70 лет назад была освобождена деревня Мишневичи. Торжества по этому случаю прошли 16 ноября

Актуалии

ПАКЛОНІМСЯ ЗА ТОЙ ВЯЛІКІ БОЙ!
Мішневічы. 16 лістапада 2013 года. Ля самаходнай артылерыйскай устаноўкі ідзе мітынг у гонар 70-годдзя вызвалення Мішневіч
ад фашысцкай навалы. Пранікнёныя словы вядучых, выступленні ўдзельнікаў мітынгу, гукі ваеннага духавога аркестра, звонкая цішыня хвіліны маўчання – усё гэта скіроўвае нашы думкі ў той далёкі дзень 16 лістапада 1943-га. Якім жа гарачым быў той дзень! Колькі было тут радасці і колькі слёз! А да вызвалення
Шуміліншчыны, да 23 чэрвеня 1944 года заставалася яшчэ больш за сем месяцаў.
Слёз не стрымаць і сёння. З вуснаў такіх жа юных, як і яны ў тыя саракавыя, гучыць:
Даже не верится: молоды были,
Прямо из школы на фронт уходили,
Вас убивали. Многих убили…
Не домечтали, не долюбили.
Замуж не вышли, детей не родили…
Это не сказки – это всё были.
2416 чалавек не вярнуліся з вайны на сваю маленькую радзіму – на мішневіцкую зямлю. Гінулі людзі, у агні вайны гарэлі дамы і цэлыя вёскі. Фашысцкія нелюдзі знішчылі на Шуміліншчыне 133 вёскі, 24 з іх не адноўлены, у тым ліку 6 – у Мішневіцкім сельсавеце: Зазер’е, Зуёва, Дражакі, Бачканы, Шчамілаўка, Ямішча. Назвы гэтых вёсак увекавечаны на мемарыяльным комплексе Хатынь.
Гэтыя лічбы і факты называе ў сваім выступленні на мітынгу старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны. “Перамога над ворагам была заваявана высокай цаной, загінуў кожны трэці раёна, – кажа ён і дадае: – Нам трэба вучыць сваіх дзяцей, унукаў любіць родную зямлю, захоў-ваць яе традыцыі, шанаваць памяць аб Вялікай Перамозе”.
Памяць вымушае быць пільнымі і сёння ў мірны час мацаваць абароназдольнасць сваёй краіны, быць годнымі сваіх продкаў і гатовымі ў любы час стаць на абарону родных рубяжоў. Гэта лейтматыў выступлення ваеннага камісара Шумілінскага раёна А. Г. Чарняўскага.
А старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Мішневіцкага сельсавета Ф. П. Юркевіч дадае: нават таму, хто нарадзіўся 16 лістапада 1943 года, сёння ўжо 70. Час няўмольна забірае жывых сведкаў той вогненнай пары. Сёння ў жывых у Мішневіцкім сельсавеце засталося толькі пяць ветэранаў Вялікай Айчыннай…
На брацкія могілкі воінаў, да памятнага знака загінуўшым землякам, да памятнага знака САУ-152 кладуцца кветкі. Ва ўрачыстым эскорце, аддаючы пашану героям, чаканяць крок гвардзейцы 103 мабільнай брыгады г. Віцебска. У неба ляцяць салютныя залпы…
Мы не баімся гэтых стрэлаў. За 70 год мірнай цішыні мы прывыклі, што ружэйныя залпы гучаць толькі ў імя памяці і міру, што ружжы зараджаны толькі халастымі патронамі.
Што яшчэ мы можам зрабіць для тых, хто сваім здароўем, жыццём ахвяраваў у імя Перамогі? Чаго хацеў бы ад нас той бязвусы салдацік, які загінуў у першым няроўным баі? Пра што марылі яны – франтавікі і партызаны, падпольшчыкі і вязні фашысцкіх канцлагераў? Яны хацелі, каб мы сёння жылі шчасліва. Каб любілі і бераглі сваю зямлю. І каб памяталі.
І мы стараемся быць годнымі гэтай памяці. У фае Мішневіцкай школы, якая прымае эстафету ўрачыстасцей, выстава малюнкаў “І памятае свет уратаваны”, яе стварылі дзеці – праўнукі воінаў-вызваліцеляў. Тут жа выстава краязнаўчых матэрыялаў школьнага музея “Па вёсцы ішла вайна”, “Экскурс па гісторыі вызвалення Мішневіч”, падрыхтаваны гісторыка-краязнаўчым музеем г. п. Шуміліна.
А на школьнай сцэне – тэатралізаваны канцэрт “Вайны не ведалі, а ўсё ж”. Перад вачыма тэатралізаваныя сцэны пачатку вайны, ваенных дзеянняў, а на экране – кадры ваеннай хронікі… Вось выпускнікі школы кружацца ў танцы, раптам вясёлую музыку заглушае вой варожых самалётаў. Вайна. Ідзе на вайну 18-гадовы Алеша, гучыць песня “Апошні бой”.
Нельга без слёз, без болю ў сэрцы глядзець на фотаздымкі дзяцей вайны, глядзець тэатралізацыю песні “Дзеці вайны”.
Гора, боль, страты. Які доўгі шлях яшчэ да Перамогі! Колькі яшчэ чорных трохкутнікаў прынясе ў асірацелыя дамы кульгавы паштальён? І ці прыйдзе адказ маленькай дзяўчынкі на пісьмо, якое яна зачытвае са сцэны: “Татачка, мілы! Я навучылася пісаць, праўда, толькі друкаванымі літарамі. Перамажы фашыстаў і вяртайся дадому, бо нам з мамай дрэнна без цябе. Дом наш згарэў, у яго трапіў снарад. Я намалявала новы, у якім пасля вайны мы будзем жыць разам: ты, мама і я…”
Сцэна пісьмаў, як і ўся тэатралізацыя, дапоўнена рэальнымі фактамі. Вось салдат чытае пісьмо з тылу: “Дарагі братка, страшны жах вайны перажылі мы, жыхары вёскі Мішневічы. Ужо 9 ліпеня 1941 года немцы прыйшлі ў вёску поўнымі гаспадарамі і сталі гойсаць па дварах. На прызбе ля свайго дома сядзеў дзядзя Федзя Сяргушын. На загад “устаць і павітаць іх” Сяргушын адказаў: “Мы людзі савецкія, вас, фашыстаў, на сваю зямлю не клікалі і вашым праклятым законам падпарадкоўвацца не будзем”. Адважнага старыка тут жа расстралялі, а дом ягоны спалілі. Засталася толькі Сяргушына бярозка, якую ён да вайны пасадзіў…”
Колькі такіх лістоў ляцела на фронт! І мацней сціскаў салдат вінтоўку, і без промаху біў ворага, і выжываў! І для яго сёння гучыць чысты звонкі голас далёкага яго продка мішневіцкага хлопчыка Вадзіма Цітова “Ты ж выжыў, салдат”.
У Мішневічы перамога прыйшла 16 лістапада 1943 года. У гэты дзень воіны 1 Прыбалтыйскага фронту 24-й танкавай брыгады 5 танкавага корпуса, воіны 287-га палка 51-й стралковай дывізіі пад камандаваннем падпалкоўніка Міхаіла Нікандравіча Нікандрава вызвалілі Мішневічы.
Мы з удзячнасцю схіляем галовы перад вялікім тым боем. Вучні Мішневіцкай СШ ўрачыста нясуць кнігу “Памяць. Шумілінскі раён”, кнігі “Вяла ўперад нас да Радзімы любоў”, “Баявы шлях 5-га Дзвінскага танкавага корпуса”, ставяць на выставу кнігі, свечкі-лампадкі, самі становяцца ля выставы ў ганаровай варце.
А са сцэны гучыць: “Галоўныя ўдзельнікі гісторыі – Людзі і Час. Не забываць час – значыць, не забываць людзей. Не забываць людзей – памятаць пра час”.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.

P. S. За рамкамі гэтага матэрыялу засталося многа. Мы не змаглі назваць нават усіх удзельнікаў мерапрыемства, а прозвішчы тых, хто яго рыхтаваў, занялі б палову газетнай паласы. Але галоўныя героі дня 16 лістапада 1943 года – героі-вызваліцелі, ім пашана і ім слава.
Надрукавана ў №90 ад 19.11.2013 г.



1 комментарий по теме “70 лет назад была освобождена деревня Мишневичи. Торжества по этому случаю прошли 16 ноября

  1. Уважаемые создатели сайта!
    Я разыскиваю могилу своего деда Климакова Ивана Власовича, 1907 года рождения. С 6 по 13 ноября 1943 года он участвовал в боях за взятие высот севернее озера Езерище и высоты 193,0. Погиб 19.06.1944 года. В именном списке невозвратных потерь личного состава указано, что он захоронен на высоте 1,5 км Ю-З д.Бунтики Сиротинского (я не уверена в правильности названия) района Витебской области. Существует ли такое захоронение? Или солдаты были перезахоронены?
    Заранее благодарна за ваш ответ!
    Большое спасибо!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *