Встречи в коллективах

Общество Президент

Тут падзяліліся трывожнымі думкамі…
Люблю пагаварыць з людзьмі, як кажуць, па душах – і як журналіст, і як член інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама. У гэтай “двуадзінай” іпастасі і адчуў сябе ў час сустрэчы ў калектыве Язвінскай базавай школы. Адчуў, што з намі тут настроены весці гаворку адкрыта, без хітрыкаў і , галоўнае, без той непрыхаванай злосці, якая ўзнікае нярэдка, калі чалавек губляе сталую работу. У школе да гэтага не сышлі, хаця напружання ў гаворцы пазбегнуць не ўдалося.
Адзіны дзень інфармавання (іншымі словамі, сустрэчы ў калектывах) прадугледжвае перш за ўсё падачу інфармацыі. Яе па тэме выканання Дэкрэту № 18 па рабоце з сем’ямі, дзе бацькі вядуць сябе, мякка кажучы, непрыстойна, а ў сям’і дзеці, а таксама па праблеме афрыканскай чумы данесла да калектыву галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. У. Хамаганава. Тэмы гэтыя не новыя, не раз і на розных узроўнях гаварылася і аб праблемах сямей, дзе бацькі вядуць разгульны лад жыцця, і аб тым, чаму нельга зараз заводзіць у хлявах свіней. Таму пытанняў да дакладчыка не было.
Затое іх пазбегнуць не ўдалося ў час гутаркі па праблемах паўсядзённага жыцця ў вёсцы Язвіна. Аўтару гэтых радкоў адрасавалі два пытанні-прапановы: пісаць на старонках газеты аб прыватызацыі жылля, падключаць да азнаямлення з палажэннямі законаў спецыялістаў, а таксама ў пятнічным нумары, калі гэта магчыма, наладзіць выпуск укладыша. Рэдакцыя разгледзіць прапановы чытачоў. Зараз можна сказаць адно: “прыватызацыйнае” пытанне, балючае і не да канца патлумачанае, у газеце будзе разглядацца пастаянна, па другой прапанове сітуацыя больш складаная. Можна наладзіць выпуск укладыша, аднак гэта будзе каштаваць рэдакцыі дадатковых, і немалых, выдаткаў. Пакуль што газета не прыбытковая і дазволіць сабе такі падарунак не можа. Магчыма, з часам, калі палягчэе з фінансамі, такое стане магчымым.
Выступіў перад прысутнымі старшыня Светласельскага сельсавета В. В. Шчарбакоў. Гаворка ішла па ўсім спектры жыцця. Спачатку – па тэме інфармавання. У сельсавеце на ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 61 чалавек, кожны трэці – жанчына. І гэта, на думку кіраўніка мясцовай улады, самая сціплая і самая недакладная лічба, бо колькі аматараў “закінуць за каўнер” засталося за бортам, як кажуць, ведае адзін Бог. І гэты “кантынгент” – сапраўдны боль.
Па адстрэлу бадзяжных сабак. В. В. Шчарбакоў папрасіў званіць асабіста яму ў выпадку, калі вядома, чый сабака бегае па вуліцы не навязаны. На першы раз ён папярэдзіць гаспадара, на другі будзе складзены пратакол для спагнання штрафу. Гэта павінна працверазіць тых, хто сабаку прыручыў, а не даглядае.
Прагучала пытанне, што ў адным з шматкватэрных дамоў па вуліцы Цэнтральнай працякае дах, няма парадку ў падвалах, а камунгас адмаўляецца дапамагчы ў бядзе. Пытанне ўзята на кантроль. В. В. Шчарбакоў дадаткова сказаў, што, хутчэй за ўсё, у 2015 годзе ў Язвіна прыйдзе прыродны газ, на газ будзе пераведзена і кацельня.
Гэта, аднак, у перспектыве, а сёння ў будынку сельскага клуба, у якім месціцца і школьная спартыўная зала, паставілі новы кацёл, але ў качагарцы дымна, і цяпла кацёл не дае. Больш таго, качагары, мякка кажучы, людзі ненадзейныя. Прыйдуць суровыя халады, як тады дзеткам пераапранацца ў зале?..
Востры боль адчуваўся ў словах настаўнікаў, калі загаварылі пра тое, што ў наступны навучальны год знізіцца, па ўсім відаць, статус школы да пачатковай. “Куды нам дзявацца? – пытаюцца настаўнікі. – У Башнёўскай школе вакансій няма, у шумілінскіх школах – таксама…” Адна настаўніца рыхтуецца выйсці на пенсію ў лістападзе 2014-га. “Як дацягнуць, не ведаю”, – турбуецца яна.
Пытанне працаўладкавання будзе, вядома, рашацца, толькі крыху пазней. Хаця не выключаем, што некаму з настаўнікаў давядзецца ўсё ж адмовіцца ад такіх-сякіх даброт і камфорту. А ўвогуле боль язвінскіх настаўнікаў – не больш востры за боль, які перажылі падчас зніжэння статуса школ настаўнікі ў Мікалаёве, у Сураўнях, у Вялікіх Ляжнях. І там балела, і там давялося адступіць перад рэаліямі сённяшняга жыцця.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №92 ад 26.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *