В каждом из нас сидит собственник. Иметь своё жильё – из этой «оперы».

Актуалии Общество

Агітацыя за кааперацыю, або пра тое, чаго не хапае, каб мець сваё жыллё

Шумилинский "новый город"

У кожным з нас сядзіць уласнік. Такая ў чалавека псіхалогія: мець сваё. І ў гэтым нічога трагічнага няма, хутчэй наадварот: той, хто працуе на сябе, робіць гэта з душой і дбайна. Быў час, калі ўлады ламалі гэтую псіхалогію, стараліся прывучыць чалавека да калектыўнага. Прывучалі, але тое, што закладзена прыродай, не знішчылі.
Мець сваё жыллё — з гэтай “оперы”. Мець свой вугал, а не казённы. Тым больш, што па краіне  шырыцца жыллёвае будаўніцтва. Прыйшоў істотны рух з гэтым і ў Шумілінскі раён. На будаўнічых пляцоўках раёна “завязаны” тры прыватныя будаўнічыя фірмы і ПМК-70. Тым не менш рынак патрабуе яшчэ большага ахопу, і калі б была больш магутнай  і прыстойнай у раёне будаўнічая база, здалі б да канца 2010 года  другі кааператыўны дом у раёне СШ № 2 Шуміліна і закончылі б яшчэ адзін, які так і не пачалі, у Обалі.
Пад 1% на 40 год
Гэта, тым не менш, прэлюдыя да тэмы. Тэмы для кожнага з нас важнай, а мо і самай ключавой у жыцці. Аднак перш чым увязацца ў будаўніцтва, чалавек падлічвае і прыкідвае — ці выцягне. Бачыла, што нялёгка чалавеку будавацца, і дзяржава, і з сакавіка 2010 года ў “Беларусбанку” знізілі для малых гарадоў (да 20 тысяч насельніцтва) крэдытаванне на кааператыўнае будаўніцтва з 3 да 1% гадавых. І што важна — без папярэдняга ўзносу (а ён складаў 5% ад кошту кватэры: да нядаўняга часу для аднапакаёвай было каля 3 мільёнаў рублёў), на 40 год.
Будаваць- не будаваць
Але не кінуўся народ за жыллёвымі крэдытамі. Хацелася ў свой час, прызнаецца Л. М. Дзёмінава, якая жыве ў інтэрнаце райаграсервісу з часу яго засялення, увязацца ў кааператыў, але яе асадзіў муж. Ён працаваў некалі ў райсельгастэхніцы, меў магчымасць атрымаць кватэру ў пяці-павярхоўцы, што па вул. Кароткіна ў Шуміліне, але не склалася. Пасля гэтага дармавога жылля па сутнасці ўжо не было.
Чаму ж з 90-х так і не рашылася сям’я займець свой вугал?
— Утульна нам у інтэрнаце, — прызнаецца Любоў Мікалаеўна. — Выгадавалі тут двух сыноў. Для нас ён, быццам свая кватэра, хіба кухня адна на чатыры ці пяць гаспадароў…
Маладыя сем’і ўсё адно рызыкуюць. Ведаю аднаго “кааператара”, у якога трохпакаёвая кватэра, дык ён кінуў вазіць начальніка, перасеў у Віцебску на аўтакран і будзе мець у месяц каля двух мільёнаў. Гэта маладыя, а тыя, хто на схіле гадоў, баяцца і крэдытаў, і рызыкі.
Магчыма, той-сёй з інтэрнацкіх жыльцоў і не ведае аб банкаўскай палёгцы, хаця новыя ўмовы дзейнічаюць больш як паўгода. Тым не менш усе, з кім давялося весці гаворку па тэме, ці чулі аб новых працэнтах банка, ці ведаюць дакладна. Маладыя пераважна вырываюцца на “свой вугал” (пацвярджэнне — вызваленыя плошчы ў інтэрнаце па вуліцы Луначарскага), хаця не ўсе. У кожнага свае планы. У адных ёсць жыллё бацькоў і ім не хочацца ўвязвацца ў крэдыты, другія шукаюць асабняк з тым, каб выкупіць і быць за гаспадара, трэція… Ды ці мала варыянтаў: жыццё ж на месцы не стаіць. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. В. Дружкінай, чаргі на кааператыўнае будаўніцтва практычна няма, хаця спіс тых, хто мае патрэбу ў жыллі, на 312 чалавек (за мінусам тых, хто неўзабаве заселіцца на “Брыкеце”).
Ёсць палёгка
Кааператыўны дом ЖБК №10, што на Верхнім горадзе, узводзіўся пад ранейшыя крэдыты на 3% гадавых. Дом на 60 кватэр, панельны, а значыць, адносна танны. Меркавалася, што аднапакаёвая кватэра абыдзецца ў 58 мільёнаў, але з цягам пяці месяцаў кошт яе знізіўся на 8 мільёнаў, двухпакаёвай — больш як на 12 мільёнаў рублёў. І ўладальнік кватэры на адзін пакой стаў плаціць у банк за месяц на 65 тысяч менш. Суцешлівая навіна для жыллёвага кааператыву. Магчыма, такая палёгка прыйдзе і да ЖБК №11, што ў раёне СШ № 2 (ён па сутнасці здадзены для засялення).
А абставіць кватэру?
Новае жыллё цягне цэлы шлейф клопатаў навасёлу. Мэбля, тэлевізар, пральная машына, халадзільнік, мікрахвалёўка. Гэта ў асноўным. Дзе ж набывае навасёл усё гэта? Ці хапае яму грошай пасля таго, як усяліўся ў новую кватэру і зрабіў рамонт (у кааператыве № 10 яшчэ былі так званыя адмаўленчыя віды работ), набыць усё адразу? Далёка не кожнаму.  Па словах в. а. загадчыцы магазіна “Усё для дома”  В. П. Байдаковай, прыйшлі скідкі за наяўны разлік на 10% для тавараў, якія стаяць у магазіне ўжо больш за тры месяцы, да канца кастрычніка дзейнічаюць скідкі на 15% на тэлевізары “Віцязь”, на пральныя машыны “Атлант”, ёсць нямала іншых бонусаў. Бяруць і ў крэдыты.
Тое і па магазіну “Мэбля”. Выязджаюць, вядома, некаторыя і ў Віцебск за канапай ці мяккім гарнітурам, але часцей купляюць у Шуміліне ці пакідаюць заказ. Тут даўно і плённа працуюць з прадпрыемствам “Пінскдрэў”, з мэблевымі фабрыкамі з Асіповіч, Калінкавіч.
Так што пачынаюць навасёлы са сваіх, шумілінскіх магазінаў. Калі б не быў попыт, не мелі б у магазіне ”Усё для дома” месячную выручку ў 135 мільёнаў.
Прэтэнзіі
Чаго граху таіць, здаюцца кааператыўныя дамы з рознымі агрэхамі, хаця і падпісваюць жыльцы паперы аб адсутнасці прэтэнзій. З’яўляюцца прэтэнзіі пазней. З’явяцца яны, напэўна, і ад жыльцоў дома, што ў раёне СШ № 2. Хаця б па лесвічным маршы на вуліцы (ён быў без пандуса).
– Будуць пандусы, як без іх? – запэўніла галоўны інжынер КУП “Шумілінскае УКБ” Г. С. Барысевіч. Упраўленне, як заказчык ЖБК, і павінна адсочваць праблемы, не азмрочваць навасёлам радасны настрой.
Напечатано в №84 от 29.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *