Коллегия областного управления идеологической работы, культуры и по делам молодёжи прошла в Шумилинском районе

Актуалии Культура Президент

Культура – у цэнтры кожнай падзеі
У пятніцу ў Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу прайшла выязная калегія ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. На пачатку мерапрыемства выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч расказаў гасцям пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, больш падрабязна спыніўся на дасягненнях раёна. Выступленне Анатоля Мікалаевіча суправаджалася відэарадам.
У сваім выступленні намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама П. У. Гнуценка засяродзіў увагу на слаўнай даце – 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў сувязі з гэтым Пётр Уладзіміравіч заклікаў яшчэ раз звярнуць увагу на вайсковыя пахаванні (а менавіта іх годны выгляд, іх дагледжанасць і ёсць даніна памяці абаронцам Айчыны, што загінулі дзеля свабоды і незалежнасці краіны).
Удзельнікі калегіі пазнаёміліся з візітоўкамі-прэзентацыямі клубаў нацыянальнай кухні Віцебскага, Дубровенскага, Лёзненскага і Шаркоўшчынскага раёнаў. Беларуская нацыянальная кухня – багатая і адметная. У гэтым яшчэ раз пераканаліся ўдзельнікі форума падчас прэзентацый. Багацце страў, мясцовы каларыт і творчае афармленне – усё гэта надзвычай падкупляла і ўражвала. Недарэмна ж клубы нацыянальнай кухні карыстаюцца попытам на любым свяце – як у нашым Прыдзвінні, так і за яе межамі.
Была праведзена аглядавая экскурсія па Лаўжанскаму  сельскаму цэнтру культуры і вольнага часу, падчас якой госці пазнаёміліся з матэрыяльнай базай цэнтра.
Культура павінна быць у цэнтры кожнай падзеі. Гэта думка стала лейтматывам далейшага пасяджэння калегіі. І няважна, раённы гэта дом культуры ці сельскі, вялікая гарадская бібліятэка ці невялікая сельская. Як гаворыцца, работнікі культуры павінны данесці свой дух, свае ідэі да кожнага жыхара вобласці. Цікавым і насычаным  выдалася выступленне дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці К. П. Лабука. Кацярына Пятроўна закранула і многія праблемныя тэмы ва ўстановах культуры. Гаварылася і пра слабы ўдзел некаторых раёнаў у абласных мерапрыемствах, нежаданне працаваць з ініцыятывай, з агеньчыкам. Прыемна адзначыць тое, што наш раён гучаў толькі са станоўчага боку.
Закранулі на калегіі такія, напрыклад, пытанні, як сучасны стан бібліятэк і перспектыва іх развіцця, вялася гаворка пра выкананне Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады.
Завяршылася калегія абласным аглядам-конкурсам творчых візітак раённых і гарадскіх цэнтраў вобласці. Свае творчыя праграмы прадставілі калектывы Гарадоцкага, Глыбоцкага, Дубровенскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў. А адкрывалі конкурсную праграму  артысты з Мікіціхі.
*  *  *
Адначасова з калегіяй прайшло выязное пашыранае пасяджэнне прэзідыума абласнога савета ветэранаў, на якім прысутнічаў старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Г. М. Ягораў. Асноўная ўвага на пасяджэнні была засяроджана на святкаванні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прагучала таксама справаздача аб рабоце, якая праводзілася па тэме гаворкі ў Глыбоцкай ветэранскай арганізацыі. Выступіла на калегіі старшыня ветэранскай арганізацыі нашага раёна К. Ф. Палоўнікава.
На пасяджэнні была ўручана ганаровая грамата абласной ветэранскай арганізацыі старшыні раённай арганізацыі К. Ф. Палоўнікавай. А ўдзячнымі лістамі абласной арганізацыі адзначаны старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Лаўжанскага сельскага Савета П. І. Кузьмін, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Лаўжанскае” А. С. Барысевіч і калектыў Мікіціхінскай СШ (дырэктар В. М. Асташонак).
Алесь САКАЛОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *