В Обольском доме культуры создали этнографический уголок

Край шумілінскі Культура

“Ад прадзедаў спакон вякоў..”
Ідэя зрабіць этнаграфічны куток “Ад прадзедаў спакон вякоў нам дасталася спадчына” прыйшла да работнікаў Обальскага гарадскога Дома культуры даўно. Але толькі вясной гэтага года зрабілі некалькі этнаграфічных экспедыцый па вёсках Обальскага сельсавета. “І не дарэмна,  – кажа дырэктар Дома культуры В. А. Сіценка. –  У Лявонаве, Шашах і некаторых іншых вёсках з разуменнем адгукнуліся на нашу просьбу падарыць у музей прадметы этнаграфіі. Так мы прыдбалі калыску, начоўкі, маслабойку, прас на вуголлі,  саматканыя дываны.  Вельмі дапамагалі ў афармленні этнаграфічнага кутка (па ўсіх канонах  старажытнай беларускай хаткі)  работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Мы вельмі ганарымся нашым этнаграфічным кутком: цяпер  тут праходзяць розныя тэматычныя сустрэчы, экскурсіі. Гасцей, што бываюць у Доме культуры, мы абавязкова запрашаем у нашу маленькую беларускую хатку”.
З кожным месяцам экспанатаў у этнаграфічным кутку станавіцца ўсё больш і больш. Абальчане прынеслі сюды старажытныя збаночкі, сіта, лаўку, прыгожа вышытыя шторы. Пазней у Доме культуры з’явіліся  куфар, якім карысталіся яшчэ нашы прадзеды, і даваенныя цымбалы.
“Зараз у нашым этнаграфічным кутку налічваецца 39 прадметаў даўніны. Але хочам яшчэ пашырыць свой маленькі музей, – кажа Валянціна Аляксандраўна. –  У нас просьба да жыхароў раёна: будзем рады любым экспанатам. Асабліва нам патрэбны кросны, бо ў будучым мяркуем самі навучыцца ткацтву і адкрыць пры Доме культуры  ткацкі гурток”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *