Команда “Шумилинского райагросервиса” стала победителем зимней спартакиады сельских жителей

Актуалии Сельское хозяйство Спорт, туризм

Пераможцу вызначыў канат
У мінулую суботу ў райцэнтры прайшла традыцыйная раённая зімовая спартакіяда сярод сельскіх жыхароў. Свае каманды выставілі “Лаўжанскае”, “Ульскі”, “Шумілінскі райаграсэрвіс”, “Сіроцінскі” і “Крыніца”.
Каманды добра падрыхтаваліся да сёлетняга спартыўнага фэсту. Безумоўна, асноўная задача – перамога. Інтрыгі ж на спартакіядзе хапала: ці зможа “Лаўжанскае” ў чацвёрты раз запар атрымаць перамогу, ці замацуецца за райаграсэрвісам званне “вечна другога”, ці зможа зноў “выстраліць” “Ульскі”, які у свой час быў і пераможцам спартакіяды? І, нарэшце, чаго чакаць ад параўнальна новых каманд з “Крыніцы” і “Сіроцінскага”.  Трэба адзначыць, што сёлетняя спартакіяда вызначалася асаблівай спартыўнай барацьбой.
Цікава прайшлі спабор-ніцтвы па настольным тэнісе. Сабраўся даволі роўны склад удзельнікаў, што, безумоўна, спадабалася балельшчыкам і папсавалі нервы спартсменам. У выніку перамогу святкавалі аматары “малой ракеткі” з райаграсэрвісу, другімі сталі лаўжанскія тэнісісты, трэцімі – сіроцінскія.
А вось у стрытболе моду даўно ўжо дыктуюць лаўжанскія спартсмены. Яўген Пікалеўскі, Васіль Бякач, Станіслаў Лісейцаў і Віктар Кірыдон на пляцоўцы разам не адзін год, добра разумеюць адзін аднаго, згуляныя. У мінулую суботу яны без усялякіх праблем выйгралі спаборніцтва, другое месца заняў райаграсэрвіс,  трэцяе – “Ульскі”.

Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў, старшыня ФСК «Здароўе» І. Г. Прасветава ўручаюць галоўны прыз спартакіяды капітану каманды «Шумілінскага райаграсэрвісу» Сяргею Гоманаву.

Напружана прайшоў турнір у гіравым спорце. І хаця ў асабістых заліках перамаглі Станіслаў Лісейцаў з “Лаўжанскага” і Пётр Чарнышоў з “Ульскага”,  намаганняў лідараў хапіла толькі для таго, каб у камадным заліку іх каманды сталі адпаведна другімі і трэцімі. А перамагла каманда райаграсэрвісу (Андрэй Асташонак, Сяргей Гоманаў).
Відовішчнай атрымалася лыжная эстафета. З усіх лыжнікаў асабліва хочацца адзначыць Вікторыю Карэліну, якая на сваім этапе паказала лепшую тэхніку і лепшы час. У камандным заліку перамаглі лаўжанскія спартсмены, другімі сталі спартсмены з “Сіроцінскага”, трэцімі – з “Ульскага”.
Перад апошнім відам спартакіяды – канатам – “Лаўжанскае” ў агульнай табліцы на два балы абганяла райаграсэрвіс. Так што менавіта гэтыя спаборніцтвы і сталі вырашальнымі ў размеркаванні месцаў на п’едэстале. Перамогу вырвалі асілкі з райаграсэрвісу, якія “перацягнулі” “Ульскі” і “Лаўжанскае”.
Па выніках спартакіяды дзве каманды – “Лаўжанскае” і “Райаграсэрвіс” – набралі аднолькавую колькасць ачкоў і толькі па дадатковых паказчыках вызначыўся пераможца. Прызавая тройка сёлетняй зімовай спартакіяды наступная: першае месца – “Шумілінскі райаграсэрвіс”, другое – “Лаўжанскае», трэцяе – “Ульскі”.
Тэкст і фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *