Женщина года Шумилинщины: Лариса Забавская

Общество

Тут без псіхолага ніяк

Кожны з нас на розных этапах свайго жыцця мае патрэбу ў эмацыянальнай падтрымцы. Асаблівая дапамога неабходная тым, хто перажывае жыццёвыя крызісы і стрэсы, хто не ведае, як вырашыць праблему, якая, як снег на галаву, звалілася. І як добра, што ёсць у нас такая сацыяльная служба, як Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працуе псіхолаг, які заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі. Улічваючы спецыфіку работы, тут без псіхолага ніяк.


Сёлета будзе 6 год, як пасаду псіхолага ў ТЦСАН займае Ларыса Забаўская. Пасаду нялёгкую, незайздросную, але вельмі неабходную і запатрабаваную. Калегі адзначаюць, што ім на псіхолага пашанцавала: Ларысу вылучае інтэлігентнасць, душэўнасць, жыццёвасць, пазітыўны настрой, уменне знаходзіць агульную мову, жаданне ўнікаць у сітуацыю і дапамагаць.
– Дапамагаю ўсім, хто просіць, – кажа Ларыса Мікалаеўна. – А прасіць, самі разумееце, ёсць каму, бо асноўныя нашы кліенты – людзі, якім жыццё паставіла падножку, падкінула нямала праблем. Гэта і інваліды, як дарослыя, так і дзеці, і адзінокія сталыя грамадзяне, людзі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. У нас зараз у цэнтры на ўліку знаходзіцца 25 чалавек ва ўзросце ад 18 да 23 год з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без папячыцельства бацькоў. Іх мы бяром на постінтэрнатнае суправаджэнне, бо, як правіла, такіх дарослых дзяцей трэба вучыць жыць у грамадстве практычна з нуля.
Адным словам, усім, каму на пэўным этапе неабходна дапамагчы знайсці ў сябе сілы і магчымасці справіцца з цяжкасцямі і падказаць, як жыць далей.
Псіхолаг цэнтра адкрытая кожнаму, яе паважаюць, да яе парад прыслухоўваюцца. Яе падапечныя тэлефануюць у любы час сутак, у будні і святы. Часам для таго, каб проста паразмаўляць. Яна праводзіць як вочныя, так і завочныя кансультацыі, ёй можна пазваніць на тэлефон даверу і раскрыць, як кажуць, душу, ведаючы, што не будзеш асуджаны. Да яе можна проста прыйсці.
“Я вельмі спакойны і стрыманы чалавек, мяне практычна немагчыма вывесці з сябе, – дае сабе характарыстыку Ларыса Забаўская. – Я адэкватна адношуся да жыцця і рэчаіснасці, мяне гэтаму навучылі псіхалагічныя трэнінгі, якіх было шмат падчас вучобы ва ўніверсітэце. Ды і жыццё загартоўвае”.
А жыццё прымушала Л. М. Забаўскую не стаяць на месцы, не губляцца, самой не баяцца цяжкасцяў, а дзейнічаць. Яна сама з Брэстчыны, па першай адукацыі аграном, прыехала ў далёкія і незнаёмыя Сураўні з мужам (ён з Глыбоччыны), куды яго размеркавалі таксама пасля заканчэння сельскагаспадарчай вышэйшай навучальнай установы, і засталася. Працоўных вакантных месцаў і тады было нягуста, таму для дзяўчыны знайшлося месца ў мясцовай школе. Калі ў школе пачалі ўводзіць стаўкі псіхолагаў-сацыяльных работнікаў, Ларыса Мікалаеўна адправілася ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт атрымліваць другую вышэйшую адукацыю. Пасля яна працавала намеснікам па выхаваўчай рабоце.
Калі Суравенскую школу зрабілі пачатковай, Ларыса Забаўская, рэальна ацэньваючы сітуацыю, едзе ў Шуміліна і ўладкоўваецца на “Вітконпрадукт” рабочай, паралельна шукаючы работу. Практычна праз год яна становіцца псіхолагам ТЦСАН, хутка ўваходзіць у курс спраў і абавязкаў, заваёўвае аўтарытэт сярод калег і пацыентаў. У мінулым годзе калектыў ТЦСАН вылучыў Л. М. Забаўскую на ганаровае званне «Жанчына года Шуміліншчыны» ў сферы сацыяльных паслуг.
Зараз сям’я Забаўскіх жыве на два дамы. Не, яны не адмовіліся ад кватэры на Казьяншчыне. “Нас з Сураўнямі звязваюць тры дзясяткі год. Вёска стала для нас другой радзімай, – прызнаецца Ларыса. – Тут агарод, тут прырода, грыбы і ягады, тут чыстае паветра, толькі тут можна па-сапраўднаму адпачыць. Нават нашы сябры і сябры сына, выбіраючы, куды ехаць у госці, аддаюць перавагу вёсцы”.
…У навагоднюю ноч Ларыса Забаўская традыцыйна набудавала шмат планаў, вытворчых і асабістых. Па-іншаму нельга. У кожнага чалавека павінны быць мэты, павінна быць матывацыя, каб ён бачыў і разумеў сэнс і кошт жыцця, нягледзячы ні на што.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №1 ад 04.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *