Гимназист Максим Бурлаков стал призёром конкурса «Лидер года»

Молодёжь Образование

Лідар  выдатных  ідэй

Дзесяцікласнік раённай гімназіі Максім Бурлакоў заняў II месца ў абласным этапе VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лідар года 2020».

Гэта дало хлопцу права паспрабаваць свае сілы ў фінале прэстыжнага

конкурсу, які праходзіў у анлайн-фармаце ў канцы мая і быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году малой радзімы.

Канкурсанты павінны былі падрыхтаваць відэаролік «Адзін дзень з жыцця лідара», самапрэзентацыю «Я і маё аб’яднанне» і сацыяльна значны праект.

Праект Максіма Бурлакова «Велаквест “Па слядах Вялікай Перамогі”» быў адзначаны дыпломам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Максім прызнаўся: яго хвалюе той факт, што моладзь усё радзей бывае на свежым паветры, а віртуальныя зносіны ўсё часцей выцясняюць жывы дыялог, імкненне да спорту і актыўнага жыцця.

– Я вырашыў выкарыстаць інтарэс падлеткаў да гульняў і прапанаваць ім паўдзельнічаць у квесце, што дазволіць не толькі  цікава і пазнавальна правесці вольны час, але і больш даведацца пра людзей, якія абаранялі нашу малую радзіму ў гады вайны, – расказвае хлопец.

Гімназіст распрацаваў сайт, дзе размясціў усю неабходную інфармацыю: афішу квеста, палажэнне і форму анлайн-рэгістрацыі. У сацыяльных сетках апублікаваў рэкламу, склаў маршрут і распрацаваў заданні.

– Квест праходзіць анлайн, таму ўдзельнікам акрамя веласіпедаў трэба мець хаця б адзін тэлефон з выхадам у інтэрнэт, – тлумачыць аўтар гульні. – Перад стартам каманды атрымліваюць логін і пароль для аўтарызацыі на сайце (у кожнай – свой акаўнт), а таксама маршрутныя лісты і спасылку на першае заданне.

Удзельнікам дазваляецца шукаць адказы на пытанні ў інтэрнэце, бо галоўная мэта – не праверка ведаў, а абуджэнне цікаўнасці да гісторыі роднага краю. Пацвердзіць знаходжанне на зададзеным аб’екце трэба, зрабіўшы і даслаўшы сэлфі. Пры правільным выкананні задання каманда атрымлівае кодавую лічбу і спасылку на наступнае. У фінале з кодавых лічбаў трэба сабраць дату і ўказаць, якая важная падзея адбылася ў гэты дзень. Перамагае каманда, якая справіцца хутчэй.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

P.S. Пакуль матэрыял рыхтавалі да друку стала вядома, што Максім Бурлакоў заняў III месца ў абласным фестывалі мабільнага кіно «24 кадры Перамогі» ў намінацыі «Дзеці вайны». Рыхтавацца да конкурсаў хлопцу дапамагала намеснік дырэктара гімназіі Вера Якубёнак.

Надрукавана ў №44 ад 09.06.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *