Лето – время “большого” молока

Актуалии Сельское хозяйство

І вада – як сырадой
Падчас чарговага дня жывёлавода мы пабывалі на некаторых фермах ААТ “Прыазёрны мір”.
Збочваем на поле паміж фермамі Непароты і Маркава. І раптам каровы даволі рухава падаюцца ўперад. Прызнацца, нават падумалі, што яны вырваліся з электрапастуха. “Ды не, – супакоілі жывёлаводы, – гэта разбілі новы загон, дык каровы паспяшаліся на сакавітую траву. Тут іх і пераганяць не трэба, самі пайшлі”.
На ферме Непароты статак немалы – 260 галоў. “З такой колькасцю жывёлы аднаму цяжка справіцца, пасвім удвух, – патлумачылі пастухі Сяргей Тарасенка і Юрый Касцюкоў. –Прытрымліваемся франтальнага метаду пасьбы, праз кожныя дзве гадзіны разбіваем загоны. Зараз надоі нядрэнныя – больш як дванаццаць кілаграмаў на карову. Ды і жывёла не на адной траве – падкормліваюць шротам”.
Як, дарэчы, і на ферме Маркава. Пытаемся аб праблемах у пастуха Уладзіміра Касцюкова. “Перашкаджае спякота,–  гаворыць ён. – У час дойкі набіраюць бочку халоднай вады, але ж яна праз некалькі хвілін становіцца як сырадой. І яшчэ хацелася б, каб ваду каровам на поле прывозілі з Непарот, бо яна там чыстая, а ў Маркаве іржавая – каровы яе і піць не хочуць”.
Сёння на ферме Маркава дояць больш за адзінаццаць літраў малака на карову. Прычым, як расказала галоўны заатэхнік М. К. Янушэвіч, малако ідзе ў асноўным гатункам экстра-клас.
То халадзільнікаў не стае, то ветурача няма…
Калі некалькі гадоў таму малако гатункам экстра-клас было ў раёне ў навінку, то сёння яго дояць практычна ва ўсіх гаспадарках раёна. Напрыклад, за студзень-май бягучага года ў вытворчы цэх ААТ “Малако” паступіла 38,4% малака экстра-класу. На думку спецыялістаў сырзавода, гэтага ўсё ж мала: для вытворчасці сыроў трэба якаснае малако, таму пажадана, каб з кожнай гаспадаркі здавалі хаця б палову ўсяго малака гатункам экстра. Намнога “пераскочылі” гэту планку за пяць месяцаў года ААТ “АграБаравінка” і “Лаўжанскі” – даільныя залы, што пабудаваны на жывёлагадоўчым комплексе і на ферме Рашэтнікі, апраўдваюць сябе. Добра спрацавалі ў “Крыніцы”: здалі 52% малака гатункам экстра-клас. “Тут проста добра наладжана работа, – лічыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. Г. Шыманец. – З жывёлаводаў гэтай гаспадаркі можна браць прыклад”. І не толькі “Ляжням” і “Ульскаму” (адсюль за пяць месяцаў здалі на сырзавод 8% і 6,4% малака экстра-класу адпаведна), але і іншым гаспадаркам.
І пры пашавым ўтрыманні кароў можна атрымаць якаснае малако. Доказ гэтаму – першая дэкада чэрвеня. Па 70-80% малака вышэйшага гатунку здаюць кожны дзень з “Лаўжанскага”, “Мішневіч”, “АграБаравінкі” і “Крыніцы”. Вялікая заслуга ў такім поспеху ветурачоў і ветфельчараў, якія своечасова пралячылі кароў; даярак і жывёлаводаў, якія добра прамылі бачкі, падвезлі ваду, паклалі жывёле соль; заатэхнікаў і іншых галоўных спецыялістаў, якія пракантралявалі работу. Больш за палову малака ад агульнай колькасці здаюць экстра-класам з “Прыдзвінскага” і “Прыазёрны мір”. Падцягваюцца і іншыя гаспадаркі. Толькі вось у “Ульскага “насупраць графы “экстра” стаіць лічба нуль. Недацягваюць. І прычын тут многа. Няма ў гаспадарцы галоўнага ветурача, не стае добрых халадзільнікаў….
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №44 ад 14.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *