Коммунальные вопросы лидируют в обращениях граждан на “прямую линию” председателя райисполкома

Актуалии Президент

Два дзясяткі зваротаў да кіраўніка раёна

На “прамую лінію” да старшыні райвыканкама А. І. Снарава, якая прайшла ў мінулую суботу, звярнуліся амаль два дзясяткі жыхароў раёна, якія паставілі дваццаць два праблемныя пытанні і выказалі адну падзяку.

Дажджлівае восеньскае надвор’е вызначыла дзве даволі распаўсюджаныя праблемы: працякаючыя дахі і швы ў панэльных дамах (Обаль, вуліца Першамайская, 13 і Шуміліна, вуліца Юбілейная, 27), а таксама падтапленне падвалаў і дваровых тэрыторый (тры заявы з розных вуліц райцэнтра). Як патлумачыў дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро, які прысутнічаў у кабінеце падчас “прамой лініі”, заявак на працякаючыя дахі і швы шмат, таму пастаянна працуе брыгада, якая займаецца рамонтам дамоў і герметызацыяй швоў. Ёсць у планах камунальнікаў і гэтыя дамы, таму неабходныя работы будуць праведзены абавязкова. Дарэчы, кіраўнік раёна запатрабаваў весці гэтыя работы і ў выхадныя дні.

Што тычыцца падтопленых дамоў, то старшыня райвыканкама прызначыў час у панядзелак для выезду на месца разам са спецыялістамі, каб разабрацца з прычынамі і вызначыць неабходныя работы па іх ліквідацыі.

Таксама на месцы разбяруцца са скаргай жыхароў шматкватэрнага дома па вуліцы 40 год Кастрычніка, якім пасля ўсталявання агароджы вакол СШ №2 немагчыма прайсці да хлявоў.

Пенсіянерка з Шуміліна паскардзілася на тое, што не працуе цэнтральная лазня, а ў светласельскую лазню пажылым людзям цяжка хадзіць. Пытанне сапраўды вострае, у лазні вядзецца рамонт, але плануецца, што ўжо ў пятніцу і суботу яна прыме наведвальнікаў.

Да ліку камунальных пытанняў адносяцца і заява жыхаркі вёскі Прыазёрная па асвятленні  вуліцы, і званок з Обалі пра адсутнасць гарачай вады (І. К. Штуро патлумачыў, што згарэла помпа, новую зараз чакаюць). Пытанне па рамонце разбітай вуліцы ў вёсцы Мазекі адрасавана кіраўніцтву “АграБаравінкі” і Шумілінскага ПМС, якія вывозілі арганіку на палеткі і цяпер павінны прывесці да ладу вясковую вуліцу. Кіраўніцтва ДАІ і дарожнай службы атрымалі даручэнне разабрацца і прыняць меры, каб не разбівалася вялікагрузамі вуліца Дальняя ў Шуміліне. Адпаведным службам адрасавана пытанне пра адсутнасць асвятлення на аўтобусным прыпынку (у бок Віцебска) у аграгарадку Светласельскім.

Некалькі званкоў з Башнёў і Лескавічаў тычыліся выплаты заработнай платы. Кіраўнік раёна расказаў, што гэтае пытанне знаходзіцца на ягоным асабістым, можна сказаць, што-дзённым, кантролі. Чакалі паступленне грошай ад перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці ў канцы мінулага тыдня, цяпер разлічваюць на пачатак бягучага, тлумачыў Аляксандр Іванавіч.

Жыхарка Башнёў працуе ў райцэнтры і прасіла дапамагчы ўладкавацца ў інтэрнат. Па даручэнні старшыні райвыканкама адпаведныя службы разбяруцца і вызначаць магчымасць пастаноўкі заяўніцы ў чаргу на жыллё.

З вёскі Грудзінава паскардзіліся на непрацуючы тэрмінал у мясцовай краме, з-за якога прыходзіцца ездзіць у Обаль за наяўнымі грашыма.

Маці з Шуміліна хвалявалі чэргі ў дзіцячай кансультацыі цэнтральнай паліклінікі: з хворым дзіця на руках трэба чакаць дзве гадзіны, каб трапіць на прыём да ўрача, людзей столькі, што сесці няма дзе.

З вёскі Лескавічы маці клапацілася пра мнагадзетную сям’ю дачкі, якой далі кватэру ў новым доме ў райцэнтры, а ўсяліцца яны не могуць, бо дагэтуль не падключаны газ і вада.

Усе пытанні адрасаваны кіраўнікам адпаведных арганізацый для ліквідацыі праблем. Дарэчы, кола пытанняў, якія ставілі падчас “прамой лініі” жыхары раёна, у чарговы раз сведчыць, што калі адпаведныя службы будуць працаваць больш адкрыта і аператыўна, будуць працаваць на апераджэнне праблемных пытанняў, то скаргаў будзе менш.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Надрукавана ў №86 ад 01.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *