М. Мароз «Папялішча не тлен”. Диалог автора с читателями

Духоўнае

У фармаце дыялогу
5 лістапада 1943 года пасля доўгіх катаванняў ва ўрочышчы Баравуха пад Полацкам былі расстраляны фашыстамі актывісты камсамольска-маладзёжнай арганізацыі “Юныя мсціўцы” з Обалі Ніна Азоліна, Уладзімір Езавітаў, Яўген Езавітаў, Мікалай Аляксееў, Зіна Лузгіна і Фёдар Слышанкоў. Іх імёны, а таксама імёны ўсіх 38 членаў Обальскага падполля навечна занесены ў аналы нашай гістарычнай памяці.
У Мішневіцкай СШ напярэдадні 67-ай гадавіны з дня гібелі падпольшчыкаў правялі чытацкую канферэнцыю па кнізе “Папялішча — не тлен”, куды запрашалі і мяне, аўтара кнігі. Прызнаюся, люблю дапытлівую моладзь, хацелася паехаць у школу, але так склалася, што не змог. Тады я прапанаваў дырэктару В. С. Курчанавай пераслаць у рэдакцыю пытанні, на якія канферэнцыя хацела б мець адказ.
І вось пытанні ў мяне на стале. Можа, калі б была жывая гаворка ў зале, яна нарадзіла б больш цікавыя і запамінальныя пытанні, тым не менш і тыя, што пераслалі, вартыя ўвагі. Праўда, па-мойму, некалькі пытанняў усё ж адрасаваны не мне як пісьменніку, а работнікам музея “Обальскае падполле”. Напрыклад, ці многа падпольшчыкаў з Обалі засталося сёння  ў жывых? Або “Ці пра ўсіх ўдзельнікаў падпольнай арганізацыі вядома?”. Ды і пра льготы ім, іншыя сацыяльныя перавагі — таксама не “маё” пытанне, хаця  ўсё ж з яго і пачну гаворку. Падпольшчыкі — ветэраны вайны, а значыць, яны карыстаюцца тымі ж льготамі. І засталіся ў жывых сёння адзінкі. Пра гэта расказала ў размове навуковы супрацоўнік Обальскага музея Л. П. Лузгіна. Жыве ў Мінску Валянціна Сяргееўна Дзяменцьева, у Обалі — Аляксандра Фёдараўна Ганчарова (дзявочае прозвішча Слышанкова) — сувязная, пазней вязень канцлагера, у Санкт-Пецярбурзе — малодшая сястра Зіны Партновай Галіна Мартынаўна Мельнікава, партызанка, якая мела дачыненне да падполля.
Пра тое, ці пра ўсіх вядома. З усёй кагорты падпольшчыкаў 19  актывістаў, пра іх у музеі вядома, напэўна, усё, хаця час нараджае нярэдка і новыя факты, нечаканыя звесткі ці дакументы, і яны папаўняюць музейныя экспанаты. Так сталася і з Кацярынай Нікіфараўнай Зяньковай, пра якую згадваецца ў адным з пытанняў, маўляў, пасля рэканструкцыі музея на стэндзе з’явіўся і яе здымак. Чаму з такім спазненнем? К. Н. Зянькова стаяла ля вытокаў падполля, але неўзабаве пайшла ў партызанскі атрад, была сувязной. У музеі ж падчас адкрыцця рабілі акцэнт на тых, хто да канца заставаўся ў Обалі, а пасля рэканструкцыі экспазіцыю дапоўнілі. Тым больш, што К. Н. Зянькова — у ліку 38 падпольшчыкаў, зацверджаных афіцыйна і пажыццёва.  Хочацца, каб знайшоў нехта дзённік Ніны Азолінай (чамусьці я перакананы, што ён быў, запісвала свае думкі мужная падпольшчыца), знайшліся вершы-памфлеты, напісаныя рукой Марыйкі Лузгіной (дарэчы, у кнізе нельга было абысціся без вершаваных радкоў, таму давялося прыдумваць за Марыю. Як і дзённікавыя запісы).
Чаму ж зацікавіла мяне менавіта гэта тэма? Усё проста: захацелася перажыць за маладых змагароў, паказаць больш прыстойна тых падпольшчыкаў, хто незаслужана застаўся ў ценю, аддаць ім даніну глыбокай павагі. Усе матэрыялы, што меліся ў Обальскім музеі, атрымаў. Схадзіў-з’ездзіў удоўж і ўпоперак Обаль, вёскі, дзе нарадзіліся падпольшчыкі, пажыў, так сказаць, духам барацьбы. Быў не раз у Мінску, размаўляў з усімі, хто быў жывы і мог нешта помніць з той ваеннай пары. Кніга “Папялішча — не тлен”  мастацка-дакументальная, адсюль і паяднанне мастацкага вобраза, вымыслу і дакументаў.
Сам я, між тым, з пасляваеннага дзяцінства. А хіба дрэнна атрымалася ў Льва Талстога з “Вайной і мірам”, хаця пісьменнік і не прымаў удзел у баях з французамі? Або блага напісаны падзеі часоў Усяслава Чарадзея пісьменнікам Леанідам Дайнекам у кнізе “Ваўкалак”? Або вось ва Уладзіміра Караткевіча з драмай “Званы Віцебска”?.. І такіх прыкладаў безліч, калі пісьменнік выседжвае ў архівах, музеях, многае дамыслівае на свой розум. Шмат было ў мяне варыянтаў і з назваю кнігі. Папялішча — тут ачаг, бацькаўшчына, а тлен — нешта сатлелае, спаленае і пустое. Дык вось родная зямля для мужных абальчан не была пустым гукам…
І апошняе, 20 лютага 2011 года юбілей Зіны Партновай. Ёй было б 85. Таксама нагода перачытаць яшчэ раз пра яе ў кніжках, перагартаць старонкі любімых выданняў.
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *