Областной праздник юмора прошёл в Шумилино

Актуалии

Смяяцца – не грэх, а жыццёвая неабходнасць
8-9 лістапада ў Шуміліне прайшло XII абласное свята гумару “Смяяцца не грэх”. Каля 30 творчых калектываў з розных куткоў Віцебскай вобласці прад’явілі шумілінскаму гледачу і высокаму журы ўсе свае таленты і ўменні ў мастацтве смяшыць і забаўляць народ. Такое грандыёзнае свята ладзіцца раз у два гады, і з 1997 года – нязменна ў Шуміліне. Хочацца бачыць у гэтым факце нейкі асаблівы сімвалізм ці хаця б неаспрэчны доказ наяўнасці ў нас з вамі нястомнага пачуцця гумару.
Смяяцца – не плакаць
Наўрад ці можна паспрачацца з тым, што прымусіць гледача плакаць, куды як прасцей, чым смяяцца.  Пра гэта гаварыла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, старшыня аргкамітэта свята Л. К. Аленская. “Як жа гэта складана: пародыя, клаунада, мініяцюра… Складана разварушыць публіку: нам часта бывае проста не да смеху. Але калі на сцэне прафесіянал, то усмешка з’яўляецца міжволі”, – такімі словамі Ларыса Канстанцінаўна вітала ўдзельнікаў конкурсу, адкрывала фэст. Яна заўважыла, што жадаючых паўдзельнічаць у свяце з кожным годам усё больш, адзначыла гасціннасць шумілінскай зямлі, высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства.
“А мне дужа шкада журы”, – прызнаўся са сцэны намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч адзначыў высокі  патэнцыял шумілінскіх артыстаў наогул, а поспеху пажадаў усім. Шаноўнае і надзвычай кампетэнтнае журы ўзначальвала начальнік ад-дзела ўстаноў культуры і мастацтва ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Г. Ф. Баркевіч.
Крызіс – гэта не пра нас
У гэты раз дзея на сцэне была ярка дапоўнена выставай-кірмашом “Чым багаты, тым і рады”, што ладзіўся ў фае Дома культуры, дзе па традыцыі праходзіла свята. Тут праявіць сябе ва ўсёй красе мелі магчымасць клубы беларускай нацыянальнай кухні, якія дзейнічаюць у многіх рэгіёнах вобласці. Нікога не разгубіла і прапанова паўдзельнічаць у выставе-конкурсе Пудзілаў “Супер-Пудзіла”. Конкурс гэты яшчэ раз пацвердзіў, што чаго-чаго, а знаходлівасці нікому з яго ўдзельнікаў не займаць. У Чашніках Пудзіла рабілі з паперы; бешанкоўцы на выраб свайго Пудзіла пусцілі кілаграмаў 100 (па самых прыблізных падліках) бульбы, буракоў ды морквы; у Глыбокім «зляпілі» даволі праўдападобнага Вадзяніка; а падсвільскае Пудзіла наогул аказалася жывым. Першае месца за ўдзел у конкурсе “Супер-Пудзіла” было прысуджана клубу аматараў беларускай нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Бараболя” Вярхоўскага СДК Бешанковіцкага раёна.
Тут лілася беларуская мова, гучалі прыпеўкі, нехта нават і ў скокі кідаўся. Усе стараліся “накарміць” журы: сталы літаральна ламіліся пад цяжарам разнасолаў. Настойліва частавалі, давалі “ў дарогу” капусту, моркву, памідоры, кавуны, нехта піхаў нават слоікі з саленнямі.
Як і павінна быць, самым шчодрым і багатым на розныя кулінарныя выкрутасы аказаўся стол гаспадароў. Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” Шумілінскага Дома рамёстваў прапанаваў традыцыйныя, надзвычай сытныя і смачныя беларускія стравы. Бульба печаная, картаплянікі, камы, бульба фаршыраваная, каўбаса пальцам пханая, калдуны, сачні, хлеб – усё і не пералічыць. Каля стала “Разынкі” было мнагалюдна да той самай пары, пакуль частавацца ўжо не было чым. А шумілінскае Пудзіла І@Зюм раздаваў у гэты дзень сакрэтныя рэцэпты беларускіх страў усім жадаючым. Кіраўнік “Разынкі” намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая разам з дырэктарам Шумілінскага ГДК М. І. Прохаравай сустракалі гасцей у прыгожых адмысловых ільняных строях, аздобленых вышыўкай ручной работы, створаных спецыяльна для такой нагоды майстрыхамі Дома рамёстваў. Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” па выніках конкурсу быў узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Арыгінальная прэзентацыя страў”.
А ў нас 1 красавіка пачынаецца ў лістападзе!
Народныя тэатры мініяцюр, тэатральна-драматычныя студыі, народныя сатырычныя калектывы, аматарскія аб’яднанні паэтаў, народныя калектывы буфанады, індывідуальныя выканаўцы змянялі адзін адно ў гэтыя два дні на шумілінскай сцэне. Многія артысты ўжо не першы раз у Шуміліне, многіх ведаюць і чакаюць. Было зразумела, што паміж калектывамі існуе творчая еднасць. Яны шчыра смяяліся над жартамі сапернікаў, падтрымлівалі калег, дапамагалі, калі што. Усіх іх яднала адна высакародная мэта – рассмяшыць свайго гледача. Смех у зале – галоўная адзнака творчасці артыста, глядач – самы патрабавальны, самы чэсны член журы. І яны стараліся, ігнаруючы той факт, што зала не заўжды была поўнай.
Артысты пераапраналіся, спявалі, танцавалі, імправізавалі. Было зразумела, што яны атрымліваюць задавальненне ад таго, што робяць. Як, напрыклад, Мікіта Лядновіч з народнага тэатра мініяцюр “Фанограф” Гарадоцкага ГДК (ён, дарэчы, атрымаў заслужаную ўзнагароду за лепшую мужчынскую ролю). Ён іграў, здаецца, усім целам, іграў настолькі самазабыўна, што пайшоўшы за кулісы пераапранацца для наступнага нумару, зусім забыўся на прычэплены мікрафон, дзякуючы чаму яго ўсхваляваны шэпт быў добра чуваць і ў зале: “Дзе мае туфлі? Дайце хутчэй туфлі!”. А на сцэну ён выйшаў усё ж босы. Відаць, так і не знайшоў.
“20 год па жыцці з гумарам” – так назваў сваё выступленне народны тэатр мініяцюр “Буф”. Мы заўжды чакаем ад нашых землякоў, ад рэжысёра тэатра Юрыя Раманава адкрыццяў, знаходак. І на працягу ўсіх 20 год ім удаецца не падманваць нашых спадзяванняў. Удаецца, выкарыстоўваючы самы мінімальны (на першы погляд) арсенал выразных сродкаў, быць зразумелымі гледачу, быць з імі на адной хвалі ўспрыняцця рэальнасці. Усё, што яны робяць, яны робяць шчыра, прафесійна і бескарысна. Таму ў іх усё і атрымліваецца, таму кожнае іх з’яўленне на сцэне – падзея. І не толькі для нас.
Юрый Раманаў па выніках конкурсу быў узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне”. Прыз глядацкіх сімпатый таксама заваявалі нашы землякі. Народны тэатр мініяцюр “Буф” разам з народным тэатрам мініяцюр “Кураж” Палаца культуры г. п. Руба (рэжысёр-пастаноўшчык Іна Кліменка) сталі лаўрэатамі першай ступені.
Можна не сумнявацца, што яшчэ доўга будуць успамінаць “Сваіх хлопцаў” з Міёраў, “Балаган” і Міхаіла Куляша з Лепеля і многіх іншых артыстаў, якім удалося стварыць незабыўныя вобразы.
Аб’яўленне лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу, якім фінішаваў гала-канцэрт у суботу, заняла багата часу. Артысты з непадробнай дзіцячай радасцю ўспрымалі высокую ацэнку сваёй творчасці. “Памятайце пра тое, што гумар – гэта спосаб і прычына быць заўжды на вышыні”, – такімі словамі яшчэ на два гады развіталася з артыстамі Галіна Фёдараўна Баркевіч.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана  ў №88 ад 12.11.2013 г.



1 комментарий по теме “Областной праздник юмора прошёл в Шумилино

  1. Праздник прошел очень интересно. Спасибо организаторам. Как и двадцать лет назад всегда завараживает театр миниатюр «Буфф» и его художественный руководотиль Юрий Романов. Жаль,что выступления артистов 2 дня проходили при полупустом зале.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *