Разведчик территориальных войск — 6 шумилинских запасников получили такую специализацию

Актуалии Общество

Народнае апалчэнне
У пачатку сакавіка шэсць нашых землякоў былі адпраўлены на трохтыднёвыя вайсковыя зборы ў 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду ў Заслонава для атрымання вайсковай спецыяльнасці “разведчык” для тэрытарыяльных войск раёна. Перад тым, як адправіцца на зборы, мужчыны прайшлі сур’ёзны адбор. Гэта і медыцынская камісія, і  гутаркі з прадстаў-нікамі вайсковай часці. З усіх кандыдатаў былі абраны самыя годныя – Вадзім Капіч, Віталь Аляксееў (абодва працуюць у ПМК-70), Аляксандр Русакоў (райспажыўтаварыства), Сяргей Караленка (“Вітконпрадукт”), Дзмітрый Бохан (камунгас), Мікалай Міляк (лясгас).  Мужчынам ад 23 да 34 гадоў, ёсць  жанатыя і халастыя. Сяргея Караленку дома чакае дачка, а Дзмітрыя Бохана – два сыны.
На мінулым тыдні карэспандэнт раённай газеты разам з намеснікам ваеннага камісара падпалкоўнікам Ігарам Аляксеевым накіраваўся ў Заслонава, каб паглядзець як служыцца нашым землякам. На палігоне сустрэў начальнік збораў палкоўнік Андрэй Панцюхоў: “У 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе зборы праходзяць ваеннаабавязаныя з Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Зараз перавучваюцца на разведчыкаў 50 віцяблян і 50 магіляўчан”.
Начальнік збораў адзначыў, што праблем з “партызанамі” (так з гумарам  называюць ваеннаабавязаных, якія праходзяць зборы) няма, яны дысцыплінаваныя, адказныя.
Шумілінскія “тэрытарыялы” сустрэлі гасцей цудоўным настроем і баявым духам:  “Успамінаем тэрміновую службу і вучымся хадзіць у  разведку”. Хутка размова перацякла ў лёгкі гумарыстычны тон. І вось мы даведаліся, што падчас збораў, напрыклад, у Вадзіма Капіча быў дзень нараджэння, і віншаванні ён прымаў не толькі ад саслужыўцаў, а і ад кіраўніцтва брыгады. Часам здавалася, што мужчыны не на зборах, а ў санаторыі адпачываюць. А што да фізічных нагрузак, то з яны з гумарам адказалі: “Хоць дадому вернемся без жыватоў…”.
Пасля размовы ваеннаабавязаныя разышліся па сваіх узводах, каб працягнуць стрэльбы. Як трымаць аўтамат Калашнікава і гранату РГД-5 – гэта ў іх засталося пасля тэрміновай службы, а вось да пісталета ТТ падыходзілі з асцярогай – з яго стралялі ўпершыню. Трэба было бачыць, як гарэлі вочы ў мужчын падчас стральбы, як шчыра радаваліся ці засмучаліся вынікамі стральбы.
У апошні тыдзень збораў тэарэтычная частка завершана, і засталася практыка. Марш-кідкі, засады, затрыманне праціўніка, ліквідацыя дыверсійна-разведвальнай групы. І ўсё гэта ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых…

*   *   *
Тэрытарыяльная абарона з’яўляецца важнейшай часткай мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца згодна з Планам абароны краіны. У Беларусі створана сем зон, якія тэрытарыяльна адпавядаюць абласцям і гораду Мінску.
Адна з асноўных мэт тэрытарыяльнай абароны – гэта наданне абароне дзяржавы ўсенароднага характару. Непасрэдна ў нашым раёне найбольш важнымі задачамі тэрытарыяльнай абароны з’яўляюцца:
– ахова і абарона аб’ектаў;
– барацьба з дэсантна-дыверсійнымі сіламі і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі;
– удзел у ліквідацыі наступстваў выкарыстання праціўнікам зброі;
– удзел у выкананні мерапрыемстваў па забеспячэнні рэжыму ваеннага становішча і іншых мерапрыемстваў па абароне Рэспублікі Беларусь.
Для выканання задач могуць фарміруюцца сілы тэрытарыяльнай абароны, да якіх адносяцца тэрытарыяльныя войскі раёна, тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў, ваенізаваная ахова прадпрыемстваў.
Агульнае кіраўніцтва тэрытарыяльнай абаронай ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь – Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. Непасрэднае кіраўніцтва ў раёне ажыццяўляе старшыня райвыканкама.
“Тэрытарыялы” выконваюць баявыя задачы на той мясцовасці, дзе яны пражываюць.
“У нашым раёне пастаянна праводзяцца мерапрыемствы па тэрытарыяльнай абароне. Пераважна гэта заняткі са службовымі асобамі, якія адказваюць за пытанні тэрытарыяльнай абароны. Важнае месца займаюць і зборы ваеннаабавязаных, на якіх атрымліваюць неабходныя ваенныя спецыяльнасці. Так, летась  12 шумілінцаў прайшлі зборы, чатыры з якіх  атрымалі спецыяльнасць  “сапёр“ для тэрытарыяльных войск, – падсумоўвае Алег Чарняўскі. – Беларусь – мірная краіна. І дай Бог, каб нам не спатрэбілася ўсё тое, да чаго рыхтуецца тэрытарыяльная абарона раёна”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *