В Шумилинском райисполкоме прошёл приём выпускников-медалистов

Главное Образование

Прэміі – медалістам, падзякі – бацькам

21 жніўня ў райвыканкаме адбыўся прыём выпускнікоў устаноў адукацыі Шумілінскага раёна, якія скончылі школу з залатым медалём, і іх бацькоў.

Нагадаем, што сёлета атэстат асаблівага ўзору і залаты медаль атрымалі дзевяць выпускнікоў – Лапавухава Дар’я і Воранаў Віталь з раённай гімназіі-інтэрната, Кузьмянок Аляксандра, Лабачоў Аляксандр, Сафонаў Данііл, Трафімава Валерыя і Філімовіч Арына з Шуміліснкай СШ №1, Фядура Антон і Рымша Ульяна з Обальскай СШ.
Сёлетнія медалісты паказалі годныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні і сталі студэнтамі прэстыжных устаноў адукацыі краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (філалагічны факультэт), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (факультэт камп’ютарнага праектавання), Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (факультэт энергетычнага будаўніцтва), Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (лячэбны факультэт), Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава (філалагічны факультэт), Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа (фармацыя).
Адкрываючы традыцыйную сустрэчу і вітаючы выпускнікоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што «залаты медаль – гэта не толькі пацвярджэнне вашай паспяховасці, працавітасці, залаты медаль – гэта ў вашым жыцці першы вышэйшы знак дзяржаўнага і грамадскага прызнання».
Ірына Мікалаеўна адзначыла, што да поспеху вучняў прыклалі вялікія намаганні настаўнікі, якія змаглі даць веды, з пачатковай школы матываваць інтарэс да атрымання ведаў, сваю падтрымку, любоў на шляху ведаў далі бацькі, якія былі заўсёды побач. Будзьце заўжды ўдзячныя сваім настаўнікам і бацькам за гэта, сказала яна.
Ірына Новікава адзначыла, што сёлета дасягнуты самы высокі вынік за ўсю гісторыю сістэмы адукацыі раёна, калі 73 працэнты ад усіх выпускнікоў (а іх сёлета было 100) сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, 59 паступілі на бюджэтную форму навучання. Гэта лепшы доказ таго, што ў нашым звычайным сельскім раёне, у нашых школах створаны ўсе ўмовы каб атрымаць добрыя веды і паспяхова іх рэалізаваць.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў павіншавала выпускнікоў з паступленнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы, выказала цёплыя пажаданні поспехаў, міру і дабра ў далейшым жыцці, уручыла імянныя прэміі раённага выканаўчага камітэта выпускнікам-медалістам і падзячныя лісты іх бацькам.
Са словамі ў адказ выступілі медалістка Ульяна Рымша і Таццяна Лапавухава, маці выпускніцы Дар’і Лапавухавай. Яны выказалі ўдзячнасць педагогам, якія працавалі на поспех вучняў, дапамагалі атрымліваць веды, выхоўвалі ў іх працавітасць, цікаўнасць да вучобы. Падзякавалі раённым уладам за стварэнне годных умоў для атрымання адукацыі, развіцця творчых, спартыўных і іншых здольнасцей.
Пасля ўзнагароджання за чаяваннем адбылася шчырая размова, у якой бралі ўдзел Ірына Новікава, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, выпускнікі і бацькі. Ірына Новікава расказала пра планы далейшага развіцця ўстаноў адукацыі Шуміліна і Обалі, падрыхтоўку райцэнтра да «Дажынак». Ірына Мікалаеўна запрасіла выпускнікоў вяртацца ў родны раён, дзе яны змогуць знайсці работу па любых спецыяльнасцях. Свае пажаданні па арганізацыі навучальнага працэсу ў школе, стварэнні ўмоў для работы, адпачынку і жыцця моладзі выказалі выпускнікі.
Ужо праз некалькі дзён былыя выпускнікі раз’едуцца па сваіх універсітэтах, для іх пачнецца студэнцкае жыццё – новае, цікавае, самастойнае. Няхай гэтае жыццё будзе для іх светлым і радасным.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №66 ад 25.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *