К профессиональному празднику

Общество

Паўналецце ў прафесіі
Галоўны спецыяліст аддзела пенсій, дапамог і сацыяльных пытанняў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Васільеўна Свякровіна сустракае сёлета сваё прафесійнае свята ў васямнаццаты раз. Жартуе, што дасягнула паўналецця ў прафесіі. Ну, а калі сур’ёзна, то ўсе  гэтыя гады  былі напоўнены стараннай работай, творчым пошукам, самаадукацыяй і завочнай вучобай ва ўніверсітэце.
Таццяна Васільеўна настойлівая, прынцыповая, любіць парадак у справах.
Як галоўны спецыяліст ад-дзела яна адказвае за ўстаноўку і аднаўленне камп’ютарных праграм для сваіх работнікаў, з’яўляецца  адміністратарам базы дадзеных, адказвае за ахову камп’ютарнай інфармацыі.  Таццяна Васільеўна сочыць за змяненнем памеру пенсій, бо фарміруе ведамасці на выплату і накіроўвае іх у банкі або ў ад-дзяленне паштовай сувязі.
Работы прыбавілася з 1 ліпеня мінулага года, калі прызначэннем пенсій і грашовых выплат сталі займацца непасрэдна спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. “І мы з гэтай работай справіліся нядрэнна, – лічыць начальнік упраўлення С. В. Валекава. – Былі ў пяцёрцы лепшых раёнаў вобласці. І гэта дзякуючы кампетэнтнасці і прафесіяналізму такіх спецыялістаў як Таццяна Васільеўна Свякровіна”.
Прызваныя дапамагаць
У аддзеле пенсій, дапамог і сацыяльных пытанняў падабраўся надзейны касцяк спецыялістаў, якім можна даверыць любую справу, лічыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава. Спецыялісты вопытныя.
“Мы адказваем за выплату рознага роду грашовых дапамог, – кажа начальнік аддзела  Наталля Віктараўна Кузьмянок. – Даём кансультацыі, прымаем дакументы на прызначэнне пенсій па ўзросце, па страце кармільца і па інваліднасці. Прызначаем усе віды дзіцячых грашовых дапамог, выдаём пасведчанні пацярпелым на Чарнобыльскай АЭС і ў іншых радыяцыйных аварыях. Кожны спецыяліст адказвае за свой участак работы. Я правяраю правільнасць афармлення ўсіх дакументаў. Вядома, пры неабходнасці разам дапрацоўваем і выпраўляем памылкі. Работа нашых спецыялістаў – гэта непарыўны працэс, адзінае цэлае. Выпала адно звяно – і ўся работа спынілася. Пакуль не паправіш, не злучыш усе звёны – работа не наладзіцца”.  Наталля Віктараўна адказвае яшчэ і за завароты грамадзян, якія часцей тычацца льготных пенсій, дапамог па догляду за састарэлымі.
Намеснік начальніка аддзела Таццяна Іванаўна Мітрафанава  таксама вопытны спецыяліст, яна працуе з банкамі па выплаце пенсій і іншых грашовых дапамог, адказвае за кампенсацыю нявыкарыстаных санаторных пуцёвак інвалідам і ўдзельнікам вайны.
Галоўны спецыяліст Ірына Анатольеўна Міронава, якая ў адказе за выплату пенсій па Мішневіцкаму, Каўлякоўскаму, Обальскаму і Сіроцінскаму сельсаветах, яна можа замяніць практычна любога работніка, бо вывучыла ўсе накірункі дзейнасці аддзела. Не менш старанная і Вольга Міхайлаўна Данчанка, якая працуе з Мікалаёўскім, Дабейскім, Лаўжанскім і Светласельскім сельсаветамі. Вопыт сваіх калег пераймае і самы малады спецыяліст аддзела Алеся  Гулюта.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *