На жніво – талакою

Общество Сельское хозяйство

На жніво – талакою
На мінулым тыдні на падворку жыхаркі в. Каравайніца Еўдакіі Іванаўны Васільевай сабраліся яе сяброўкі, ветэраны працы. Іншымі словамі, талака. Менавіта талакою раней выходзілі на жніво.  Вось жанчыны і вырашылі згадаць маладосць, аднавіць народную традыцыю. З сярпамі ў руках  яны ўзяліся жаць пяць сотак пшаніцы. Потым вязалі ў снапы,  снапы ставілі ў бабкі. Як у даўнія часы.
– Эх, даўно не жала я сярпом, – кажа К. М. Пальвінская. – Думала, забыліся рукі на гэту работу, аж нічога…
На падмогу Еўдакіі Іванаўне прыйшла і сяброўка дзяцінства Надзея Мікітаўна Віславухава. Яны некалі разам жалі жыта. Дарэчы, самай старэйшай жняі, Алене Іванаўне Талсташовай, споўнілася 84 гады. Але і яна не стаяла ўбаку. Пытаемся ў жанчын, дзе ж бралі столькі сярпоў? “Знайшлі пад стрэхамі”, – смяюцца ветэраны.
У гэты дзень талака зжала пшаніцу. Бабкі паставілі ў пачатку агарода, каб камбайну зручней было пад’ехаць. “Не, мы не заклікаем усіх вяскоўцаў браць сярпы ў рукі, – кажа Еўдакія Іванаўна. – Але ж камбайну круціцца на маіх сотках цяжка, вось і вырашылі зжаць. Ды і згадалі маладыя гады…”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №63 ад 19.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *