В Шумилинском районе с рабочей поездкой побывал помощник Президента Республики Беларусь Николай Домашкевич

Актуалии Президент

Галоўнае – рост зарплаты і чысты прыбытак
19 лістапада памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч у ходзе рабочай паездкі наведаў Шумілінскі раён.
Мікалай Фёдаравіч азнаёміўся з ходам спраў на Обальскім керамічным заводзе (на здымку), правёў там прыём грамадзян па асабістых пытаннях. У паездцы па Шуміліншчыне памочніка Прэзідэнта суправаджаў старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны.
Чым выкліканы інтарэс высокапастаўленай дзяржаўнай асобы да Обалі? Сітуацыяй на керамічным заводзе, ад якой залежыць дабрабыт абальчан, ды і лёс пасёлка наогул. Сёння заводу патрэбна сур’ёзная фінансавая дапамога на мадэрнізацыю прадпрыемства. Больш за 4 мільёны еўра трэба, каб пачаць рэканструкцыю, з іх 2,5 мільёна на новае абсталяванне – такія лічбы называе дырэктар ОКЗ П. І. Манак.
Але ніхто проста так вялікія грошы не дасць, падкрэслівае памочнік Прэзідэнта, прадпрыемства само павінна выпрацаваць канкрэтныя мерапрыемствы па вываду завода з крызісу. І ніхто не адмяняў задачу мець заработную плату не менш за 500 долараў, пастаўленую ІV Усебеларускім народным сходам. Ад гэтай лічбы трэба пачынаць усе разлікі, перакананы М. Ф. Дамашкевіч, потым плюсаваць сюды падаткі, выплаты за энергарэсурсы, па крэдытах, у фонд сацыяльнай занятасці насельніцтва… І тады будзе бачна, колькі завод павінен зарабляць. Чым? Сёння на Обальскім керамічным заводзе заняты толькі 53% вытворчых плошчаў, лічы, палова плошчаў пустуе, а гэта занадта вялікая раскоша, лічыць галоўны інспектар па Віцебскай вобласці, трэба асвойваць новыя віды прадукцыі, у тым ліку па будаўніцтву, шукаць інвестараў, смялей прэзентаваць сваю прадукцыю, выкарыстоўваць геаграфічнае становішча Обалі і развіваць прыдарожны гандаль. Недаравальным назваў Мікалай Фёдаравіч і той факт, што ў агульнай структуры расходаў прыродны газ займае 68% (толькі за 6 месяцаў бягучага года за газ заплацілі 36 мільярдаў рублёў). Зніжэнне гэтай лічбы – найпершая задача. І яшчэ. Ён настойліва раіць заахвочваць кваліфікаваную якасную працу, бо гэта рэальны стымул для росту вытворчасці.
У той сітуацыі, што склалася на заводзе, памочнік Прэзідэнта не абвінавачвае сённяшняе кіраўніцтва прадпрыемства, але менавіта яму выпала доля браць на сябе адказнасць за яго далейшае развіццё.
М. Ф. Дамашкевіч пазнаёміўся з прадукцыяй керамічнага завода, прадстаўленай у выставачнай зале, з новым відам цэглы (з дабаўленнем аксіду жалеза), наведаў цэх № 2 ОКЗ, пагаварыў з заводскімі спецыялістамі і рэкамендаваў правесці ў дваццатых чыслах снежня на базе Обальскага керамічнага завода выязное пасяджэнне райвыканкама. На пасяджэнне вынесці абарону мерапрыемстваў па вываду прадпрыемства на прыбытковую работу. Галоўнымі паказчыкамі павінны стаць чысты прыбытак і рэальны рост заработнай платы.
Па зваротах грамадзян. Жыхарка г. п. Обаль М. Л. Іванова ад імя работнікаў ОКЗ паскардзілася, што пешаходная дарожка ад завода ўздоўж трасы (у накірунку Шуміліна з правага боку – аўт.) урасла ў зямлю, не прайсці. Гэтую сітуацыю галоўны інспектар па Віцебскай вобласці назваў звычайнай абыякавасцю і даручыў дырэктару УП ЖКГ І. К. Штуро на працягу 10 дзён аднавіць дарожку.
Магчымасць звярнуцца да памочніка Прэзідэнта скарысталі і іншыя жыхары раёна. Нехта звярнуўся з асабістай праблемай, іншыя прадстаўлялі інтарэсы грамадскасці.
Так, напрыклад, прадпрымальнік Уладзімір Латыш хоча бачыць у Шуміліне хакейную пляцоўку, ён лічыць, што недастаткова тых каткоў, якія заліваюцца зімой. Патрэбна спецыяльная пляцоўка, напрыклад, такая, як па вуліцы Кірава ў Віцебску, прапанаваў ён. Пры гэтым прадпрымальнік запэўніў, што прадстаўнікі малога бізнесу патрымаюць матэрыяльна гэтую справу.
М. Ф. Дамашкевіч падзякаваў за такую ініцыятыву, ён даручыў райвыканкаму прыняць адпаведнае рашэнне і неадкладна пачаць будаўніцтва хакейнай пляцоўкі. Гэтая справа набывае асаблівую актуальнасць напярэдадні чэмпіянату свету па хакею, які пройдзе ў наступным годзе ў Мінску.
Няякасная работа наваполацкага прадпрымальніка па ўстаноўцы пластыкавых вокнаў стала прычынай для візіту жыхаркі райцэнтра Л. Э. Ткачэнка. Дапушчаны брак, скардзілася жанчына, сёння вокны цякуць, а прадпрымальнік адмаўляецца выправіць хібы.
Кожны ў адказе за сваю работу, перакананы памочнік Прэзідэнта, калі зроблена няякасна, абавязаны паправіць. Высветліць усе абставіны даручана пракурору раёна Я. Ю. Гуляеву.
Дарэчы, тэма вокнаў знайшла далейшае абмеркаванне. М. Ф. Дамашкевіч заўважыў, што керамічны завод мог бы здаваць свае плошчы якому-небудзь прадпрыемству па вырабе і ўстаноўцы пластыкавых акон ці сам заняцца гэтай прыбытковай на сённяшні дзень справай. А старшыня райвыканкама У. П. Куранны паведаміў, што зараз у Шуміліне рыхтуе дакументы да рэгістрацыі прыватная фірма, якая будзе займацца вырабам і ўстаноўкай пластыкавых акон, гэта дазволіць жыхарам раёна не шукаць паслугу па-за межамі раёна, а вырашаць пытанне на месцы.
Пракурору раёна даручана разабрацца і па зваротах жыхаркі г. п. Обаль С. М. Рамарэнка (пытанне жыллёвага заканадаўства), а таксама жыхара райцэнтра У. А. Аўчыннікава (аб выплаце кампенсацыі за знесены дом).
А дырэктар УП ЖКГ пасля скаргі В. Л. Карнілавай атрымаў даручэнне на працягу тыдня адрамантаваць каналізацыю дома № 16 (вул. 70 год БССР, што ў райцэнтры).
У інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі “Віцебск” М. Ф. Дамашкевіч адзначыў, што многія пытанні, з якімі людзі прыйшлі на прыём, маглі быць вырашаны і на мясцовым узроўні.
Хаця дзеля справядлівасці адзначым: некаторыя з тых, хто пажадаў расказаць пра свае праблемы памочніку Прэзідэнта, і не звярталіся да раённых службаў. Ёсць у нас такая мода: адразу заявіць пра сябе ў вышэйшых інстанцыях.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №91 ад 22.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *