На заседании Шумилинского райисполкома рассмотрены вопросы социально-экономической жизни района

Актуалии Президент

На пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 28 кастрычніка, былі абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў, прааналізавана работа “Шумілінскай ПМК-70”, а таксама разгледжаны стан законнасці і грамадскай бяспекі на тэрыторыі раёна, захаванне заканадаўства аб шлюбе і сям’і.
Пасяджэнне вёў старшыня райвыканкама У. П. Куранны.

Паколькі тэма выканання параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень-верасень была агучана падчас сустрэч кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі, і газета пра гэта пісала, спынімся на іншых пытаннях.
БУДАЎНІЦТВА
Справаздача дырэктара ДКУБП “Шумілінская ПМК-70” А. Ю. Крыўко аб рабоце калектыву па выкананні праграмы будаўніцтва дазваляе меркаваць, што прадпрыемства мае ўстойлівыя пазіцыі. На 1 кастрычніка ў ПМК працуе 223 чалавекі, гэта на 10 спецыялістаў больш, чым у мінулым годзе. Уласнымі сіламі будаўнікі за 9 месяцаў выканалі падрадных работ на 20,7 мільярда рублёў, тэмп росту да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 144,2%.
Прадпрыемствам уведзены ў строй 40-кватэрны жылы дом у Шуміліне, 6 аднакватэрных дамоў у ААТ “Прыазёрны мір”, пабудаваны інжынерныя сеткі да ўведзенага жылля. Апроч таго займаліся рамонтам шэрагу жывёлагадоўчых аб’ектаў, рэканструкцыяй фізкультурна-аздараўленчага комплексу, мадэрнізацыяй даху раённай бальніцы, іншымі работамі.
Аляксей Юр’евіч паведаміў, што вытворчасць працы на аднаго працуючага павялічылася на 141,1% і склала 110 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства атрымала 1370  мільёнаў прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг).
Тым не менш гэтыя ў цэлым пазітыўныя вынікі не дазволілі прадпрыемству выйсці на планавы паказчык па зарплаце, пры заданні 5300 тыс. рублёў фактычная заработная плата склала за 9 месяцаў 4160 тысяч.
Дырэктар прызнаў, што стрымліваючым фактарам для далейшага развіцця прадпрыемства з’яўляецца высокая дэбіторская запазычанасць, а таксама адсутнасць дакладнай праграмы будаўніцтва на наступны год.
Старшыня райвыканкама не першы раз ставіць перад будаўнічай арганізацыяй задачу асваення новых відаў прадукцыі, напрыклад, тых жа пластыкавых вокнаў. Галоўнае, быць увесь час у пошуку, умець лавіць прапановы імклівага часу, нарошчваць аб’екты работ, падкрэсліў ён.
ПРАВАПАРАДАК
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі галоўную стаўку ў сваёй рабоце робіць на прафілактыку злачыннасці. Ён паведаміў, што актыўная прафілактычная работа дазволіла знізіць амаль удвая падлеткавую злачыннасць (з 15 выпадкаў у 2012 годзе да 7 сёлета), злачыннасць раней судзімых і асоб у алкагольным ап’яненні, групавых і сямейна-бытавых парушэнняў. Істотна палепшылася сітуацыя па захаванні дзяржаўнай маёмасці на сельскагаспадарчых аб’ектах – за 9 месяцаў здзейснены толькі 3 крадзяжы. Наогул, узровень злачыннасці зафіксаваны на мінулагоднім узроўні – 197 злачынстваў, як і летась.
Але не можа не трывожыць той факт, што ў два разы павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, знізілася раскрыццё злачынстваў, вельмі напружанай застаецца сітуацыя на дарогах, нездавальняючай застаецца работа з абавязанымі асобамі па прымусу іх працаваць і кампенсаваць дзяржаве сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей. Гэта тыя накірункі, над якімі міліцыі трэба працаваць перш за ўсё. І не толькі міліцыі. Больш канкрэтна гэта адзначана ў прынятым райвыканкамам рашэнні
СЯМ’Я І ШЛЮБ
Пра павышэнне прэстыжу сям’і, прапаганду сямейных каштоўнасцей, захаванне заканадаўства аб сям’і і шлюбе гаварыла  ў сваім выступленні начальнік аддзела загсу райвыканкама І. І. Кісялевіч. Яна расказала, што за студзень-верасень бягучага года аддзелам загсу і сельвыканкамамі зарэгістраваны 683 акты грама-дзянскага стану, у тым ліку 169 нараджэнняў (+5,8%), 282 выпадкі смерці, 145 шлюбаў, 63 устанаўленні бацькоўства, 15 разводаў, адно ўсынаўленне. Як паказвае статыстыка, трэць нованароджаных з’яўляецца ў няпоўных сем’ях, і гэта выклікае трывогу.
Тэму дэмаграфіі закрануў у сваім выступленні і галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў. Так, па нараджальнасці Шумілінскі раён на трэцім месцы ў вобласці (пасля Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў), знізілася і смяротнасць. Тым не менш не можа не насцярожваць той факт, што ад знешніх прычын (самагубствы, атручэнні, дарожна-транспартныя здарэнні і інш.) развіталіся з жыццём 39 чалавек, сярэдні ўзрост якіх быў 47 год. А калі прыплюсаваць сюды тых, у каго пасля выпітых некантралюемых чарак адказала сэрца, зашкаліў ціск ці іншы орган адмовіў у жыцці?
Адносіны да спіртнога – здароўе – сям’я – дабрабыт (уласны і дзяржаўны) – звёны аднаго ланцужка, аслабее адно – разва-ліцца ўвесь ланцуг.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *