С такой заботой и сгореть можно

Безопасность

З такім клопатам і згарэць можна
У раёне прайшла дэкада па праверцы жылога сектара па захаванні правілаў пажарнай бяспекі. Рознымі адказнымі службамі было праведзена некалькі рэйдаў. У адным з іх разам са спецыялістам групы прапаганды і абучэння райаддзела па надзвычайных сітуацыях Л. А. Лінкевіч, спецыялістамі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т. І. Шаціла і В. М. Пацэвіч пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
Група наведала дамы адзінока пражываючых пенсіянераў, састарэлых і інвалідаў. У вёсцы Пабеда большасць пенсіянераў  да зімы падрыхтавалася як след: печкі абтынкаваныя і пабеленыя, дымаходы пачышчаныя, дровы акуратна складзеныя. “Дапамагаюць дзеці, – расказала адна з пенсіянерак. – Без іх бы не справілася”.
А як быць тым, хто адзінокі, у каго не тое што дзяцей, дык і блізкіх родзічаў няма? Такім людзям упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выдзяляе матэрыяльную дапамогу. Мы наведалі двое пенсіянераў, якія атрымалі такую дапамогу. “Дзякуй, што дапамагаюць, – з удзячнасцю сказала 70-гадовая жанчына. – На выдзеленыя грошы змагла адрамантаваць печку, цяпер не баюся, што вуголле вываліцца на падлогу”.
А вось 91-гадовая жыхарка вырашае праблему з дрывамі сама: наняла людзей, каб высеклі на агародзе старыя слівы. У час нашага прыезду бабуля сядзела на лаўцы і рассякала слівавае вецце. Відаць, вясковая загартоўка дапамагае ў такім шаноўным ўзросце трымаць сякеру ў руках. Пенсіянерцы растлумачылі, куды трэба звяртацца наконт дроў, запісалі нумары тэлефонаў адпаведных службаў.
А вось другая адзінока пражываючая гаспадыня была ўсім не задаволена, скардзілася, што не выдзелілі сёлета бясплатна бульбы, што невялікая пенсія, што каласнік у грубцы згарэў, што пажарны апавяшчальнік не працуе. Як высветлілася, апавяшчальнік бясплатна паставілі ў мінулым годзе. Ён у рабочым стане, толькі трэба памяняць батарэйкі. У адваротным выпадку ён не апавясціць пра небяспеку. А яна навідавоку – юшку грубкі бабуля «ўцяпліла» рыззём. Маўляў, каб “цёплы дух не выходзіў”. Але ж за такім клопатам пра цеплыню і да пажару недалёка.
Здзівіла абыякавасць да ўласнай бяспекі некаторых гаспадароў у Ляжнях: печка апошні раз бялілася гадоў дзесяць таму, ля топкі ў грубцы свецяцца дзіркі. А ў пенсіянеркі, якая жыве адна, электрычныя правады былі ў скрутках, месцамі аголеныя. Як высветлілася, сыны не вельмі дапамагаюць старой, а на сацыяльны ложак яна адмаўляецца пайсці. Прыйдзецца мясцовай гаспадарцы ўзяць шэфства над бабуляй.
Гэта ж датычыцца і яшчэ адной сям’і, якая значыцца на ўліку як сацыяльна небяспечная: электрычныя каробкі ў доме не закрыты, пастаянную прапіску ў іх атрымала павуцінне…
Падчас рэйду наведалі паўтара дзесятка адзінока пражываючых вяскоўцаў. Спецыяліст райаддзела па надзвычайных сітуацыях напісала прадпісанні тым гаспадарам, у якіх печкі ў небяспечным стане. У  пачатку лістапада ў гэтыя сем’і наведаюцца зноў.
Людміла ЗУЙКОВА.

Опубликивано в №85 от 2.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *