Шумилинская СШ №1 принимала победителей и лауреатов областных этапов конкурса «Учитель года Республики Беларусь»

Образование

Вопыт лепшых – здабытак усіх
У мінулую сераду Шумілінская сярэдняя школа №1 прымала ў сваіх сценах шмат гасцей. Тут ладзілася сумеснае пасяджэнне членаў абласнога клуба “Прызнанне” і рэспубліканскага – “Хрустальны журавель”. Калі дакладней, прыехалі да педагогаў Шуміліншчыны (а на сустрэчу паспяшылі не толькі настаўнікі абедзвюх школ райцэнтра, але і сельскіх школ і гімназіі) пераможцы і лаўрэаты абласных этапаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Прыехалі, каб падзяліцца сваім вопытам, паказаць свае лепшыя напрацоўкі, правесці майстар-класы, даць кансультацыі. Групу ўзначалілі начальнік цэнтра развіваючых педагагічных тэхналогій ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Іван Віктаравіч Фёдараў і метадыст аддзела інавацыйнага развіцця ўстаноў адукацый Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Любоў Васільеўна Віленчык.
Даволі насычанай была праграма дня. Спачатку ў актавай зале школы на адкрытым пасяджэнні гасцей вітаў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Затым перад прысутнымі выступілі кіраўнікі групы. Былі акрэслены мэты і задачы пасяджэння.
Пасля ішоў блок адкрытых урокаў членаў абласнога клуба “Прызнанне”. Восем настаўнікаў правялі ўрокі ў васьмі класах СШ №1 у прысутнасці шматлікіх назіральнікаў-настаўнікаў.
Давялося паразмаўляць пасля ўрокаў як з некаторымі педагогамі, якім давялося працаваць у “чужой школе з абсалютна незнаёмымі дзецьмі”, так і з дзецьмі. Незадаволеных, скажам прама, не было. Наадварот, настаўнікі прызнаваліся: усё, што планавалі зрабіць на ўроку, атрымалася. І “глеба” была вельмі спрыяльная: дзеці не падвялі. Прычым, трэба падкрэсліць, што гэта былі не паказушныя ўрокі, а самыя звычайныя, па тэматычнай праграме.
Далей ішлі майстар-класы для настаўнікаў. Таксама па ўсіх прадметных секцыях. Сапраўды, гэта вельмі эфектыўная форма перадачы ўласнага прафесійнага вопыту і сакрэтаў майстэрства педагога.
Ну, і завяршальным акордам стала зноў сустрэча ўсіх у актавай зале школы. Тут арганізатары мерапрыемства гаварылі пра развіццё конкурснага руху як форму павышэння прафмайстэрства, давалі магчымасць настаўнікам-педагогам дзяліцца сваімі творчымі знаходкамі і напрацоўкамі.
Выступіў перад прысутнымі і Дзмітрый Генадзьевіч Мацкевіч, член рэспубліканскай асацыяцыі “Хрустальны журавель” і абласнога клуба “Прызнанне”, настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2004”, “Мужчына года Віцебшчыны-2010”. Да ўсяго, Д. Г. Мацкевіч мае і найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, якую, дарэчы, у нашай краіне мае пакуль што 31 настаўнік. З гэтай нагоды педагог расказаў, як абагульняў свой педагагічны вопыт, як выбіраў тэму для катэгорыі, як абараняў аўтарскую методыку. Раіў не спыняцца на дасягнутым, а заўсёды рухацца наперад, расці прафесійна.
Сваімі аўтарскімі напрацоўкамі падзяліліся і яшчэ некалькі гасцей-педагогаў, заклікалі больш актыўна прымаць удзел у рэспубліканскіх конкурсах прафмайстэрства.
Думаецца, кожны з прысутных на такім пасяджэнні ўзяў для сябе карыснае, вартае пераймання, неабходнае для далейшай, яшчэ больш плённай работы ў галіне адукацыі.
Даведка.
Рэспубліканскі клуб “Хрустальны журавель” створаны ў 2007 годзе з тым, каб кансалідаваць намаганні ўдзельнікаў конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, метадычнай службы для падтрымкі творча працуючых настаўнікаў, распаўсюджвання іх каштоўнага перадавога вопыту, развіцця пазітыўнага іміджу ў грамадстве. Узначальвае клуб Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўнік біялогіі Смаргонскай гімназіі. Аб’ядноўвае на сённяшні дзень 59 чалавек. Члены клуба праводзяць кансультацыі, семінары, творчыя майстар-класы, адкрытыя ўрокі.
Абласны клуб “Прызнанне” створаны тры гады таму. Тэмы і задачы сугучныя з рэспубліканскім. Узначальвае абласны клуб Галіна Анатольеўна Сухава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі №5 г. Віцебска, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009”. Сёння клуб налічвае каля 30 чалавек, з іх – 4 маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”.
Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №92 ад 26.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *