Люди и судьбы. Секретарь райкома Нина Сенчура

Людзі і лёсы

Сянчура. Жанчына-легенда, жанчына-рэальнасць
(Працяг. Пачатак у № 86)
Для работнікаў бальніц, школ, устаноў, пенсіянераў ліміты на жыллё не выдзяляліся ні Мінскам, ні Масквой. Але як гэта растлумачыць людзям, што ім сказаць?
Я паехала ў аблвыканкам да старшыні Пятра Яфімавіча Рубіса. Ён выслухаў мяне і кажа: “Масква не дае нам ліміты на будаўніцтва жылля, што я магу зрабіць? Грошы ў нас ёсць, грошы магу выдзеліць, але праектаў і лімітаў няма”. “Выдзяляйце, – згадзілася я, – што-небудзь прыдумаем”.
Выклікаю да сябе архітэктара раёна Уладзіміра Іларыёнавіча Сцепаненку і намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Андрэевіча Волкава (ён толькі што быў пераведзены з перадавога на той час саўгаса “Лаўжанскі”, дзе працаваў дырэктарам), кажу: «Рыхтуйце праект, будзем будаваць 24-кватэрны дом». Яны – ні ў якую! Я іх гадзіны дзве трымала ў кабінеце, абмяркоўвалі, як зрабіць, каб не прыйшлося стаяць перад судом. Яны ўсяляк адмаўляліся. “Але навошта нам тады займаць свае пасады?” – сказала я ім. Тады згадзіліся. І за год пабудавалі. Засялілі перш за ўсё чатырох удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, спецыялістаў сельгасупраўлення, работнікаў бальніцы, райвыканкама і па спісу чаргавікоў.
У ліпені 1976 года я была абрана першым сакратаром Шумілінскага райкама партыі, на гэтай пасадзе адпрацавала сем год, да 1983 года. Старшынёй райвыканкама прыслалі Уладзіміра Сяргеевіча Пясоцкага. Гэта быў энергічны, працалюбівы, дысцыплінаваны работнік, хаця і крыху грубаваты, людзі спачатку яго недалюблівалі.
За гэтыя сем гадоў на Шуміліншчыне было шмат пабудавана вытворчых прадпрыемстваў. У гарпасёлку Обаль будавалі адміністрацыйнае памяшканне керамічнага завода, жылыя дамы. У калгасе “Іскра” быў узведзены жывёлагадоўчы комплекс на 800 галоў дойных кароў. Там жа, у Дабеі, ёсць вялікае возера з залежамі сапрапелю, які ў якасці ўгнаення мы планавалі вывозіць пад зерневыя і іншыя сельскагаспадарчыя культуры. Ужо складаліся планы для вытворчасці якасных угнаенняў, некалькі разоў прыязджаў у раён сакратар ЦК КПБ Віктар Сцяпанавіч Шавялуха – ён быў арганізатарам у гэтай справе, але перабудова перашкодзіла ўвасабленню задуманага.
Дарэчы, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі на той час працавалі таленавітыя і актыўныя работнікі, з імі было лёгка кіраваць раёнам. Гэта Леанід Раманавіч Глазкін, потым Ягор Сцяпанавіч Ганчароў, Аляксандр Паўлавіч Алюлін і іншыя.
Сярод калгасаў лідзіраваў калгас імя Леніна, яго ўзначальваў спачатку Авенір Паўлавіч Кухарэнка, потым Уладзімір Пятровіч Долгі, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса быў Уладзімір Уладзіміравіч Мартынаў. У калгасе імя Леніна ў вёсцы Лескавічы была свінаферма, жывёлаводы якой выконвалі і перавыконвалі планы вытворчасці свініны.
У саўгасе “Мішневічы” паспяхова займаліся вытворчасцю і свініны, і ялавічыны, і малака, тут заўсёды вырошчвалі высокія ўраджаі зерневых і бульбы. Дырэктарам саўгаса спачатку працаваў Іван Дзмітрыевіч Алтыца, потым Уладзімір Паўлавіч Янкевіч, сакратаром партарганізацыі доўгі час працаваў Фёдар Пятровіч Юркевіч.
Надзейныя кадры кавала для саўгаса Мішневіцкая сярэдняя школа (дырэктар Мікалай Сяргеевіч Абраменка), штогод папаўняла рабочую сілу саўгаса выпускнікамі школы, былі выпадкі, калі цэлыя выпускныя класы заставаліся працаваць у саўгасе механізатарамі і жывёлаводамі.
Але, на жаль, і ў тыя часы не хапала сацыяльных даброт, у тых жа Мішневічах моладзі не хапала жылля, клуб быў стары, драўляны, дзіцячы сад таксама драўляны, таму маладыя сем’і паціху сталі з’язджаць у горад.
Аналагічнае становішча з інфраструктурай было і ў Мішкавічах – цэнтры калгаса “Ленінскі прызыў”.  Пасля заканчэння школы (таксама нядаўна пабудаванай) тут нямала заставалася хлопчыкаў-выпускнікоў. Старшыня калгаса Ягор Сцяпанавіч Ганчароў рабіў усё магчымае, каб затрымаць у калгасе нявест, але дзяўчаты ўсё часцей выбіралі горад.
У саўгасе “Ульскі” (дырэктарам працаваў Іван Аляксандравіч Савельеў, потым Уладзімір Віктаравіч Раткевіч) рабочыя вырошчвалі добры лён-даўгунец. У вёсцы Кардон узвялі будынак новай сярэдняй школы, але пасля заканчэння яе моладзь з’язджала, мала каго затрымліваў і прыклад лепшых льнаводаў, якія атрымлівалі ордэны за добрую працу.
Шумілінскі раён неаднаразова атрымліваў пераходныя Чырвоныя Сцягі за вытворчасць мяса, малака, льну і бульбы. Атрымаўшы пераходны Чырвоны Сцяг рэспублікі за лён у 1976 годзе, мы спецыяльна заказалі ў сельгастэхніцы макет жалезнага снапа льну і як сімвал паставілі яго на мяжы Шумілінскага і Віцебскага раёнаў.
У саўгасе “Лаўжанскі” сталі будаваць жывёлагадоўчы комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы на 10 тысяч галоў бычкоў. Планавалі адразу скупліваць мясной пароды бычкоў ва ўсім раёне і за яго межамі.
Але для такога комплексу не хапала сенажацяў. Уздоўж дарогі Рыга – Арол ад вёскі Мікіціха да г. п. Обаль кіламетры тры цягнулася балаціна, дзе расло дробнае кустоўе вольхі ды лаза, кару якой здзіралі на продаж.
Мы пачалі на гэтым месцы праводзіць меліярацыю, рабіць культуртэхніку. Жыхары мясцовых вёсак гаварылі, што гэта марная справа, што нічога не вырасце, бо тут нават грыбы не растуць.
Але ўбралі кусты, навазілі торфу з обальскага торфазавода імя Даўмана, фрэзерны торф змяшалі з мінеральнымі ўгнаеннямі і пасеялі траву для корму жывёлы. Атрымалася прыгожае чыстае поле, трава на ім вырасла па пояс – адсюль бралі зялёны корм для бычкоў.
Саўгас “Лаўжанскі” здаваў дзяржаве мяса, потым наладзіў вытворчасць фірменных каўбас. Дырэктарам саўгаса працаваў спачатку Пётр Іванавіч Гарбачык, потым Пётр Ігнатавіч Кузьмін, сакратаром партарганізацыі Мікалай Данілавіч Бялецкі, старшынёй сельскага Савета Пётр Пятровіч Корбань.
Добра наладзіў справы ў саўгасе “Казьяны” дырэктар Віктар Сяргеевіч Гутараў. Былы камсамольскі работнік з маладым энтузіязмам узяўся за работу ў адстаючай гаспадарцы.  Навёў дысцыпліну сярод механізатараў, узяў на работу новых маладых спецыялістаў, падняў культуртэхніку, пабудаваў кантору-палац і нават арганізаваў асфальтавы заводзік. Віктар Сяргеевіч звальняў п’яніц, ствараў годныя ўмовы для механізатараў.
Пазней В. С. Гутарава перавялі ў райцэнтр на пасаду намесніка старшыні райвыканкама. А саўгас “Казьяны” разваліўся, не стала ні заводзіка, заглохла і ідэя цэху па перапрацоўцы скуры, хаця пробная партыя вырабаў была зроблена.
Выхаванне і падбор кадраў – самае галоўнае ў кіруючай рабоце любога рангу.
На Шуміліншчыне былі запушчаны, з’езджаны ўсе дарогі, якія вялі ў гаспадаркі раёна. Шумілінскае ДЭУ заўсёды крытыкавалі, а начальнік скардзіўся на кадры, на тое, што мала тэхнікі і г. д. Але вось прызначылі начальнікам дарожнага ўпраўлення раёна Мікалая Мікалаевіча Будніка, маладога інжынера, і справы ў калектыве хутка наладзіліся. Абласным упраўленнем дарог кіраваў Міхаіл Васільевіч Петрачэнка, які ў свой час працаваў старшынёй Шумілінскага райвыканкама. Трэба сказаць, што ён дапамагаў Будніку, і ў хуткім часе ў раёне аднавіліся дарогі, была пабудавана дарога на Мішневічы, і цяпер не трэба было трактару дзяжурыць пад гарой, каб выцягваць праязджаючыя машыны. Былі пабудаваны дарогі на Лескавічы, Мішкавічы, Улу, на Роўнае і іншыя накірункі.
Ад рэдакцыі. Хочацца шчыра падзякаваць усім, хто пасля публікацыі першай часткі ўспамінаў Н. С. Сянчуры (№ 86 ад 1 лістапада 2013 г.) патэлефанаваў да нас. Нехта пазваніў падзякаваць за публікацыю, іншыя дзяліліся сваімі ўспамінамі пра тыя 70-я, былі званкі і ад тых, хто заўважыў недакладнасці ў тэксце. Так, былыя работнікі райкама партыі Л. В. Пагарэльскі, Я. М. Суворава, а таксама былы работнік статыстыкі Т. І. Саўчанка паведамілі нам, што сярод загадчыкаў аддзелаў райкама партыі не было ні Краснова, ні Красікава, а вось Уладзімір Фёдаравіч Краянкоў працаваў загадчыкам  аддзела прапаганды і агітацыі райкама.
Просім прабачэння за гэтую недакладнасць, будзем рады вашым успамінам, вашай дапамозе ў напісанні летапісу нашага раёна. Гэта будзе вельмі дарэчы напярэдадні 90-годдзя Шумілінскага раёна.
(Заканчэнне будзе).
Надрукавана  ў №88 ад 12.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *