«Быў у ліку першых»
На мінулым тыдні 90-гадовы юбілей адзначыў жыхар райцэнтра Анатоль Піліпавіч ЯСКО, ветэран педагагічнай працы.
Аднымі з першых да яго з віншаваннямі завіталі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка, настаўнікі СШ № 1 г. п. Шуміліна, былы дырэктар СШ № 1 Міхаіл Сямёнаў.
– Ад імя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і аддзела па адукацыі райвыканкама шчыра віншую вас з гэтай слаўнай датай, – адзначыла Галіна Раманенка. – Вы заўсёды былі адданыя сваёй прафесіі, вас любілі і паважалі вучні, калегі.
А. П. Яско родам з Лепельшчыны, працаваў у Бешанковіцкім і Аршанскім раёнах. З 1966 года, калі быў адноўлены наш раён, яго лёс непарыўна звязаны з Шумілінам, яно стала другой радзімай. Пасля года работы інспектарам у аддзеле адукацыі ў 1967 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Шумілінскай СШ № 2. «Анатоль Піліпавіч быў сапраўдным генератарам ідэй, – зазначыў Міхаіл Захаравіч Сямёнаў. – Заўсёды быў у ліку першых. Шчыра адносіўся да работы».
У 1976 годзе ў Анатоля Яско пачаўся новы этап педагагічнай работы – СШ № 1 г. п. Шуміліна, у якой на працягу амаль 30 год ён быў ваенным кіраўніком і выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку, біялогію і хімію.
Сёння А. П. Яско цёплым словам згадвае сваіх калег, з якімі доўгі час працаваў, успамінае вучняў. «Многія сталі настаўнікамі, – кажа Анатоль Піліпавіч. – І для мяне гэта важна. Значыць, правільна вучыў і выхоўваў, калі яны абралі педагагічную сцежку. Прыемна, калі са мной вітаюцца на вуліцы мае вучні, пытаюцца пра жыццё».
Разам з жонкай Марыяй Піліпаўнай Анатоль Яско выхаваў двух сыноў. Сваім гонарам называе трох унукаў.
У дзень нараджэння юбіляр атрымаў шмат віншаванняў – ад дзяцей, унукаў, калег, сяброў, шматлікіх вучняў. Калектыў рэдакцыі газеты, сярод якога таксама ёсць яго вучань, далучаецца да віншаванняў.
Здароўя і ўсяго самага добрага і светлага!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


