В Шумилино прошел районный этап конкурса «Песни юности наших отцов»

Актуалии Культура Молодёжь

“Прыз глядацкіх сімпатый” дастаўся дуэту з ЖКГ у складзе Антона Баранава і Вольгі Шчамялёвай.

А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта наогул спяваць


2 лютага на сцэне дзіцячай школы мастацтваў прайшоў раённы этап конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Арганізатарам выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Удзельнікаў ацэньвалі ў дзвюх намінацыях: “Саліст-вакаліст” і “Вакальны гурт”. Трэба было выканаць дзве песні – патрыятычную і шлягер. Паспрабавалі сябе ў майстэрстве сольнага ці групавога выступлення маладыя хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 16 да 31 года. Творчае спаборніцтва вылілася ў сапраўдную канцэртную рэтра-праграму з любімымі песнямі савецкага часу.
Першым выступаць заўсёды складана. Каб прадэманстраваць пераемнасць пакаленняў, гэту місію ўзяла на сябе Кацярына Палоўнікава. Пад гукі баяна яна выканала аўтарскую песню “Мой край”. Далей эстафету падхапілі канкурсанты.
Выступленне Ксеніі Медзікавай з Сіроцінскага СК-бібліятэкі атрымалася цудоўным: усе дружна пляскалі ў далоні і падпявалі вядомую песню “Навагоднія цацкі”. А вось Кацярына Радкевіч з Мікіціхінскага сада пакарыла сваёй жыццярадаснасцю, аптымізмам і шчырай усмешкай. Музычная кампазіцыя “Абеліск” у выкананні Ганны Новікавай (Ляжнёўскі сельскі клуб-цэнтр духоўнага выхавання) уразіла тэатралізацыяй, майстэрствам выканання, хвалюючым перажываннем на сцэне і моцным голасам выканаўцы. Ульяна Пушкарова (Кардонскі СК) проста зачаравала не толькі пяшчотным выкананнем песні “Адпускаю”, але і ўласным шчырым абаяннем.
Гледачы пачулі выдатныя песні з рэпертуару вядомых спевакоў пра нашу зямлю, пра родную Беларусь, пра салдат, пра дзядоў і прадзедаў, пра вайну і Перамогу.
– Конкурс па ўзроўні падрыхтоўкі і выканання з кожным годам становіцца больш прафесійным, – адзначыла старшыня журы Валянціна Навіцкая, падводзячы вынікі.
У намінацыі “Саліст-вакаліст” трэцяе месца заняла Лізавета Масько (Шумілінскі РЦК), на другой прыступцы аказаліся адразу дзве ўдзельніцы –  Валерыя Шашкова і Вераніка Сакалова (Шу-мілінская ДШМ). У намінацыі “Вакальная група” дыплом першай ступені атрымалі ўдзельніцы эстраднай студыі “Асарці” (Шумілінскі РЦК).
Усіх удзельнікаў песеннага конкурсу ўзнагародзілі дыпломамі і спецыяльнымі прызамі. У намінацыі “Паспяховы дэбют” перамаглі Анастасія Бельская (аўтаклуб) і Анастасія Быкава (яслі-сад № 2). “За лепшае выкананне патрыятычнай песні” ўзнагароды ўдастоілася Юлія Цітова (Мішневіцкі СК). “За лепшы шлягер” узнагародзілі Дар’ю Кудлаёву (Обальскі ГДК). “За артыстычнасць” уручылі дыплом Ксеніі Шчукінай (Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу). “Прыз глядацкіх сімпатый” дастаўся дуэту з ЖКГ у складзе Антона Баранава і Вольгі Шчамялёвай.
Пераможцы будуць прадстаўляць Шумілін-шчыну на абласным этапе конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які пройдзе 13 лютага ў Гарадку.
Вольга КОЦІКАВА,
няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №11 ад 05.02.2019 г.