі справамі на прадпрыемствах і ў гаспадарках ці ўладкуюцца ў “цёплых месцейках”, якіх у нас яшчэ хапае.
Г. МАНКЕВІЧ, сакратар камсамольскай арганізацыі райаграпрамтэхнікі.

Новая гасцініца – будзе
Хутка закінутая пакуль тэрыторыя каля райбыткамбіната (вугал вуліц Ленінская і Вакзальная) грунтоўна зменіць сваё аблічча. Тут размесціцца вялікая трохпавярховая гасцініца на 52 месцы. Работы па яе ўзвядзенню пачаліся.
Брыгада камунгасаўскіх рабочых вядзе цяпер засыпкі старой сажалкі зямлёй – рыхтуе пляцоўкі для галоўнага падрадчыка – МПМК-70. Да канца бягучага года будаўнікі намераны асвоіць тут 200 тысяч рублёў капіталаўкладанняў – палавіну агульнага кошту гасцініцы. Разам з узвядзеннем гасцініцы будзе весціся побач і будаўніцтва платнай аўтастаянкі.
В. САФОНАЎ, дырэктар раённага вытворчага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Як нас абслугоўваюць
Слабыя мускулы? Калі ласка, у чаргу!

Пішу, бо не магу больш маўчаць. Да якой пары будзе працягвацца беспарадак у Шумілінскім універмагу?
Вам, напэўна, не раз даводзілася назіраць працэс гандлю так званымі “дэфіцытнымі таварамі” ў канцы месяца. Аб якой падрыхтоўцы да сустрэчы пакупніка можа ісці гаворка: тавар прама са склада пападае ў рукі раз’юшанага натоўпу і дастаецца толькі таму, хто мацней і нахабней. Аб навядзенні парадку галава ў прадаўцоў не баліць. Ды і чаму яна ў іх павінна балець: галоўнае – прадаць. Каму, як – гэта не важна.
Свежы прыклад. У канцы ліпеня паступілі ў продаж імпартныя спартыўныя касцюмы. З 9 гадзін раніцы выстраіліся людзі ў чаргу. Чакалі аж да 13.00. І вось з’явіўся сам Лейзеровіч, старшыня праўлення райспажыўсаюза. Аб’явіў: касцюмы будуць прадавацца ў аддзеле мужчынскага адзення, прычым толькі для паўнапайшчыкаў. Але потым – без аб’явы – гэтыя касцюмы праз “чорны ход” вынеслі на вуліцу. Там іх у лічаныя мінуты расхапілі тыя, у каго мацнейшыя мускулы. Прычым без усялякага паю.
Вось вам і сацыяльная справядлівасць, вось вам і чалавечы фактар.
Вы, можа, падумаеце, што гэта – скарга радавога абывацеля, які прывык глядзець на свет толькі праз вітрыну магазіна. Але ж, прабачце, як жа яшчэ чалавек павінен на яго глядзець, як ён павінен ацэньваць рэчаіснасць, калі не праз гэтыя самыя вітрыны, праз шэраг вялікіх і малых “дробязей”. З іх, з гэтых дробязей, складваецца ўвесь наш быт, ад іх залежыць наш настрой. Менавіта па такіх дробязях, а не па газетных матэрыялах простыя людзі мяркуюць аб перабудове.
Т. КУХАРЭНКА, жыхарка г. п. Шуміліна.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *