«Бег дружбы и мира» — в Шумилинском районе

Актуалии Общество Спорт, туризм

“Бег сяброўства і міру”
Унікальная па сваім размаху падзея — “Бег сяброўства і міру” — не абмінула наш раён. Трэба адзначыць, што гэта самая працяглая ў свеце факельная эстафета. Факел, як сімвал імкнення чалавецтва да больш гарманічнага, мірнага і шчаслівага жыцця, перадаецца бегунамі з рук у рукі. Тысячы людзей ва ўсім свеце аб’ядноўваюцца ў адну вялікую каманду дзеля таго, каб зрабіць наш свет лепшым і дабрэйшым. Любы чалавек можа стаць удзельнікам гэтай акцыі, якая ладзіцца пры падтрымцы ўрадаў розных краін.
Заснаваў прабег і назваў яго бегам гармоніі ў 1987 годзе філосаф і гуманіст Шры Чынмой. З таго часу ўдзельнікі эстафеты пераадолелі больш за 500 тыс. км, іншымі словамі, 13 разоў прабеглі вакол нашай планеты, факел сяброўства і міру пабываў у 150 краінах свету.
Сёлета Бег сяброўства і міру стартаваў ў Маскве 11 чэрвеня, фінішуе 2 ліпеня ў Калінінградзе, маршрут – а гэта 1800 кіламетраў – праходзіць па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Латвіі, Літвы. У склад каманды ўваходзяць 20 бегуноў з Расіі, Беларусі, Украіны, Латвіі і Бразіліі. Ва ўсіх населеных пунктах да асноўнай групы далучаюцца мясцовыя бегуны: спартсмены, дзеці, усе, каму неабыякавы лёс нашай планеты і чалавецтва.
22 чэрвеня факел сяброўства і міру быў у нашым раёне. На мяжы раёнаў міжнародную каманду бегуноў вітаў  намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, а дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах уручылі шаноўным гасцям хлеб-соль.
Да асноўнай групы далучыліся юныя валейбалісты з Шумілінскай ДзЮСШ, футбалісты ФК “Шуміліна”, аматары бегу.
Урачысты прыём удзельнікам мерапрыемства быў арганізаваны і на Обальшчыне. Адбылася цікавай сустрэча ў Обальскай СШ, удзельнікі “Бегу сяброўства і міру” пабывалі ў обальскім музеі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №49 ад 26.06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *