Жатва на частных участках в Шумилинском районе подходит к завершению

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

На кожны агарод прыйдзе камбайн
Паралельна з уборкай зерневых і яравога рапсу ў сельгаспрадпрыемствах раёна камбайнеры вядуць жніво і на прыватных агародах вяскоўцаў. На тэрыторыі ўсіх сельсаветаў у пачатку гэтага тыдня працавалі камбайны.
“Усяго на тэрыторыі раёна 1066 участкаў з зерневымі, агульная плошча якіх складае 253,2 гектара, – расказала галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Таццяна Шчарбакова. – На 6 верасня было абмалочана 924 участкі з зерневымі. Па раёне засталося ўбраць 142 участкі агульнай плошчай 32,6  гектара. Устаноўлены адзіныя расцэнкі на абмалот прысядзібных участкаў”.
Першымі закончылі абмалот прыватных агародаў УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “АграБаравінка”, КУСГП “Ульскі”. “Мы таксама сёння заканчваем жніво на агародах вяскоўцаў, засталося чатыры ўчасткі – тры ў Крывым Сяле і адзін у Полькавічах, – расказала старшыня Каўлякоўскага сельсавета Таццяна Дзятлава. – У гэтым годзе 63 агароды агульнай плошчай 24 гектары ўбралі ў тэмпе. Камбайнеры мясцовай гаспадаркі заязджалі ў тыя вёскі, дзе побач з якімі ўбіралі зерневыя на сельгаспалетках. Так, напрыклад, рабілі у Духравічах – самай аддаленай вёсцы сельсавета. Па словах вяскоўцаў, яны і не чакалі так хутка ўбачыць камбайн на сваім участку. Хочацца адзначыць, што асабліва засталіся задаволенымі тыя гаспадары, чый участак з зерневымі  (усяго іх 29 агульнай плошчай 9 гектараў) знаходзіцца ў севазвороце:  змалацілі зерне, высушылі  – аніякага табе клопату”.
У мінулы аўторак, 6 верасня, поў-ным ходам убіралі зерневыя на прыватных агародах на тэрыторыі Дабейскага сельсавета. Маладога камбайнера Алега Данчанку мы сустрэлі ў Непаротах. Сюды ж прыехаў старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксандр Аляксеенка. “Засталося абмалаціць 25 агародаў у Ляжнях, Чарнецкіх, Бараноўскіх, Рускіх і Сосніне, – расказаў Аляксандр Віктаравіч. – На кожны ўчастак прыйдзе камбайн. На гэтым тыдні, калі дазволіць надвор’е,  прыватнае жніво фінішуе”.
Трэба адзначыць, што для вяскоўцаў з Непарот дзень абмалоту агародаў быў калі не святам, то вельмі значнай падзеяй. Мужчыны і жанчыны з розных канцоў вёскі на веласіпедах пад’ехалі да агарода Таццяны Голубевай – яе ўчастак убіралі першым. Пшаніца, шчыра кажучы, урадзіла не вельмі, а ў дадатак каласы нахіліліся ад моцных дажджоў і вятроў, а пустазелле актыўна кінулася ў рост і перарасло зерневыя. “На жаль, такая ж карціна паўсюль, – расказаў Алег Данчанка. – Учора нашы камбайнеры працавалі ў Дабеі і Амбросавічах, дык вяскоўцы таксама скардзіліся на невялікую ўраджайнасць. Але што зробіш –  усё адно трэба ўбіраць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 71 ад 09.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *