Министр связи и информатизации Н. П. Пантелей провёл в Шумилинском районе «прямую линию» и приём граждан

Актуалии Общество

Якая сувязь сёння, і што чакае яе заўтра
У нашым раёне  “прамую лінію” і прыём грамадзян правёў міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пятровіч Панцялей.
Першай на прыём да  шаноўнага сталічнага госця напрасілася старшыня садовага таварыства з Віцебскага раёна. Справа ў тым, што ў калектыве пераважна ветэраны сувязі, людзі, якія аддалі прафесіі па сорак і больш гадоў. Кіраўніка таварыства прывяла на прыём адна балючая праблема: пад’язныя дарогі да масіву таварыства  нікудышныя, вось каб дапамаглі ў міністэрстве прывесці дарогу ў прыстойны стан, а то ні хуткай дапамозе, ні газавікам не праехаць, асабліва разводдзем.
М. П. Панцялей абяцаў разабрацца з сітуацыяй і па магчымасці дапамагчы.
Пакуль не было наведвальнікаў, міністр сувязі і інфарматызацыі  павёў гаворку аб так званай мотадастаўцы пошты і наогул пра перасоўны характар аказання паштовых паслуг. Начальнік раённага вузла паштовай сувязі К. Г. Анацка расказаў, што сёння 81 вёска з 252 у раёне ахоплена такім відам паштовых паслуг. Спачатку былі незадаволеныя,  але паступова праблемы адрэгуляваліся. Праўда, не ўсе. Як пацвярджэнне, званок міністру з вёскі Бываліна Лаўжанскага сельсавета  ад Г. П. Гусакова. Старэйшына вёскі заклапочаны тым, што падчас прыезду перасоўнага паштовага аўто ў вёску Сіроціна людзям і ў дождж, і ў золь даводзіцца стаяць ля машыны цэлую гадзіну. Раней было  больш утульна, калі  ў Сіроціне існавала сваё аддзяленне сувязі…
Праблема ёсць, згадзіўся міністр М. П. Панцялей. Праўда,  трэба нацэльваць людзей прыходзіць да машыны не ў адну хвіліну (аўто прыязджае 5 разоў на тыдзень з разліку  адну гадзіну ў дзень), а на працягу ўсяго часу абслугоўвання. А праблему дыскамфорту кліентаў у час дажджу, хутчэй за ўсё, вырашыць тэнт, накшталт такога, як для гандлю ў прадпрымальнікаў, які будзе знаходзіцца ў перасоўнай паштовай машыне. Некалькі хвілін, і тэнт гатовы. Праўда, тэнт не дапаможа ў моцныя маразы…
Гаворка вялася  па правадным  і эфірным радыё, па эфірным  тэлебачанні (як альтэрнатыве інтэрактыўнаму Zala), па прынцыповай схеме дастаўкі прэсы і карэспандэнцыі ў аддаленыя вёскі, дзе адна ці дзве-тры хаты з людзьмі.  Адзначана, што эфірнае радыё і тэлебачанне прабівае сабе дарогу настойліва і мэтанакіравана. На Шуміліна працуе магутны перадатчык з Ушач, ёсць яшчэ перадатчыкі па вобласці, у Віцебску ён з’явіцца толькі ў маі 2014-га.  З часам, калі “хвалямі” будзе ахоплена ўся вобласць, можна гаварыць пра трывалую радыёэфірную сувязь і  эфірнае тэлебачанне. Дарэчы, эфірным тэлебачаннем і радыё ахоплены на Шуміліншчыне вёскі Грудзінава, Лявонава, частка Обалі. Прыйдзе неўзабаве такая паслуга і для іншых жыхароў раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў, які курыруе галіну сувязі, пацікавіўся, наколькі рэальна мець для навасёлаў дамафоны ад тэлефоннай сувязі. Рэальна, адказаў міністр. Зараз можна ў адным “флаконе” мець і Zala, и дамафон, падключаны да тэлефоннага аппарата, а ў перспектыве – выведзены і на відэатэлефон. Так што ў час праектавання жылых дамоў гэту акалічнасць трэба ўлічваць.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №99 ад 20.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *