КВН юных пожарных прошёл в Обольском ГДК

Молодёжь Образование

Запал ад дасціпных жартаў
У мінулую пятніцу ў Обальскім Доме культуры прайшла гульня клуба вясёлых і знаходлівых сярод юных пажарных. За перамогу змагаліся каманды  падлеткаў з Обалі і Слабады (дарэчы, усе ўдзельнікі КВЗ наведваюць клубы ці гурткі пры сваіх мясцовых Дамах культуры). Мерапрыемства праходзіла ў рамках акцыі “Моладзь – за бяспеку”.
Першы конкурс гульні – творчы выхад на сцэну і прадстаўленне сваёй каманды – адразу паказаў, што барацьба будзе сур’ёзная, а журы, у склад якога ўваходзілі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста г. п. Обаль Віктар  Баганаў і спецыяліст групы прапаганды і абучэння РАНС Ларыса Лінкевіч, будзе нялёгка вызначыць пераможцу. Каманды адразу падарылі гледачам дасціпных жартаў, гумарыстычна-сур’ёзную падачу пра-вілаў бяспекі.
Далей – больш. Каманды арыгінальна расказалі пра свае эмблемы. Прадэманстравалі добрыя веды па супрацьпажарнай бяспецы ў бліц-апытанні. Зразумела, што не магло гэта шоу абысціся без груп падтрымкі. Не трэба нават і казаць, што колькасная перавага была на баку абальчан, але на сцэне падчас песеннага і літаратурнага конкурсаў балельшчыкі на роўных змагаліся (дарэчы, па выніках гэтых конкурсаў журы ў адным выпадку перавагу аддало абальчанам, а ў другім – Слабадзе).
Адзін з самых цікаўных конкурсаў – хатняе заданне. Што лепш – супрацьпажарны рэп ад Обалі альбо супрацьпажарная казка ад Слабады. Гледачам спадабалася і першае, і другое. Таму каманды сабралі пасля выступленняў багата гучных апладысментаў.
Перад заключным этапам – конкурсам агітбрыгад – на адзін бал наперад вырвалася Слабада. Але ўтрымаць сваю перавагу не змагла і, такім чынам, КВЗ юных пажарных завяршыўся нічыйным вынікам. І ад гэтага рашэння журы ніхто не застаўся ў крыўдзе, бо каманды на самой справе былі роўныя і аднолькава добра падрыхтаваныя, гледачы больш чым дзве гадзіны атрымлівалі запал ад добрых жартаў, а акрамя гэтага зноў і зноў нагадвалі для сябе  правілы пажарнай бяспекі.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *