Деревенские условия жизни в Подорах не пугают семью Ераньковых

Грамадства Сям’я

Дзеці – іх багацце
Алеся і Валерый Ераньковы – маладая вясковая сям’я з Падор, што на Обальшчыне. Яны ўпэўнены, што галоўнае багацце – гэта свой дом, дзеці, а таксама зямля, ад якой можна атрымліваць нядрэнную аддачу.

Падоры – родная вёска Валерыя, тут жывуць ягоныя бацькі. Тут жа вырашыў асесці і Валерый з маладой жонкай. Купілі хату на краі вёскі, пафарбавалі, зрабілі рамонт. Негарадскія ўмовы – пячное ацяпленне, вада ў калодзежы – ніколькі не пужалі. Абодва ж вясковыя (Алеся з Федзькава, што ля Кардона).
Неўзабаве ў маладой сям’і з’я-віўся першынец Мікіта, а праз два гады Слава. Невялікай гаспадаркі, што сям’я завяла спачатку, падалося мала. І хутка на падворку з’явілася другая карова, затым свінні, куры. Некалькі гадоў трымалі авечак і гусей. Для такой гаспадаркі прыйшлося дадаткова зрабіць гаспадарчыя пабудовы. І Валера ўзяўся за будаўніцтва, вельмі дапамагаў бацька.
– Як жа вы спраўляецеся і з двума каровамі, і з дзецьмі? – пытаемся ў Алесі Ераньковай.
– Гэта звыклая справа, – усміхаецца жанчына. – Сыны падраслі ўжо, добрыя памочнікі. Мікіту споўнілася 12 гадоў, а Славіку 10. У мужа ёсць трактар з навяснымі ўстройствамі. Сушым сена талакой, дапамагаюць сваякі. У вёсцы раздолле, палеткаў хапае з травой – з гэтым няма праблем. Я раней працавала ў швейным цэху ў Обалі, а цяпер дамашняя гаспадыня. Вечарамі і ў выхадныя дапамагаюць муж і дзеці. Валера працуе лесніком у Мікалаеўскім лясніцтве, жартуе, што ў мяне па гаспадарцы работы больш, чым у яго ў лесе.
Некалькі гадоў таму Ераньковы пабудавалі ў Обалі кааператыўную кватэру. Але пераяз-джаць у гарадскі пасёлак не збіраюцца. А жыллё лішнім не будзе – падрастаюць сыны.
Ераньковы жывуць разам трынаццаць гадоў. За гэты час добра вывучылі адзін аднаго і ведаюць, што самае галоўнае ў сямейным жыцці – гэта павага, а яшчэ цярпенне і стрыманасць, якія дапамагаюць згладжваць дробныя канфлікты, спрыяюць узаемаразуменню. Добрым прыкладам працавітасці, жыццястойкасці і аптымізму з’яўляюцца бацькі, з якіх заўсёды бяруць прыклад.
Алеся і Валерый Ераньковы разумеюць: як яны будуць будаваць свае ўзаемаадносіны, так у далейшым будуць рабіць і дзеці ўжо ў сваіх сем’ях. Таму бацькі стараюцца падаваць сынам добры прыклад старання, згоды, дабрабыту. А яшчэ адзін з галоўных сакрэтаў сям’і ў тым, каб дзеці адчувалі бацькоўскую любоў, бачылі, што яны патрэбныя, што іх думка заўсёды ўлічваецца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №23 ад 24.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *