Когда бизнес и благотворительность идут рядом

Актуалии Общество

Які Сава, такая і слава
Прыказка, вынесеная ў загаловак артыкула, успаміналася, калі мы пазнаёміліся з Віталем Пятровічам Васёхам з Мікалаёва.
Малады чалавек два гады таму адкрыў сваю справу. І яна, па ўсяму бачна, ідзе нядрэнна. На пілараме працаўладкаваліся сем мясцовых мужчын. Людзі задаволены работай і заробкам.  Акрамя гэтага, Віталь знаходзіць час і магчымасць займацца яшчэ і дабрачыннасцю.
«Віталь Васёха – чалавек добры і бескарысны. Ён бясплатна дапамагае многім людзям і цэлым арганізацыям, – кажа старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама У. А. Сядлоўскі. – Напрыклад, у мінулым годзе вакол сельвыканкама зрабіў агароджу. Прычым, бясплатна. А летам дапамагаў наводзіць парадак у вёсцы – на ўласнай касілцы абкошваў прыдарожныя канавы».
Побач з будынкам Мікалаёўскага сельвыканкама знаходзіцца дзіцячы сад. Прыгожая агароджа, што яго акружае, таксама зроблена не без дапамогі Віталя. “Штыкет для агароджы нам падарыў КУСГП “Ульскі”, і мы вельмі ўдзячны за гэта, – кажа загадчыца Мікалаёўскага дзіцячага сада Л. А. Ніканава. – Але без  драўляных брусоў мы не маглі прыступіць да будаўніцтва. Іх нам прывёз Віталь Васёха. Ён неабыякавы чалавек, думае пра сваю вёску, пра той жа дзіцячы садок, у які і сам калісьці бегаў”.
Віталь Пятровіч дапамагаў будаўнічымі  матэрыяламі, калі ўзводзілі капліцу ў Кардоне. І сам працаваў з сякерай і пілой у руках. Увогуле на Мікалаёўшчне шмат шчырых і дружных людзей: і капліцу пабудавалі талакой, і наводзілі парадак  на могілках, і прыбіралі вясковыя вуліцы.
“А яшчэ Віталь Васёха дапамог нядаўна Мікалаёўскай бальніцы сястрынскага догляду, – дадае начальнік гаспадарчай службы райбальніцы Я. А. Анішчанка. – У пральні бальніцы прагніў дах і тэрмінова трэба былі дошкі.  Віталь даў іх бясплатна, і мы хутка зрабілі рамонт”. Пытаемся ў Віталя, як часта да яго звяртаюцца за дапамогай. “Ды вось і сёння прыязджаў бацюшка з Улы, прасіў будаўнічыя матэрыялы на рамонт царквы, – усміхаецца малады прадпрымальнік. – Трэба дапамагчы, многія ж мікалаёўцы наведваюць царкву ў Уле”.
Уменне арганізаваць работу, бачыць праблемы іншых, не забывацца і на сям’ю – гэтага ў Віталя Васёхі не адняць. Гэтым ён жыве. Акрамя таго, Віталь – добры гаспадар і муж, расказалі нам у Мікалаёўскім сельвыканкаме. Разам з жонкай Віталь выхоўвае чацвярых дзяцей – трое сваіх і прыёмную пляменніцу.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 17.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *